Слова ў дзень угодкаў Слуцкага збройнага чыну – Дзень герояў

slucak (22)

У імя Айца, і Сына, і Святога Духа.

Сабраліся мы сёння малітвай ушанаваць нашых беларускіх герояў. Больш за дзевяноста гадоў таму яны “пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”. Але ці паміраць яны пайшлі? Ці было іх змаганне, як кажуць малаверы і нашы ворагі, “бязглуздым”, бо была іх “жменя”? Чаму мы памінаем “пераможаных”? Чаму і сёння, нягледзячы на ўсе высілкі бязбожнае камуністычнае ўлады ды “добразычліўцаў” з Усходу і Захаду, памяць аб іх жыве?

Ды таму, браты і сёстры, што пайшлі яны не паміраць, а перамагаць! Пайшлі з малітвай, верай, ахвярнасцю. Пайшлі па неўміручаму і святому шляху Госпада нашага Ісуса Хрыста. Бо сказаў Гасподзь: “Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх” (Ян. 15:13). І яны пайшлі ахвярна… Пайшлі за кожнага з нас, сённяшніх, тады яшчэ ненароджаных… Пайшлі… не думаючы аб сваім лёсе і нейкіх тленных узнагародах зямных, пайшлі не азіраючыся, бо “ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага” (Лк. 9:62).

Чаму паўсталі яны? Вы кажаце: “Прагнулі волі і любілі Бацькаўшчыну – Святую Беларусь!” Так, справядліва… Але давайце згадаем: Любоў да айчыны зямной вынікае ад любові да Айчыны Нябеснай. І той, хто не любіць сваёй зямной айчыны, той няздольны любіць і Айчыны Нябеснай і з запаветам любові крочыць па шляху Хрыстовай праўды. А гэта бывае так цяжка… зямное цягне ўніз, кліча да спакою, згодніцтва і нават здрады. І якую ж веру, якую ўзнёсласць духу патрэбна мець, каб перамагчы гэтае прыцяжэнне грэшнага супакою, прыцяжэнне бездані! Вялікія Айцы Царквы справядліва кажуць: Няздольны грэшны зямны чалавек перамагчы зямное без дапамогі Госпада, але ж дапамога гэтая падаецца толькі шчырай і сардэчнай верай у Яго. Кажа Гасподзь: “Вера твая ўратавала цябе” (Лк. 18:42). Дык якая ж велічная і магутная Хрыстова вера была ў удзельнікаў чыну! Каб узняцца і пайсці на ахвярнік… Гэта аб іх кажа Гасподзь: “І ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры” (Мц. 8:10).

Малаверы і ворагі смяюцца над імі тады і цяпер, бо была іх “мала”. Але ж казаў Хрыстос: “Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства” (Лк. 12:32). Не ў колькасці моц войска Гасподняга, а ў праўдзе Ягонай. А менавіта праўда Божа была на баку беларускіх змагароў, бо баранілі яны сваю, дадзеную Богам Бацькаўшчыну. Баранілі Царкву Хрыстову, мову, само жыццё нашага народу. Па слову Ягонаму жылі яны: “Хай будзе паясніца вашая аперазаная, і свяцільні гараць” (Лк. 12:35) і “ведаў гаспадар дому, а каторай гадзіне прыйдзе злодзей” (Лк. 12:39). Таму заклік Хрыстовы не заспеў іх нечакана і былі гатовыя яны да пераможнага змагання. Пераможнага – бо пераймалі Хрысту ахвярнасцю і вораг памыляўся, калі думаў, што “перамог” іх. Памыляўся, як памыляліся “забойцы” Хрыста. Бо тое, што мы сёння святкуем іх памяць (і не толькі мы, а мільёны беларусаў па ўсім свеце); тое, што існуе Беларуская Дзяржава – ёсць сведчанне іх вечнага жыцця і перамогі.

“Праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо бацькоў, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо жонку, альбо дзяцей дзеля Царства Божага, не атрымаў бы намнога больш у гэты час, і ў век будучага жыцьця вечнага”(Лк. 18:29 – 30) – кажа Хрыстос. Слуцкія змагары ахвяравалі сабой і пайшлі на святы ахвярнік любові: Яны ішлі не толькі на бой, іх крокі – гэта крокі па лесвіцы, што вядзе ў Царства Нябеснае і да вечнай зямной славы. І не так важна, калі перайшлі яны да іншага жыцця. Нехта загінуў у віры чыну, нейкаму Гасподзь даў яшчэ час паслужыць Бацькаўшчыне… Але ўсе яны атрымалі нятленную ўзнагароду ў Нябёсах і вечную памяць у беларускіх сэрцах. Менавіта таму яны ніколі не былі пераможанымі, а заўсёды былі, ёсць і будуць пераможцамі. Дык будуць заўсёды яны для кожнага з нас прыкладам вечнага Беларускага Уваскрошання, ахвярнасці, вышэйшай перамогі і любові да Хрыста і Бацькаўшчыны. Амін.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

horbik

Протаіерэй Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату

24 лістапада 2017 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі