Што губіць дыктатараў?

absalom

Цар Давід: заснавальнік дзяржавы, законны цар, Божы памазанец, прыхільнік Закона, слуга народа. Увасабляе сабой справядлівасць, прабачэнне, мудрасць, ласку, сціпласць.

Прынц Авесалом: мяцежны сын, які захапіў уладу ў краіне, вялікі інтрыган і змоўшчык. Самазванец, ганарлівец, хітрун, хам і Братазабойца.

Авесалом, трэці сын цара Давіда, увайшоў у гісторыю тым, што яшчэ пры жыцці пабудаваў сабе, «цудоўнаму», помнік – вялізны мармуровы слуп. Але яшчэ большую вядомасць яму прынесла яго імпазантная знешнасць: знешняя мужчынская прывабнасць і велічная прычоска. Дарэчы, Авесалом штогод «пакідаў» ў цырульні каля 2,28 кг валасоў!!!

Авеесалом нарадзіўся ў царскай сям’і, і, натуральна, быў патэнцыйным спадчыннікам на трон бацькі. Асабістая трагедыя гэтага чалавека пачалася з глыбокай душэўнай траўмы, атрыманай ад блізкага чалавека – зводнага брата. Два гады ў яго душы спеў план помсты. Прыніжанае самалюбства і прага помсты зрабіла сваю справу: брат быў забіты. Затым былі 3 гады эміграцыі…

Праз 3 гады Авесалом вярнуўся. Але ён вярнуўся не для таго, каб прымірыцца з царом, з сям’ёй, з уласным народам, але з мэтай арганізацыі перавароту і захопу ўлады. Яго зброяй быў паклёп, ліслівасць, крывадушнасць, хлусня. І народ пайшоў за ім. Нават вядомыя дзяржаўныя дзеячы перайшлі на бок самазванца. Неўзабаве ён сам абвясціў сябе Народным Выбраннікам – пад захопленыя крыкі натоўпу і, затым, авалодаў сталіцай краіны.

Дзеючы цар Давід бег. Нацыянальная трагедыя! Улада, заснаваная на асабістых узаемаадносінах музыкі-цара Давіда і Усемагутнага Бога, церпіць фіяска! У сталіцы кіруе дыктатар, а ў Царскім Палацы – оргіі самазванца!

Потым адбылася вырашальная бітва. Бітва адбылася не на прасторным полі або ў пустэльным месцы, а ў лесе… Дзіўная, прыхаваная ад старонніх вачэй бітва. У выніку самазванец Авесалом застаўся вісець на поле бою, заблытаўшыся уласнай пышнасцю ў шатах вялікага дуба, а мяцежны народ і паплечнікі дыктатара разбегліся па хатах.

Два, безумоўна, вялікія лідары нацыі: Цар Давід і Прынц Авесалом. Адзін – Вялікі памазанік і Айцец нацыі, а другі – мяцежны дыктатар і зганьбены самазванец. Што ж адрознівала бацьку ад роднага сына? Дзе ляжыць грань паміж уладай «ад Бога» і ўладай «супраць Бога»?

Давід меў асабістыя ўзаемаадносіны з Богам, а Авесалом – не.

Сэрца Давіда было напоўнена любоўю і дараваннем, а сэрца Авэсалома – гонарам і паталагічнай смагай помсты.

Давід кіраваўся прынцыпамі Божых Законаў і справядлівасці, а Авесалома – уласнай аўтарытарнасцю і асабістай адданасцю.

Давід даражыў мудрымі парадамі, а Авесалом аддаваў перавагу ліслівасці.

Давід пачуццёвы, а Авесалом гатовы ганьбіць дом роднага бацькі.

Давід мацаваў дзяржаўнасць, а Авесалом – будаваў сабе помнік пры жыцці.

Часта атрыманая ў дзяцінстве глыбокая душэўная траўма з’яўляецца паваротным момантам у жыцці вялікіх людзей. Адсутнасць міласэрнасці, дыктат моцы і прага помсты ў адносінах і да сяброў і апанентаў – усё гэта прыкметы чалавека, які ўжо ідзе шляхам Авесалома. А аблудныя і ліслівыя дарадчыкі заўсёды знойдуць спосаб давесці такога чалавека да вялікага дуба з разгалістымі галінамі. Ну і “ўласнае хараство” паставіць, вядома, лагічную кропку ў падобнай гісторыі…

P.S. Народ галасаваў за Авесалома, паверыўшы хлусні і паклёпу. Падобна на тое, што за 3000 гадоў у галіне фарміравання грамадскай свядомасці нічога істотным чынам не памянялася… Дарэчы, жадаючых служыць дыктатарам заўсёды хапала з лішкам…

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

дзмітрук

Нарадзіўся 16 красавіка 1968 года, у шматдзетнай сям’і (7 дзяцей) у Кобрыне, па нацыянальнасці – беларус. Маці – лекар-стаматолаг, бацька – сталяр.
У 1985 году скончыў СШ № 7 Кобрына. Паступіў і паспяхова скончыў Віцебскае МУ па спецыяльнасці зубны тэхнік. Быў накіраваны па размеркаванні ў зону, пацярпелую ад аварыі на ЧАЭС (Столін). У 1987-1989 гадах праходзіў тэрміновую службу ў СА на Далёкаўсходняй ваенннай акрузе. Па вяртанні ў родны Кобрын працаваў у стаматалагічнай паліклініцы.
З 1992 года ўзначальваў знешнеэканамічны аддзел Міжрэгіянальнага вытворча-камерцыйнага аб’яднання “АВІЯПРОМ”. З 1993 года працаваў генеральным дырэктарам вытворча-камерцыйнай фірмы ТАА “АМЕГА”. З 2001 года – генеральны дырэктар ІП “АМЕГА СЭРВІС” карпарацыі “Текстайл Амега Инк”. З 2005 года – дырэктар Замежнага прыватнага лячэбна-аздараўленчага ўнітарнага прадпрыемства “Белгіхон Юнайтэд”. Эканаміст. Скончыў Беларускі Дзяржаўны Эканамічны Ўніверсітэт, факультэт: “Міжнародныя Эканамічныя адносіны”.
Старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Хрысціянская дзелавая ініцыятыва”. Сябра Рады Еўрапейскай асацыяцыі “ЕВРОПАРТНЕРЫ” (Швейцарыя) і Сусветнай асацыяцыі падтрымкі прадпрымальніцтва “СВМС”. Удзельнік эканамічных форумаў у Швецыі, Галандыі, Італіі, Нямеччыны. Вольна валодае ангельскай мовай.
Ад моманту аднаўлення Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў 2005 годзе займае пасаду сустаршыні аргкамітэту.
Хрысціянін. Жанаты. Мае пяцёх дзяцей. Стала пражывае ў Кобрыне.

09 кастрычніка 2016 | Блогі | Тэгі:



Блогі