Шарлі Эбдо: “Плачце з тымі, хто плача”

8Уся Еўропа сёння размаўляе пра тэрарыстычны напад на рэдакцыю францускага Шарлі Эбдо. Слоган “Je suis Charlie” стаўся дэвізам свабоды і дэмакратыі, хоць дзеля справядлівасці трэба дадаць, што “Je ne suis pas Charlie” (Я не Шарлі — аўт.) таксама павольна пачаў свой распаўсюд. Паспрабуем прыгледзецца да месца каталіцкага Касцёла ў гэтым жудасным кантэксце.

Шарлі Эбдо – скрайне левы французскі сатырычны часопіс. Чальцы рэдакцыі неаднаразова казалі пра тое, што акрамя палітыкаў Касцёл з’яўляецца адным з іх галоўных аб’ектаў. Забіты 7 студзеня Люз (Рэнальд Лузьер) аднойчы растлумачыў, што яны крытыкуюць “хутчэй католікаў чым мусульман і хутчэй клер, які з’яўляецца сапраўдным прадстаўніком гэтага адчужэння, чым Бога”. Нават забітыя 7 студзеня мастакі раней казалі пра тое, што смяяцца з католікаў найбольш проста, бо яны – большасць у Францыі. Пазіцыя часопіса зразумелая: атэізм, антыклерыкалізм, падтрымка аднаполых шлюбаў і рэшта набору сённяшняга прадстаўніка левых ідэалогій. Кожны мае права на такі выбар. Аднак формы выражэння гэтых поглядаў шакуюць. “Езус – гей”, выява св. Духа ў дупе Езуса, папа з прэзерватывам замест Найсвяцейшага Сакраманту – звычайныя метады тыднёвіка.

7 студзеня папа Францішак адправіў св. Імшу за ахвяраў тэрору ў Парыжы. Святы Айцец заклікаў супрацьстаяць “любым формам засілля, фізічнага і маральнага”. “Гэта (тэрор супраць Шарлі Эбдо – аўт.)закранае свабоду выказвання меркаванняў, якая з’яўляецца асноўным элементам нашага грамадства”, — падкрэслілі біскупы Францыі ў сваім лісце . А. Сіро Бэнэдэціні, віцэ-дырэктар прэсавага бюро Святога Пасаду, таксама асудзіў “спакушэнне на свабоду прэсы таксама важнай як і рэлігійнай свабоды”. Каталіцкія іерархі гуртам спачувалі сем’ям і блізкім забітых. Не было заўважана ніводнага афіцыйнага ліста, у якім хаця б згадваліся былыя абразы. Гэта вельмі цешыць, бо Касцёл “плача з тымі, хто плача”. Аднак асуджэнне гэтага акту тэрору як атакі на “свабоду выказвання і меркавання” здзіўляе.

Ці можна назваць вольнасцю слова метады Шарлі Эбдо? Ці малюнкі Езуса з фаласам у руцэ ці ў туалетнай ракавіне – свабода меркавання? Малітва папы Францішка 7 студзеня ўскосна кажа пра гэта: “молімся за ахвяраў фізічнага і маральнага тэрору”. Магчыма хрысціянам варта ў гэты цяжкі момант начапіць на сябе гэтае “Je suis Charlie”, дзеля чуласці і спачування сем’ям забітых. Не дзеля падтрымкі свабоды слова, бо гэтакая свабода – зусім не свабода. Бо калі Шарлі не прапусціў ніводнай хібы Касцёла, дык мы мусім прамаўчаць. Асабліва цяпер.

 

Дадаю адмысловую падборку вокладак тыднёвіка з каментарыямі (Рэдакцыя КРЫНІЦА.INFO  не лічыць вартым публікаваць выявы карыкатур. Іх апісання будзе дастаткова для агульнага разумення “мастацкіх вартасцяў” карыкатур Charlie Hebdo).

1. “Езус быў геем!”. Подпіс знізу: “Божа! Благаславі гэты фалас, які я збіраюся з’есці!”. Так часопіс адрэагаваў на чарговую крытыку Касцёлам аднаполых шлюбаў. Урывак з газеты: “Што кажа Евангелле? Ян быў “любімым апосталам Хрыста”. Але ён таксама любіў іншых апосталаў сваёй боскай любоўю. Гэтым разам больш. Пасля вячэры Хрыстос ідзе спаць. І Ян кажа (13,23-25), што гэты ж любімы апостал “спачываў на грудзях Езуса”.

2. Рэакцыя часопіса на выражаны супраціў арцыбіскупа Парыжа, кард. Андрэ Вэн-Труа (André-Vingt Trois), аднаполым шлюбам. “Эмінэнцыя Андрэ Вэн-Труа мае трох таткаў”.

3. Адказ часопіса на навіны аб падазрэнні біскупа ў педафіліі. Надпіс у левым верхнім куце: “Споведзь Іерарха-педафіла”. Папа Бенэдыкт адказвае: “Рабі фільмы, як Паланскі”.

4. Католікі пратэставалі перад тэатрам супраць пастаноўкі “Пікнік Галгофа” у адным з парыжскіх тэатраў. Тыднёвік зрабіў карыкатуру апошняй вячэры, падчас якой Езус сядзіць за сталом, аточаны дэманстрантамі з плакатамі св. Духа Найсвяцейшага Сэрца Езуса, і кліча: “За стол”. Подпіс знізу “Вячэра прыдуркаў”.

5. “Бог не існуе”, “Куча гаўна, я гэтага і баяўся”.

6. Рэакцыя на прапановы заключэння ў Францыі міжрэлігійнага пакту з мэтай барацьбы супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў. Надпіс зверху: “Святы рэлігійны саюз”. На плакаце: “Далоў гомасэксуалістаў!”

7. Папа замест Найсвяцейшага Сакраманту трымае прэзерватыў і кажа: “Гэта цела маё”. Подпіс: “Папа ідзе за далёка”.

8. Надпіс “Трэба зачыніць Шарлі Эбдо!”. Закрэсленае і падпісанае слова азначае “згвалтаваць” – “Трэба згвалтаваць Шарлі Эбдо”. Нумар з’явіўся ў лютым 2007 г. перад судовым працэс некалькіх мусульманскіх арганізацый супраць карыкатур Шарлі на Прарока. У сакавіку францускі суд пастанавіў: “рэлігіі могуць быць аб’ектамі крытыкі і сатыры”.

9. Калі стала вядома пра арышт у Ватыкане камердынэра абвінавачанага ў публікацыі дакументаў з папскага стала, тыднёвік абвесціў: “Крот у Ватыкане!”. На малюнку з’явілася карыкатура папы Бенэдыкта 16, у якога з-пад сутаны выходзіць крот, з подпісам: “Гэта для чаргавання з міністрантамі”.

10. Пасля рашэння папы Бенэдыкта аб пераходзе “на пенсію” на вокладцы з’явілася яго карыкатура разам з закаханым ватыканскім швайцарцам з подпісам: “Нарэшце вольныя”.

11. Галоўная старонка тыднёвіка ў адказ на прапановы зрабіць нядзелю выходным днём. “Кастарама зачыненая. Я абавязаны паслаць цябе нафік”.

12. Нумар перад Вербнай Нядзеляй. “На наступным тыдні я пакажу вам фокус з Уваскрашэннем”.

13. Калі стала вядома, што ў Опус Дэі нелегальна працавалі людзі, гэта стала прычынай раследванню і выкрыццю фінансавых аперацый па-за прававым полем. Выкрыццё. Пра грошы Опус Дэі. “Гэта цяжка быць фінансаваным дурнямі”.

14. Падчас акцыі збору подпісаў за права выстаўлення батлеек у публічных месцах у Францыі. “Так батлейкам у публічных месцах!”

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

10 студзеня 2015 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі