Смак мацярынства

У Дзень маці мы дзякуем нашым мамам за тое, што яны далі нам, з кожным годам усё лепш адчуваючы іх незаменнасць, ранімасць іх сэрцаў, неабходнасць іх любові. Спадзяюся, не толькі раз ці два на год.

Калі маладыя дзяўчаты пытаюцца пра маіх дзяцей, – ці цяжка мне з імі, ці лёгка, – то часцей за ўсё ў вачах чытаецца здзіўленне і страх. Я добра помню, што і сама не ўяўляла сябе мамай, вельмі сумнявалася ў сваёй прыдатнасці да гэтай ролі. Старэйшыя людзі звычайна гаварылі: народзіш – будзеш гадаваць, што тут думаць. Акушэры запэўнівалі, што ніводная жанчына цяжарнай ад іх не пайшла. Справа выглядала простай і незразумелай адначасова. Але маленькія бездапаможныя немаўляты, якія так салодка спяць пры маме, маюць здольнасць змяняць жанчыну кардынальна, абуджаюць невядомыя сілы і ўменні, а таксама непахіснае жаданне дабра свайму дзіцяці.

Якое на смак мацярынства? У кожнай маці – свае адказы, часта падобныя між сабой. Сярод іх і радасць, і штодзённы крыж, і сумненні, і прастора для творчасці, і глыбіня спачування, і адкрытасць “горада на гары”, які не можа схавацца ад чужых (і дзіцячых) вачэй, і гонар, і стомленаць, калі ўжо нічога не адчуваеш. Успомніце, як у дзяцінстве хацелася, каб маці больш нічога не рабіла, каб толькі была …шчаслівай. Сапраўднае вялікае дзіцячае жаданне.

momМаці дадзена магчымасць, а таксама і заданне: надаць жыццю дзіцяці смак, прычым як у духоўным, так і фізічным сэнсе. Перш за ўсё, смакуе ежа: ад матчынага малака да любімых з дзяцінства страў, пахі якіх жывуць у памяці нават дарослых. Пра тое, як гучыць пяшчота ў голасе, як выглядае чысціня і ўтульнасць, як прасіць прабачэння, як мірыцца, як давяраць абяцанням і адказваць за свае словы, спазнаюць дзеці, гледзячы на маці. Яны ведаюць, як можа быць весела, калі мама смяецца, і як у яе абдымках высыхаюць слёзы. Смакам бяспекі і супакою, зразумення, увагі, шчырасці і любові павінны наталяцца дзіцячыя душы, каб потым здолелі ім дзяліцца, а не шукаць сродкаў, каб запоўніць пустку ўнутры сябе.

Што ж мае большую вартасць: пакаштаваць мацярынства на смак ці стаць смакам зараніцы жыцця? У першым выпадку лёгка расчаравацца, у другім – можна сустрэць цуд Божай дапамогі, бо без яго гэтую справу не адолець, бо само мацярынства з’яўляецца Ягоным дарам і таямніцай. Мне здаецца, што зараз вельмі часта жанчыны выбіраюць першы шлях, адначасова імкнучыся “быць добрай маці”, як вучаць шматлікія дарадчыкі нейкую сярэднестатыстычную жанчыну. Калі “соль страціць сваю сілу”, калі мацярынства страціць свой смак, то на што яно прыдатна?.. І ўвесь свет яго не заменіць, і ніякія законы не прымусяць яго вярнуцца. Вялікая яго каштоўнасць і шчаслівая магчымасць яго дасведчыць.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

тэрэса клімовіч

Блогер, маці трох дзяцей, любіць чытаць і цішыню.
Раздражняюць прымаўкі “Мая хата з краю – я нічога не знаю” і “Гэта мне ані баліць, ані свярбіць”.
Найбольш спадабалася апошнім часам выказванне Ёзафа Ратцынгера: “Там, дзе няма ўжо нічога, за што варта было б памерці, там не варта таксама і жыць”.

14 кастрычніка 2014 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі