Слова на малебне ў Дзень Волі

IMG_3512

Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?

1 Яна 4:20

У імя Айца, і Сына, і Святога Духа.

Дарагія браты і сёстры!

Сёння мы сабраліся, каб памаліцца за нашу Бацькаўшчыну – Святую Беларусь. Памаліцца за тых людзей, якія паклалі і да сёння кладуць свае жыццё за Незалежнасць і Свабоду Беларусі. Мы молімся за жывых і ўжо адышоўшых да Госпада… за ўсіх, для каго словы “Незалежная Беларусь” ёсць найбольш важнымі ў іх грамадскім жыцці.

Кожны з нас мусіць памятаць, што любоў да сваёй Айчыны і свайго народу, што спалучана з ахвярнасцю, з’яўляецца вялікай дабрадзейнасцю і адзнакай праваслаўнае набожнасці. Апостал Павел кажа: “Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага” (1 Цім.5:8). З гэтых слоў вынікае, што хрысціянства не толькі не вызваляе чалавека ад клопату пра свае, але і вызначае чалавека, які грэбуе гэтым клопатам як такога, які горшы за нявернага, бо нават з боку няверных гэтая дабрадзейнасць не падвяргаецца сумневу. Цяжка знайсці народ і краіну, дзе б патрыятызм не лічыўся дабрачыннасцю. Але толькі ў хрысціянстве гэтая дабрадзейнасць раскрываецца цалкам і робіцца дасканалай. Праваслаўны аскетызм сведчыць, што няма дабрадзейнасці па-за Хрыстом. Па-за Хрыстом усе дабрачыннасці з’яўляюцца ўяўнымі, яны заўсёды скажоныя, заўсёды спалучаныя з грахоўнымі запалам і ганарыстасцю. Таму можна з упэўненасцю сказаць, што па-за Хрыстом няма і патрыятызму. Толькі Вера Хрыстова ачышчае і ўзвышае патрыятызм, робячы зямную Айчыну для чалавека ганкам Айчыны Нябеснае.

Мы, Праваслаўныя Хрысціяне, падобна прароку Давіду, які напісаў пра сябе: “вандроўнік я на зямлі” (Пс.118:19), таксама лічым і сябе, разам з Апосталам Паўлам, “вандроўнікі і прыхадні на зямлі, бо тыя, якія так кажуць, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыны” (Габр. 11:13-14) нябеснае. Але хрысціяне “ў думках маюць тую бацькаўшчыну, — як піша далей апостал, — з якой яны выйшлі” (Габр.11:15). Таму кожны хрысціянін, несучы ў сэрцы “вобразы нябеснага” (Габр. 9:23), бачыць у зямной Айчыне правобраз Божага Валадарства, Айчыны Нябеснае. Мы не можам казаць, што мы любім Бога, жадаем Царства Нябеснага ды гатовы пацярпець за гэта, калі ў нашым сэрцы няма любові ды ахвярнасці да нашае Бацькаўшчыны – Беларусі. Бо кажа святы Апостал і Евангеліст Лука: “Верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым няверны і ў вялікім” (Лк. 16:10)

Таму наш патрыятызм, наш беларускі нацыяналізм — з’ява глыбока праваслаўная.

Таксама будзем, браты і сёстры, свядомымі таго, што сёння наша Беларусь знаходзіцца ў стане барацьбы за свае нацыянальнае вызваленне. Але не ў першы раз беларускаму народу вытрымліваць гэтакія выпрабаванні…

З Боскаю дапамогай і на гэты раз ён развее ў прах усіх ворагаў нашага народу. Нашы продкі не падалі духам і ў горшым становішчы, бо памяталі не пра ўласную небяспеку і выгоды, а аб сваім свяшчэнным абавязку перад Радзімай, і выходзілі пераможцамі. Не зганьбім ж іх слаўнага імя і мы – праваслаўныя беларусы, родныя ім і па плоці і па веры. Айчына абараняецца агульным народным подзвігам, агульнай гатоўнасцю паслужыць айчыне ў цяжкі час выпрабавання, гатоўнасцю да ахвярнасці ды ўсім, што кожны можа пакласці на алтар вызвалення.

Наша Святая Праваслаўная Царква заўсёды падзяляла лёс народа. Разам з ім яна несла выпрабаванні і радавалася перамогам. Не пакіне яна народу свайго і цяпер, дабраслаўляючы ўсіх нас на барацьбу за нашу Бацькаўшчыну.

Дык давайце згадаем нашых святых, якія свой подзвіг прысвяцілі выратаванню нашае Бацькаўшчыны. Згадаем нашых мужных мітрапалітаў, такіх як Іосіф Солтан, што на сценах беларускіх гарадоў баранілі нашу Вольнасць. Згадаем нашых мучанікаў, паклаўшых жыццё за Беларусь! Шляхам самаадданасці ішлі незлічоныя тысячы нашых праваслаўных ваяроў, якія пакладалі жыццё сваё за Радзіму і веру ва ўсе часы нападу ворагаў на нашу Бацькаўшчыну – Святую Беларусь. Яны паміралі, не думаючы пра славу, яны думалі толькі пра тое, што Беларусі патрэбна ахвяра з іх боку, і пакорліва ахвяравалі ўсім і самім жыццём. Будзем жа годныя іх славы ў мужнасці, цярпенні і змаганні. Амін.

прат. Сяргей Горбік (ПЦУ)

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

horbik

Протаіерэй Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату

25 сакавіка 2019 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі