Што абражае мае рэлігійныя пачуцці

1508756840

Услед за суседняй Расіяй у беларускі грамадска-палітычны ўжытак ўсё часцей ўваходзіць тэрмін «абраза рэлігійных пачуццяў вернікаў». А вернікі, як паказвае практыка, вельмі любяць абражацца. То ім танцы не падабаюцца, то фільмы, то майкі, то шмат чаго яшчэ…

І ў той час, як Ісус Хрыстос маліўся на крыжы за крыжуючых Яго, бо «не ведаюць, што робяць» (Лк. 23:34), сённяшнія вернікі не проста абражаюцца, але і патрабуюць пакараць тых, хто іх «абразіў».

І гэта пры тым, што няма якога-небудзь прыбора, які мог бы вымяраць, наколькі абураныя рэлігійныя пачуцці. Які б паказаў, дзе тая мяжа, калі наш праведны гнеў дазволіць нам крычаць «укрыжуй, укрыжуй» (Ян. 19:6). Хоць мы ўсе выдатна ведаем, што «Бог паганьбёны не бывае» (Гал. 6:7), і калі Ён захоча пакараць чалавека, дык заўсёды знойдзе для гэтага магчымасць і без нашай дапамогі.

Што тычыцца маіх рэлігійных пачуццяў, дык ёсць дзве прычыны для іх абразы. Першая — гэта мае ўласныя грахі. Бо «ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і праз кішку выходзіць, а што выходзіць з вуснаў — з сэрца выходзіць — і гэта апаганьвае чалавека» (Мц. 15:17-18). Так што, ніякі фільм, майка або танцы не абражаюць мяне — толькі я сам сваімі “думкай, словам, учынкам і занядбаннем”.

Па-другое, мае рэлігійныя пачуцці абражаюць мае сабраты па веры.

Тыя, хто апраўдвае практыку біцця дзяцей, хоць усе мы ведаем, што « а хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жарон млынскі на шыю яго і ўтапілі яго ў глыбіні марской.» (Мц. 18:6). Я магу зразумець, што чалавек, бацька ці маці, можа не стрымацца, але я не магу зразумець, як гэта можна апраўдваць. Як можна апраўдваць збіццё таго, хто створаны на вобраз і падабенства Божае (Быц. 1:26)?

«Мы караем дзяцей, бо Бог карае людзей», — кажуць яны. «Збі дзіця — і адчуй сябе Богам», — так і хочацца парыраваць ім у адказ.

Усе мы ведаем прытчу пра блуднага сына (Лк. 15:11-32), але ці ўсё мы можам хоць на імгненне наблізіцца да бацькі з гэтай гісторыі? Што б мы адказалі, калі б нашы дзеці сказалі нам аддаць ім частку нашай кватэры, прапілі і прагулялі яе, спалі і елі са свіннямі, а потым вырашылі вярнуцца да нас? Як моцна б мы іх білі? Як далёка б мы іх паслалі? Многія б з нас выйшлі ім насустрач?

Мае рэлігійныя пачуцці абражаюць тыя хрысціяне, хто сцвярджае, што паганцаў/сектантаў/раскольнікаў/ерэтыкоў/атэістаў/грэшнікаў/распуснікаў (патрэбнае падкрэсліць) можна біць/гнаць/абражаць/высмейваць. Колькі паганскіх капішчаў разбурылі Хрыстос і апосталы? Колькі распуснікаў і распусніц яны пабілі камянямі (Ян. 8:3-11, Ян. 4:5-42)?

Не, мы не павінны быць бязвольнымі. І так, мы павінны абараняць сваю веру, жыццё ад зачацця і да смерці, дамагацца да сябе павагі і роўных правоў, але не прывілеяў і асаблівага статусу, нейкіх асаблівых пачуццяў: «а калі хто з вас хоча стаць галоўным, хай будзе ўсім слугой» (Мк. 10:43). Мы павінны распаўсюджваць нашу веру, каштоўнасці і перакананні (Мк. 16:15), але мы не павінны іх навязваць і да іх прымушаць (Мц. 10:14-15).

Хацелі б мы, каб хтосьці прымушаў нас да сваіх каштоўнасцяў і перакананняў, руйнаваў нашы храмы і дамы малітвы? Бо сказана: «усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабеце ім» (Мц. 07:12) і «палюбі блізкага твайго, як самога сябе» (Мц. 22:39).

«Любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі? І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і язычнікі? Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны», — кажа нам, веруючым у Яго, Хрыстос (Мц. 5:44-48).

Але чуем мы гэта? Ці гатовыя мы прыслухацца да Хрыста і ў гэтым?

Мае рэлігійныя пачуцці абражаюць і тыя пастыры, якія, падобна новазапаветным фарысеям, кажуць правільнае, «і не робяць» (Мц. 23:2). Пасля сустрэчы з якімі часам хочацца памыцца.

Вось што мяне абражае, але ніяк ні фільмы, майкі або капішчы ў якім-небудзь лесе.

«Сачы за сабой, будзь асцярожны!»

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

maksim

Журналіст, галоўны рэдактар КРЫНІЦА.INFO

15 траўня 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі