Шчасце пакінутых

Untitled

36 Аб дні-ж тым і гадзіне ніхто ня ведае, навет і ангелы нябесныя, а толькі Ацец Мой адзін. 37 Але, як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага. 38 Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся й ішлі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у карабель, 39 і ня думалі, пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх: так будзе і ў прыход Сына Чалавечага. 40 Тады будуць у полі двое: адзін бярэцца, а другі пакідаецца. 41 Дзьве мелючыя ў жорнах: адна бярэцца, а другая пакідаецца. 42 Дык ня сьпіце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе. (Мацей 24: 36-42)

У вершах 40 і 41 гаворыцца: двое ў полі, адзін бярэцца, а другі пакідаецца. Тое ж самае з мелячымі ў жорнах: адна возьмецца, другая пакінецца.

Памятаю, мяне вучылі, што ў прыйсце Хрыста, адбудзецца таемнае выкраданне Царквы, і гэтыя вершы былі ключавымі ў выкладанні такога вучэння. Потым нехта напісаў мастацкую кнігу, па ёй нават знялі кіно з аднайменнай назвай «Пакінутыя». Дык вось, там паказвалі, што падчас выкрадання пачнуць знікаць людзі. Да прыкладу, двое сядзяць побач у крэслах самалёта, раптам адзін з іх знікае, і застаецца толькі адзенне. Пачынаюцца авіякатастрофы, бо пілоты-хрысціяне скрадзеныя, і самалётам няма каму кіраваць.

Тых жа, хто застаўся, чакаюць цяжкія часы. Яны настолькі жудасныя, што лепш бы нікому ў такі час не жыць. Але бяда ў тым, што некаторыя вернікі аказваюцца пакінутымі.

Я назваў сваю пропаведзь «Шчасце пакінутых» і хачу паказаць у ёй, што дадзены тэкст сцвярджае менавіта так.

Пакінутыя былі прабачаныя

Чытаем наш сённяшні тэкст. Нам трэба разабрацца, хто куды бярэцца і хто дзе пакідаецца на самай справе. Звернем увагу, што тут выкарыстоўваецца гісторыя з Ноем, як прататып будучых падзей Прышэсця Хрыста.

Ісус кажа, што жылі ў дні Ноя людзі, якія зусім не былі гатовыя да катастрофы. Яны займаліся звычайнымі справамі, жыццё цякло сваёй чаргой: будні і святы, праца і вечарынкі, і раптам прыйшла катастрофа.

У грэцкай мове гэта цікава гучыць: «потым прыйшоў катаклізм (патоп, гібель, знішчэнне) і забраў (панёс) усіх».

Вы ведаеце працяг гэтай гісторыі? Ці ўсіх забраў і панёс патоп? Біблія кажа, што восем душ былі пакінутыя ім некранутымі (гэта Ной і яго сям’я), якія паслухаліся Бога і па Яго загадзе пабудавалі каўчэг. У ім былі выратаваны тады і жывёлы, якіх па пары ад кожнага віду, Ной па Божым загадзе ўзяў на каўчэг.

І вось далей мы чытаем, што ў Прышэсце Ісуса, будзе ўсё адбывацца падобным чынам. Людзі будуць займацца паўсядзённымі справамі і… раптам, адбудзецца прышэсце, Гасподзь вернецца на зямлю. І калі гэта адбудзецца, то зноў адбудзецца забіранне. Трэба сказаць, што ў грэцкім гэта два розныя словы «забіраць». Аднак, у прышэсце Хрыста адны будуць забраныя ў сэнсе: заспетыя і захопленыя, падобна водам патопу. Для іх гэты дзень з’яўляецца днём бедства, бо суд Божы чакае іх.

І вось цяпер я кажу, што, шчаслівыя пакінутыя. У грэцкай мове, гэта слова мае значэнне «адпусціць на свабоду, дараваць, апраўдаць у юрыдычным сэнсе».

У дадзеным выпадку пакінутыя гэта тыя, каго патоп не павёў за сабой. Хто застаўся ў бяспецы ў каўчэгу, і каму Дзень Гасподні — гэта не дзень гібелі і суда, а дзень апраўдання і вызвалення.

Яны ўмелі думаць

У чым прычына бяды тых, хто быў забраны патопам? Яны не думалі — кажа нам Пісанне. Пра што яны не думалі? У грэцкай мове гэтае слова мае паходжанне ад слова «ведаць», гэта значыць яны не ведалі пра прышэсце? Але апостал Пётр сцвярджае, што Дух Хрыста прапаведаваў гэтым людзям вуснамі Ноя, яны ведалі.

Дадзенае грэцкае слова кажа пра веды, звязаныя з вопытам. Іншымі словамі ў іх не было падобнага вопыту раней, і калі Ной прапаведаваў ім пра патоп, то яны не верылі яму, бо раней не было ніколі ніякіх патопаў. Падобным чынам, калі людзі чуюць пра прыход Хрыста, яны не хочуць у гэта верыць, спасылаючыся на адсутнасць падобнага вопыту ў гісторыі чалавецтва.

Але тут патрэбны не досвед, а вера. Шчаслівыя пакінутыя, бо былі не толькі прабачаныя, але ім была дадзена вера. Іншымі словамі, у адрозненне ад тых, хто не ведаў (не меў вопыту) пра Хрыста, гэтым людзям было дадзена такое веданне праз веру. Вераю яны прынялі Хрыста і паверылі ў яго выратавальную смерць і ўваскрасенне. Яны паверылі і чакалі Яго другога прышэсця.

Прачытаны ўрывак Пісання рэзюмуе гісторыю і параўнальнае павучанне словамі: «дык вось, чувайце, бо не ведаеце часу Прышэсця». Безумоўна, мы не ведаем канкрэтнага часу, ні года, ні дня, ні гадзіны, калі гэта адбудзецца. Увесь свет і мы з вамі занятыя штодзённымі паўсядзённымі справамі. Застаецца толькі пытанне да кожнага з нас. У ліку каго будзеш ты? У ліку тых, каго захапіў і забраў патоп, бо яны «ніколі не бачылі ніякіх прыходаў і ўваскрасенняў мёртвых»? Ці ўсё ж ты жывеш у веры, а таму чакаеш спазнаць шчасце разам з пакінутымі, якія паверылі ў Хрыста Ісуса і апраўданыя Ім?

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

удальёёў

Сяржук Удальёў. Пастар Эвангелічнай рэфармацкай царквы (Мінска-Магілёўская дыяцэзія), прэзбітэрыя святога Ансэльма, CREC. Магістр багаслоўя. Нарадзіўся 5 ліпеня 1976 года.

06 лютага 2017 | Блогі | Тэгі:



Блогі