Сапраўдны юбілей Аркадзя Смоліча

smolich

Каталіцкая Царква ўвяла, пазычыўшы само паняцце ў юдэяў, юбілейныя гады. Спачатку іх адзначалі праз кожныя 33 гады (гады зямнога жыцця Ісуса з Назарэту), а потым была ўведзена новая норма: адзначаць юбілейныя гады праз кожныя 25 год.

Сёлета 29 верасня сапраўдны юбілей – 125-годдзе Аркадзя Смоліча.

Старшыня нелегальнай Мінскай гарадской арганізацыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, сябар Максіма Багдановіча, ініцыятар правядзення З’езду беларускіх арганізацый 25–26 сакавіка 1917 г., аўтар праграмы БСГ 1917 г., намеснік старшыні, а потым і фактычны кіраўнік партыі, аўтар даклада на гістарычным пасяджэнні Рады БНР 24–25 сакавіка 1918 г., народны сакратар асветы ў першым урадзе БНР, віцэ-прэм’ер у кабінеце Антона Луцкевіча, аўтар папулярнага выкладу праграмы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, першы старшыня Таварыства беларускай школы ў Заходняй Беларусі, першы беларускі прафесар геаграфіі ў БДУ, намеснік старшыні Інстытута беларускай культуры (ІБК) і рэдактар яго шматлікіх выданняў, заснавальнік краязнаўчага руху ў БССР і першы кіраўнік Цэнтральнага Бюро краязнаўства, чалавек, які (разам з Язэпам Дылам) паспяхова распрацаваў праект адміністрацыйнага падзелу БССР, ініцыятар выдання часопісаў “Плуг” і “Наш Край”, арганізатар першай глебазнаўчай канферэнцыі ў БССР, ініцыятар стварэння Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі (прапаноўваў стварыць таксама Інстытут прамысловасці, але ідэя не атрымала падтрымку кіраўнікоў рэспублікі), адзін з распрацоўшчыкаў праекту статута Беларускай акадэміі навук…

І разам з тым аўтар класічнай “Геаграфіі Беларусі” (1919, 1922, 1923, 1993) ды яе “рэінкарнацыі” – не менш ёмістага “Кароткага курсу геаграфіі Беларусі” (1925), кніг, якія ў рэшце рэшт былі забаронены ў чатырох краінах: у Латвіі, Літве, Польшчы і Савецкім Саюзе. І аўтар прац у галіне ландшафтазнаўства, картаграфіі, эканамічнай геаграфіі, эканомікі ды арганізацыі сельскай гаспадаркі. Паказальны факт: у 2001 г. акадэмік Пётр Нікіценка і гісторык эканамічнай думкі Беларусі Віталь Бусько выдалі кніжку пра першых акадэмікаў-эканамістаў нашай краіны. І хоць Смоліч не быў уганараваны званнем правадзейнага члена БАН, аўтары палічылі патрэбным змясціць у кніжцы асобны артыкул пра яго: заслужыў і як навуковец, і як арганізатар навукі.

У 1930-м настаў Смолічаў зорны час. 9 мая яго працы “Размяшчэнне насельніцтва на тэрыторыі БССР” і “Сельскагаспадарчыя раёны Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі” былі адзначаны Малым залатым медалём Дзяржаўнага рускага геаграфічнага таварыства. У 1930-м пачынаецца ўзыходжанне Смоліча на галгофу. Ліст старшыні Геаграфічнага таварыства Юлія Шакальскага з паведамленнем пра ўзнагароду прыйшоў у БДУ 24 чэрвеня, а 27 чэрвеня прафесара Смоліча арыштавалі.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

сідарэвіч

Беларускі гісторык, палітолаг, філосаф. Адзін з ініцыятараў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі. Старшыня БСДП у 2010-2011 гадах.

15 верасня 2016 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі