Слоўнік Севярынца. Ізраіль

израиль“Ізраіль” перакладаецца “Няхай пануе Бог!”

“Я дабраслаўляю тых, што дабраслаўляюць цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну, і дабраславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя” – такія Божыя словы з кнігі Быцьця, 12:3 адрасаваныя народу ізраільскаму.

Ізраіль – першая ў сьвеце нацыя, створаная Богам. Больш таго – гэта народ, празь які ў сьвет прыйшло і Сьвятое Пісьмо, і Хрыстова збавеньне. Як і Ізраіль, Беларусь ёсьць фэномэнам Божае волі. Як і габрэі, беларусы – духовая нацыя. І, падобна габрэйскай, беларуская ідэя – гэта ідэя Бога.

Факт аграмаднага духовага значэньня: менавіта ў Беларусі расьсеяны па сьвеце Ізраіль набраўся сілаў для адраджэньня.

У Новым Запавеце беларускае гісторыі Ізраіль быў тут. Інквізыцыя з Захаду й дэспатыя з Усходу гналі вечных вандроўнікаў у Беларусь – ціхую, талерантную, Боскую. “Бо Я ўвяду іх у зямлю добрую, дзе цячэ малако і мёд…” (Другазаконьне 31:20). У выніку зь XVII да ХХ стагодзьдзя найбольшая габрэйская дыяспара ў сьвеце – некалькі мільёнаў! – пражывала на тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, паміж заходнім антысэмітызмам і імпэрскай рысай аселасьці.

Беларускія ешывы, у якія прыяжджалі юдэі з усяго сьвету, былі найзнакамітшымі цэнтрамі габрэйскае рэлігіі. Беларускія гарады насамрэч былі габрэйскімі. Беларускія габрэі, якіх называлі і “літоўскімі”, і “польскімі”, і “рускімі”, і “савецкімі”, аднавілі дзяржаву Ізраіль: 2 прэзыдэнты й аж 6 прэм’ер-міністраў – і гэта за паўстагодзьдзя! – паходзяць зь Беларусі. Іўрыт, “Масад”, Шагал, клясыка сучаснае габрэйскае літаратуры й філязофіі маюць беларускія карані. Беларускае сэрца, якое набрыньвала крывёю тры стагодзьдзі Новага Запавету, жывіла богаабраны народ ва ўсіх войнах і рэвалюцыях ХХ веку.

Так багата Беларусі ўкладзена ў сучасны Ізраіль! Зямлю абяцаную, зямлю сьвятую дагэтуль саграюць беларускае цяпло, сьвятло і любоў.

Роднасьць Беларусі й Ізраілю дасягае біблійнага ўзроўню. Абодва фэномэны ўражвальна трагічныя. Пакутныя. Ахвярныя. Адухоўленыя. Беларуская гісторыя, як і ізраільская, адбывалася паводле Бібліі. Беларускае расьсеяньне,  як і ізраільскае, жывіла паў-Эўропы працаўнікамі ды геніямі. Беларусаў, як і ізгояў-габрэяў зьнішчалі вялікія дзяржавы й таталітарныя імпэрыі. Уздымы Беларусі, як і Ізраілю, прыходзілі з духовымі абуджэньнямі, а заняпады – усьлед за слабасьцю духу. Беларуская місія веры, праўды й свабоды гэтак жа сустракалася неразуменьнем ды нянавісьцю.

Вера ў Бога 4 тысячы гадоў была сэнсам існаваньня габрэйскага народу, і захавала нацыю нават ва ўсясьветным расьсеяньні. Тысячагадовая гісторыя Беларусі ўся была вытворнай ад ступені духовасьці й вызначыла беларускую нацыянальную ідэю як сутнасна хрысьціянскую. Беларускі белы сьцяг з Крывёю Хрыста мае сваім папярэднікам ізраільскі сьцяг зь нябёснага колеру зоркай Давіда.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

sevjarynec

Павел Севярынец, нарадзіўся 30.12.1976. Беларускі пісьменнік, публіцыст, у 1997-2004 гг заснавальнік і лідэр “Маладога Фронту”, з 2004 г і дагэтуль – сустаршыня партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя. Больш як 5 гадоў адбыў у зняволенні паводле палітычных прысудаў. Аўтар кнігаў: “Ды-джэй Адраджэння”, ” Пакаленне Маладога Фронту”, ” Люблю Беларусь”, “Брату”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча (2006), прэміі імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”(2008). Жанаты. Праваслаўны хрысціянін.
Фраза, якую не можа чуць: ” Ай, няхай, і так сыдзе”.
Любімая цытата: ” Няхай не сумняваецца сэрца вашае; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце” – кажа Ісус. ( Евангелле паводле Яна, 14:1) – верш з Бібліі, пасля якога пакаяўся і прыняў Хрыста.

05 верасня 2015 | Блогі | Тэгі:



Блогі