Семдзесят дзве гадзіны з Паўлам

01Серада:

Пасля паўтара гады трываючай працы надыходзіць вымараны час: у поўдзень у аэрапорце Вацлава Гавела ў Празе прызямліўся мой дарагі сябра Павал Севярынец. Перад намі тры напружаныя дні, на працягу якіх нас чакае шэраг афіцыйных візітаў, паўафіцыйных абедаў і вячэраў ды шматлікія інтэрв’ю для розных СМІ. І гэта ўсё з нагоды прэзентацыі выданя майго перакладу Паўлавай кнігі “Люблю Беларусь” на чэшскую мову. Разам са мной у аэрапорце чакае Марэк Ганнібал з Еўрапарламента, які падрыхтаваў і арганізаваў ўвесь побыт Паўла ў Празе.

З аэрапорту мы едзем у гатэль, дзе Паўла не чакае адпачынак. Адразу пачынаецца праграма: прыходзіць рэдактар Чэшскай прэс-службы Тэрэза Шупава і Павел дае сваё першае інтэрв’ю. Сітуацыя ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка і правы чалавека, уплыў украінскіх падзеяў на Беларусь, стан апазіцыі ў Беларусі, чаму апазіцыі не атрымоўваецца аб’яднацца, як беларускія дэмакратычныя сілы ўспрымаюць падтрымку з боку ЕС і Чэшскай рэспублікі, як мы можам дапамагчы… Пытанні і адказы, якія ў толькі невялікім змяненні будуць на працягу бліжэйшых сямідзесяці дзвюх гадзін яшчэ шмат разоў паўтарацца. Як толькі скончым першае інтэрв’ю, проста працягваем у беларускую рэдакцыю “Свабоды”. Тут да нас далучаецца Павел Фішар, дыпламат і былы амбасадар Чэхіі ў Францыі. У Свабодзе мы правядзем наступныя амаль чатыры гадзіны, і гэта адно з нешматлікіх месцаў, дзе я не мушу перакладаць. Павал дыстанцыйна праз скайп бярэ ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Аляхновіча, акрамя таго абодва маем прамы ўваход у жывы эфір, дзе мы гаворым аб перакладзе кнігі “Люблю Беларусь” (фота 1). Пасля трансляцыі ідзем на нефармальную вячэру з Паўлам Фішарам і каля 21-ай гадзіны надыходзіць кульмінацыйны момант сённяшнего дня. У Доме нацыянальных меншасцяў нарэшце трымаем у руках вынік нашай працы: на стале перад намі ляжаць першыя 150 кніг з агульнай колькасці 600 штук, якія толькі што прывезлі з друкарні. Радасць і ўзбуджэнне, якое мы адчуваем, можа зразумець толькі той, хто калі-небудзь сам выдаў сваю кнігу. Марэк з энтузіязмам фатаграфуе нашы ззяючыя твары (фота 2). Кнігі вельмі прыгожыя! На двухгадзінную прагулку позна-начной старой Прагай мы з Паўлам ужо ідзем самі.

Чацвер:

Раніцай на станцыі метро мы сустракаемся са Штэпанам Гаўлічакам, рэдактарам “Каталіцкага штотыднёвіка” ды хрысціянскага “Радыё Проглас”. Разам ідзем да будынка парламента. У прахадной мы ўпершыню, але далёка не ў апошні раз у гэты дзень, падвяргаемся кантролю і праверцы багажу. Пакуль мы робім інтэрв’ю (фота 3), Марэк наладжвае праграму для наступных гадзін. Першую афіцыйную сустрэчу мы маем з Пятрам Газдзікам, віцэ-старшынём Палаты дэпутатаў, членам парламента ад партыі ТОП 09 (фота 4). У канцы размовы пра Беларусь мы перададзім кнігу і пан віцэ-старшыня вядзе нас да галерэі палаты парламента, каб на нейкі час паглядзець працу дэпутатаў (фота 5). І праз кароткі час мы ўжо стаім ў фае кабінета старшыні партыі TOP 09, князя Карэла Шварцэнберга (фота 6). Былы міністр замежных спраў і кандыдат у прэзідэнты дэманструе выключнае веданне як гістарычных, так і сучасных беларускіх рэаліяў. Наступнай ў чарзе з’яўляецца сустрэча з еўрадэпутатам Лудэкам Нідэрмаерам (фота 7). Затым пан Ярамір Шцеціна бярэ нас з візітам у Валенштэйнскі палац, у якім знаходзіцца Сенат. Тут праходзім яшчэ адно інтэрв’ю, на гэты раз з Янам Калалам для “Echo 24” (фота 8), а затым у нас ёсць унікальная магчымасць убачыць пышныя памяшканні палаца (фота 9). Павал нават можа паспрабаваць, як тут сядзіцца чэшскім сенатарам (фота 10). У другой палове дня мы вяртаемся ў парламент і працягваем праграму сустрэчай з віцэ-старшынём і экспертам па знешняй палітыцы ТОП 09 Марэкам Жанішакам (фота 11), далей з Андрэем Бэнешыкам (фота 12), дэпутатам ад партыі ХДС-ЧНП (KDU-ČSL), і, нарэшце, з старшынём ХДС-ЧНП Паўлам Белабрадакам (фота 13). Калі ўсе папярэднія сустрэчы можна было б ахарактарызаваць словамі “цёплая і сардэчная”, для сустрэчы з Паўлам Белабрадакам найлепш адпавядаў бы выраз “канструктыўная і прагматычная”. Па дарозе з парламента робім яшчэ кароткі прыпынак у нядаўна адкрытым офісе ХДС-ЧНП на Карлавай плошчы, дзе знаёмімся з еўрадэпутатам за ХДС-ЧНП Павелам Свобадай.

Увечары Павал дае яшчэ адно інтэрв’ю журналістам з газеты “Млада фронта Днес” (на гэты раз рэдактар вядзе размову на рускай мове, а я ў якасці перакладчыка не патрэбна). А затым ўжо прыходзіць асноўны момант сённяшнего дня. У ўрачыстай прэзентацыі чэшскага выдання кнігі “Люблю Беларусь” прынялі ўдзел каля 70 чалавек (фота 14), у тым ліку спонсараў, кансультантаў, прадстаўнікоў беларускай меншасці і чэшскай грамадскасці. У рамках праграмы выступілі дырэктар Дома нацыянальных меншасцяў Якуб Шцедрань (фота 15), старшыня партыі TOP 09 Карэл Шварцэнберг, дэпутаты Еўрапарламента Павел Свобада (фота 16) ды Ярамір Шцеціна (фота 17), аўтар кнігі Павал Севярынец і перакладчыца Святлана Вранава (фота 18–20). Падчас сціплага раўта аўтар падпісваў кнігі і адказваў на шэраг пытанняў. Уся сустрэча была вельмі прыемнай і сяброўскай кульмінацыяй напружанага дня.

Пятніца:

Першая сённяшняя сустрэча праходзіць у пышным Арцыбіскупскім палацы на Градчанскай плошчы. Паўгадзіны свайго часу прысвяціў нам былы дысідэнт і палітвязень, дапаможны біскуп пражскі, мансеньёр Вацлаў Малы (фота 21). З Арцыбіскупскага палаца перамяшчаемся ў недалёкае Міністэрства замежных спраў, дзе чакае нас апошняя афіцыйная сустрэча. Прымае нас Радэк Пех, які да нядаўняга часу працаваў паслом Чэхіі ў Вільні, дзе ён часта сустракаўся з беларускімі студэнтамі. Вельмі добра разумее Паўлавую беларускую мову і выдатна арыентуецца ў беларускім пытанні. Пасля завяршэння гэтага візіту мы выкарыстоўваем унікальную магчымасць пракаціцца на ліфце бесперапыннага дзеяння (па-чэшску “патэрностэр”) і потым ужо спяшаемся павітацца з Францішкам Скарынам, які стаіць у невялікім парку побач (фота 22). Затым нас чакае апошні абед з Ярамірам Шцецінам на Малай Стране. Пасля абеду мы развітваемся з спадарам Шцецінам і таксама з Марэкам Ганнібалам, які быў з намі ўвес час. Прыходзіць рэдактар газеты “Народныя навіны” Кацярына Шафарыкава і запісвае амаль гадзіннае інтэрв’ю. На гэтым мы завяршаем нашу афіцыйную праграму, аднак рушыць услед праграма неафіцыйная. Пасля кароткай прагулкі на Пражскім Граду маем сустрэчу з чэшскім евангельскім багасловам і публіцыстам, ганаровым старэйшым царквы “Хрысціянская супольнасць” Данам Драпалам. Затым мы ўжо перасоўваемся ў беларускую клубоўню, дзе нас чакае другая прэзентацыя для прыблізна дваццаці пяці беларусаў, двух чэхаў і аднага украінца. Акрама кнігі “Люблю Беларусь” тут Павел распавядае таксама пра сваю апошнюю пакуль кнігу “Беларуская глыбіня”. Цёплая і сапраўды нефармальная атмасфера сустрэчы з’яўляецца прыемнай кропкай ў патрабавальнай праграме (фота 23–26). Начная прагулка па Вышаградзе і Альбертаве з’яўляецца практычным развітаннем з Прагай.

Субота:

Раніцай мы сустракаемся ў гатэлі. Я запісваю з Паўлам апошняе інтэрв’ю, на гэты раз для часопіса “Жыццё веры”. Затым ужо едзем у аэрапорт, дзе мы развітваемся роўна пасля сямідзесяці дзвюх гадзін Паўлавага візіту ў Празе.

Мы правялі разам выдатны час, сустрэлі вельмі шмат цікавых выбітных асоб, прынеслі інфармацыю аб сітуацыі ў Беларусі, прадставілі дзве Паўлавыя кнігі, наведалі прыгожыя месцы, куды чалавеку трапіць не так проста, шпацыруючы па Празе, мы прайшлі больш за 30 км, і нарэшце, пасля многіх гадоў сяброўства на адлегласці, мы ўрэшце маглі трохі пагаварыць. Гэта быў рэдкі і прыгожы час, які я яшчэ доўга буду ўспамінаць і за які я ўдзячна Марэку Ганнібалу ды ўсім іншым, хто дапамог яго арганізаваць.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

vranova

Хрысціянская верніца і аматарка беларускай мовы з Чэхіі, арнітолаг. Была ў Беларусі двойчы: у 2008 і 2010 гадах, пасля чаго патрапіць у краіну ў яе не атрымлівалася. Вывучыла беларускую мову самастойна, каб паказаць беларусам, што магчыма. Пераклала з беларускай на чэскую мову гімн «Магутны Божа» Наталлі Арсенневай, кнігі «Люблю Беларусь» Паўла Севярынца і «Залаты век Беларусі» Станіслава Акінчыца.

16 снежня 2014 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі