Слова ў суботу Лазара

lazarus_anastasis

Слава Ісусу Хрысту!

Упадабаныя браты і сёстры!

Заканчваецца Вялікі пост, і мы стаім на парозе страсных дзён, калі набліжаецца Пасха Хрыстова — як пераможная ўзнагарода за ўстрыманне і пакуты, пачатак вялікай надзеі, што прыносіць невымоўную радасць. Гэтую надзею абвясціў нам Гасподзь уваскрашэннем Лазара, паказаўшы, што Ён мацней смерці — па адзіным загадзе Яго Лазар, які памёр чатыры дні таму, паўстаў жывы з труны.

Каб зразумець увесь велічны сэнс гэтага цуду Хрыста, які Ён здзейсніў напярэдадні Сваіх крыжовых пакут, нам патрэбна звярнуцца да разумення самой смерці. Што ёсць смерць? Яна увайшла ў жыццё чалавека ад моманту грэхападзення. Сама зямля зрабілася жахлівай турмою смерці, а усё бачнае жывое тварэнне — яе бездапаможнымі палоннымі і рабамі (Яўр. 2; 14-15). Да Увасаблення Бога-Слова само імя смерці прыводзіла усіх у роспач і кідала ў адчай. Смерці баяліся усё. Баяліся смерці не толькі язычнікі, якія не ведалі таямніцы яе паходжання, але і юдэі, якія мелі Боскае Адкрыццё. Гэта было натуральна, бо смерць для іх непасрэдна звязана была з пеклам. Смерці баяліся – яна ў свядомасці тагачасных людзей была канцом жыцця. Ніхто, нават найвялікшыя праведнікі і прарокі, не маглі перамагчы смерць. Уваскрэсенне з мёртвых — гэта найвялікшы цуд, які можа здзейсніць толькі Бог і ніхто больш.

Але ж мы з вамі ведаем, што Гасподзь і раней здзяйсняў вялікія цуды і нават маем згадку ў Евангеллі аб двух цудах, калі Гасподзь уваскрашаў мёртвых. Але гэты цуд уваскрашэння праведнага Лазара мае вельмі важнае значэнне, бо праз уваскрэсенне Лазара Гасподзь хацеў зацвердзіць і Сваіх вучняў у тых пакутах, у тых падзеях, праз якія яны павінны будуць прайсці, калі убачаць Збавіцеля адданым у рукі кніжнікаў і фарысеяў, ізраільскіх першасвятароў і затым Пілата, калі Яго аддадуць на пакуты і на смерць. Але менавіта праз уваскрашэнне Лазара Гасподзь хацеў умацаваць Сваіх вучняў у яшчэ адной вельмі важнай праўдзе, якую яны павінны былі усвядоміць і зразумець да канца — уваскрэсенне з мёртвых Самога Збавіцеля.

Часам, калі згадваем уваскрашэнне Лазара, бязбожнікі ды сектанты часам кажуць нам: “Вось, ваш Бог такі магутны, што нават мёртвых уваскрашаў, але чаму ён не зробіць ваша жыццё мірным ды спакойным?” Сапраўды, для Бога як Усёмагутнага Творцы няма праблемы адхіліць ад нас усе існуючыя спакусы і акружыць нас усімі відамі зямнога шчасця, але Ён не робіць гэтага, а наадварот дапускае, каб на нас абрынуліся розныя бедствы. Але гэта робіцца для таго, каб нам праз цярпенне ўзысці на вялікую вышыню і дасягнуць светлых вянкоў ў Царстве Нябесным; таму як нішто так не робіць чалавека чыстым, нішто так не ўзвышае яго ў духу і не набліжае да Бога, як мужнае перанясенне бед і пошасцяў. І ужо потым, калі жыццё сваімі шматлікімі ўдарамі скарыць нашу ганарыстасць, прымусіць нас глядзець па-іншаму на сваё быццё ў свеце, калі мы падобна апосталу Паўлу з радасцю зможам сказаць: “Бо для мяне жыццё — Хрыстос, і смерць – набыццё” (Флп . 1:21), — то тады мы і зможам зразумець той вялікі сэнс нашых зямных пакут, якія служаць для нашай вечнай славы.

Давайце ўспомнім, што ў пачатку посту, кажучы аб яго сэнсе і значэнні, мы разважалі, што пост павінен быць для нас часам, калі мы сябе абмяжоўваем ва усім, што падахвочвае нас да граху, каб устаць у пакаяньні перад тварам сваёй сумлення, праўды чалавечай і Божай. Наша абмежаванне сябе ва усім неістотным, залішнім, цялесным задаволенні і забаў павінна прынесці карысць і радасць нам і іншым людзям.

І вось сёння, у гэтую Суботу Лазара, варта нам задумацца аб тым, што ўсе мы, упадабаныя браты і сёстры, паміраем сваёй душой для вечнага жыцця. Бо сваімі грахамі і заганамі мы, як у магіле, пахавалі ў сваім сэрцы лепшыя свае пачуцці. Але як да Лазара памерлага, так і да кожнага з нас ідзе Гасподзь. Ідзе да магілы нашага ўласнага сэрца, на якім ляжаць цяжкія каменні сумневаў, малаверы, гонару, і пад гэтым камянямі бываюць пахаваныя самыя лепшыя нашы пачуцці, думкі і памкненні. Шматлікія страсці і заганы, развіваючыся, запаўняюць наша сэрца, дзівячы сваёй гнілатой дабро, якое заставалася ў душы. І нярэдка здаецца, што ў такім стане мы ўжо памерлі для жыцця ў Богу, што ўжо ўсё задушана ў нас грахом і заганамі, усе найлепшыя парывы нашага духу, і няма ў нас сілы, жывой і дзейснай, якая б вабіла нас да дабра. Але не, як перад труною Лазара, стаіць і перад нашым сэрцам Хрыстос Збаўца. Ён, Які смуткаваў і плакаў над труной Лазара, смуткуе і пра нас, аб нашай духоўнай смерці, аб нядбалым і бестурботным стаўленні да свайго вечнага выратавання, аб тым, што ў нас няма зваротнай любові да Бога, Які палюбіў нас раней стварэння свету і прынёс Сябе ў ахвяру за нашы беззаконні, каб зрабіць нас зноў Сваёй спадчынай.

Мы падышлі да канца Вялікага посту і падводзячы вынікі нашага шляху, дамо сабе справаздачу перад сваім сумленнем — у чым я сябе абмежаваў, наколькі здолеў сябе ўтрымаць ад грахоўных памкненняў і ці прынесла маё устрыманне карысць і дапамогу маім блізкім? Мы мусім задумацца аб сваёй душы, ненавідзець грэх, які нас скарыў, мець жаданне змагацца з заганнымі інстынкту, маліцца і прасіць у Бога дабрадатнай дапамогі ў гэтай нялёгкай барацьбе. І калі мы сапраўды ўзненавідзелі грэх і шчыра зажадаем супрацьстаяць яму, тады прамень Боскай любові закране нашага сэрца і рассее ў ім грахоўны змрок. І напоўніўшыся свядомасцю сваёй бяды, мы пачуем Боскі голас Хрыста Збавіцеля, што прамаўляе да нашай душы, падобнай мёртвага Лазару: выйдзі, душа, ад усяго грахоўнага да жыцця з Хрыстом, бо «Ісус Хрыстос учора і сёння і навекі Той самы» (Яўр. 13:8). Амін.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

horbik

Протаіерэй Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату

31 сакавіка 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі