Слова над плашчаніцаю ў Вялікую Пятніцу

29792677_1866825280014486_3925251975674855424_n

Слава Ісусу Хрысту

Упадабаныя браты і сёстры!

Надышлі дні, да якіх мы рыхтаваліся увесь Вялікі Пост. Дні, у якіх раскрываецца сутнасць усяго хрысціянскага жыцця – Страсны тыдзень… Вялікая пятніца. У гэтыя дні шмат гадоў таму ламалася няправільнае ўяўленне пра Бога і раскрывалася ісціна. Таксама і цяпер для нас выпрабоўваюцца нашы ўяўленні пра Бога. Людзі, якія стаялі перад Крыжам з Крыжаваным Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, казалі: «Калі ты Бог, сыдзі з крыжа» — і гэта было натуральна. Мы таксама робім, калі думаем, што вера ў Бога нам дадзена, каб сысці з крыжа. Мы часта молімся пра збаўленне ад смутку, хвароб, і ў той жа час пра іншых мы судзім па іх уменні вырашаць жыццёвыя праблемы. Вучні аднойчы прасілі Збавіцеля звесці полымя з неба на горад, які не прыняў іх, але Гасподзь адказвае: «Не ведаеце, якога вы духу» (Лк. 9:55).

Сёння, мы таксама стаім каля крыжа, бо жыццё Хрыстова прывяло нас на Галгофу да Крыжа Боскага Пакутніка, да Яго труны. А ў гэты час вакол Ягонага нежывога цела ўжо заставаліся толькі бліжэйшыя, тыя, хто аплаквае сваю любоў і надзеі, якія не спраўдзіліся. Апошні крык паміраючага на Крыжы «Адбылося» чулі сябры і ворагі. І ніхто яшчэ не разумеў той справы, за якую Ён паміраў. Цяпер жа, як у кроплі расы адлюстроўваецца і гуляе сонца радасцю жыцця, так у кожным праваслаўным храме і па усёй зямлі адлюстроўваюцца падзеі тых трагічных і выратавальных дзён. Гасподзь пацярпеў і памёр для збаўлення усіх людзей. Гэта страшна, гэтага зразумець нельга, гэта адна з найвялікшых таямніц Божых. І ніколі розум чалавечы не зможа зразумець, чаму і як трэба было, каб за грахі свету так страшна пакутаваў і памёр Хрыстос Сын Божы.

І вось сёння, у памяць той страшнай вялікага падзеі, Святая Праваслаўная Царква выносіць нам на пакланенне Плашчаніцу. У гэтую Вялікую Пятніцу ўсё чалавецтва ад Адама да апошняга народжанага на зямлі павінна стаяць перад плашчаніцай на каленях. Бо іх грахом, нашым грахом, смерць увайшла ў свет, злачынствамі чалавецтва было створанае Галгофскае пакаранне. Страшна ўсведамляць сябе злачынцам, невыносна бачыць у сабе вінаватага ў смерці — забойцу. І вось гэта — факт! Усе мы без выключэння маем дачыненне да гэтай смерці. Для нашага выратавання смерцю спачыў Хрыстос Сын чалавечы. Крыжовай смерцю Сына Божага зваявана смерць і ласка Божая падаецца людзям. Смерць вяшчае аб невымоўнай справе, якую стварыў Бог — Святая Тройца. Труна, прыняўшы ў сябе крыніцу жыцця, зрабілася Жыватворчаю і нясе нямую пропаведзь, і чалавецтва павінна пачуць яе, каб жыць.

У гэтую Вялікую Пятніцу Гасподзь дараваў нам радасць жыцця вечнага, а мы аддаём перавагу жаданням прывіднага суцяшэння часовага быцця. Хрыстос Збаўца сваім подзвігам самаахвярнасці пазбавіў сілы таго, хто мае ўладу смерці, гэта значыць сатаны, і сэнс Яго ахвяры — аднаўленне неіснуючага на зямлі Божага Валадарства, выкрадзенага ворагам у прабацькоў нашых. Але ў нашай уладзе выбіраць шлях прымарнай свабоды, а па сутнасці падпарадкавання ворагу Божаму, або шлях жыцця ідучы за Хрыстом.

Мы — сёння, умілаваныя браты і сёстры, прыносячы свой плач над палатном, як над магілай Госпада нашага Ісуса Хрыста, павінны памятаць словы, сказаныя Госпадам вучням перад пачаткам пакут: “Калі вы сябры мае, дык глядзіце, каб ніякі страх вас не адвёў ад Мяне”. І мы павінны памятаць гэтыя словы. Робячы свае справы, выконваючы простыя абавязкі, мы не павінны забываць аб тым вялікім прызначэнні, што мы пакліканы да жыцця вечнага. Усе працы, якія мы 40 дзён ажыццяўлялі, не ідуць ні ў якое параўнанне з вечнасцю. У нас мяняецца з дня ў дзень, а там ніякіх дзён не будзе, але бясконцае Царства. Сваёй смерцю Хрыстос адкрыў нам браму раю, падняў нас з бяздоння апраметнай.

Таму, калі мы сёння будзем прыкладвацца да святой плашчаніцы, нам трэба памятаць, што подзвіг збаўлення Госпада і Збаўцы здзейснены за нас, за усё чалавецтва. Нам толькі трэба быць годнымі гэтага вялікага выратавальнага подзвігу. Гасподзь з Крыжа, працягваючы нам Свае рукі, кажа: “Прыйдзіце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам, і знойдзеце спакой душам вашым” (Мт. 11:28-29).

Прыпадаючы з набожным смуткам перад плашчаніцай, Мы розумам злучаемся з першымі хрысціянамі і чуем, як плача Марыя, Ягоная Маці. Плача Ян. Плачуць і нашы з вамі сэрцы. Гэтыя простыя чалавечыя слёзы неацэнныя! Сабраць бы іх у чысты посуд і абмыць імі нашы страсці і грахі.

Дык давайце ў гэтыя святыя хвіліны ўспамінаў аб пакутах Выратавальніка нашага Ісуса Хрыста і пакланення Ягоным Прачыстым ранам, ад душы, ад сэрца папросім ж Госпада стварыць у нас годны плод Яго подзвігу выратавання, каб расці нам у хрысціянскай дабрыні, удасканальвацца і набліжацца да Бога ў меры свайго ўзросту. Бо калі будзем жыць з Богам, дык Гасподзь будзе з намі, умацуе нас і ў нашым нясенні крыжа і ў ачыстцы ад бруду граху. Гэта ўсведамленне блізкасці Госпада мусіць суправаджаць нас не толькі ў момант цалавання Святой Плашчаніцы Хрыстовай, а на працягу ўсяго нашага жыццёвага шляху. Амін.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

horbik

Протаіерэй Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату

05 красавіка 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі