Сэксуальная несвабода

ce4dd8cd4ced65a285b450d90f8cb03e

У сучасным свеце прынята лічыць, што сэксуальная свабода, выказаная ў прынцыпе, што ў сэксуальным жыцці можна паводзіць сябе ўсяк, як толькі захочацца чалавеку — гэта вялікае дасягненне цывілізацыі.

У тэорыі то, можа, гэта і выглядае прыгожа. Людзям, можа, здаецца, што трэба вызваліць сэксуальнасць ад сацыяльных, эканамічных, рэлігійных уплываў.

Але справа, насамрэч, такая, што такая «вызваленая» сэксуальнасць не становіцца свабоднай. Сэксуальнасць, а разам з ёй і чалавечая асоба цалкам, рызыкуе трапіць у цяжкую няволю неўпарадкаваных інстынктаў, жаданняў, эмоцый, а часта і ўплыву моманту, калі чалавек, зацемнены алкаголем, ці эмоцыямі, ці яшчэ чым — робіць найдурнейшыя ў жыцці ўчынкі.

Таму сэксуальнаму інстынкту, каб ён не стаў разбуральным, не разнёс самога чалавека, а заадно і ягоных бліжніх, неабходныя рамкі. І гэтыя рамкі ўстаноўленыя хрысціянскай мараллю і традыцыйнай мараллю хрысціянскіх грамадстваў.

Дарэчы, у Божым плане сэксуальнасць неразрыўна звязана з сям’ёй і з нараджэннем дзяцей. Бо дзеці, як вядома, нараджаюцца ў выніку сэксу, і мусяць выхоўвацца і гадавацца ў сям’і, дзе ёсць і бацька, і маці, якія звязаныя паміж сабой сужэнскім саюзам. Тэарэтыкі і практыкі «сэксуальнай свабоды» ўсяляк стараюцца гэтую сувязь сэксуальнасці з сям’ёй і нараджэннем дзяцей разарваць.

А вось вам і прыклад, ілюстрацыя. Адна мая сяброўка нядаўна апублікавала на сваёй старонцы шчыры расповед пра сваё жыццё. Калі ёй было 11 год, ейны бацька звязаўся з каханкай — адной, другой, трэцяй. З маці развёўся, але застаўся жыць у адной кватэры (падзялілі кватэру). Пакуль гэта ўсё безгалоўе адбывалася, псіхалагічная атмасфера ў хаце была невыноснай.

Сяброўка дужа цяжка гэта перанесла, зарабіла на гэтым фоне разлад псіхікі і навязлівыя думкі аб самагубстве.

Дык што было прычынай пакутаў маёй сяброўкі? Не майце ілюзій: «сэксуальная свабода», яна самая.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

шыталь

журналіст, грамадскі актывіст

23 верасня 2018 | Блогі | Тэгі:



Блогі