Сон Самуэля…

Eli_and_SamuelСамуэль спаў у святыні, а Бог яго клікаў, кажа слова Святога Пісання (1 Сам 3, 3b -4a)

Сон Самуэля ў святыні побач з каўчэгам запавету кажа аб тым, што Самуэль быў Божы чалавек, ён служыў Богу і настолькі быў адданы службе ў святыні, што нават спаў у ёй…

З іншага боку, штосьці было не так у жыцці гэтага юнака, бо сам Бог будзіў яго і аж тры разы. Ён звяртаўся да Самуэля, калі той засынаў, бо, як тлумачыць далей Біблія, Самуэль яшчэ не ведаў Госпада.

Сон Самуэля быў моцным і неспакойным…

Немагчыма зразумець значэнне сну Самуэля і самога Слова Божага, не закрануўшы гістарычны кантэкст.

Сон Самуэля падобны да агульнага стану краіны, у якім яна апынулася ў ХІ ст. да нараджэння Хрыста.

Ён, як і народ не разумеў, што дзееца вакол, голас Бога блыталі з людскім голасам.

Ізраіль часоў Самуэля – гэта час навіслай пагрозы з боку філістымлянаў. Гэта час адступніцтва і нявернасці перад Богам, амаральнага жыцця і ідалапаклонства. Акурат у гэтым часе святая святых абранага народу, каўчэг запавету, трапляе ў рукі філістымлянаў. Гэта быў той самы час, калі нават найвышэйшы святар Элі больш клапаціўся пра меркантыльныя інтарэсы двух сваіх сыноў, чым пра славу Божую. І народ прызвычаіўся жыць не па законе Божаму, але ж па прынцыпах прыстасаванцаў. І гэта ўсё прывяло да таго, што народ, некалі абраны Богам, стаяў на парозе вынішчэння і згубы сваёй краіны на карысць сваіх суседзяў-ворагаў філістымлянаў.

Бог будзіць Самуэля з думкай і клопатам пра народ свой, над якім навісла небяспека.

Гісторыя біблійная пераказвае, што народ ізраільскі быў выратаваны ад той пагрозы, і акурат таму, што Самуэль – слуга Бога і суддзя Ізраіля, пазнаў Бога і „недазволіў аніводнаму слову Божаму ўпасці на зямлю” (1 Сам 3, 19).

Самуэль, пакліканы Богам, выканаў сваю місію. Ён быў суддзёю, прарокам і святаром. Гісторыя Старога Запавету пераказвае, што ён сумеў сабраць раскіданы народ, заклікаў іх да пакаяння і ачышчэння з грахоў мінулага. А прапаведуючы Слова Божае бескампрамісна і не зважаючы на асобы, Самуэль цягам сарака гадоў кіравання давёў краіну да росквіту.

Сёння, калі з захапленнем слухаем гісторыю Самуэля, няхай жа ў нашых хрысціянскіх сэрцах не родзіцца зайздрасць да слаўнага яго жыцця, але ўзмацняецца вера ў тое, што Бог не перастае дзейнічаць у жыцці тых людзей, для якіх, падобна як і ў жыцці Самуэля, Закон Божы з’яўляецца аўтарытэтным, і не дазваляюць ніводнаму слову Бога ўпасці на зямлю, а жывуць у гэтым свеце, як кажа псальм 40,9, “каб выконваць Божую волю”.

Калі ж чалавек выконвае волю Бога, то і Бог не скупіцца для чалавека ў адорванні сваім блаславенствам.

Слова Божае дае надзею і пераконвае нас у тым, што ў якім бы безнадзейным становішчы не знаходзіўся народ, дастаткова толькі захацець пакаяцца ў мінулых грахах, Бог адразу ж спашле сваё блаславенства. І жыццё, якое сёння некаторыя ў лепшым выпадку ацэньваюць як цярпімае, зменіцца на жыццё шчаслівае і слаўнае, бо ў ім будзе дзейнічаць сам Бог.

Дзякуючы Хрысту, можам быць упэўненымі, што так і будзе. Ён, як чуем у Евангеллі паводле святога Яна, святы Ян Хрысціцель сведчыць, з’яўляецца “Ягнём Божым” (Ян 1,35), а значыць тым, хто ратуе нас ад усялякіх няшчасцяў і нават ад смерці. Дастаткова, каб жыллё нашае, так як ізраільцянаў у Егіпце было пазначанае крывёю гэтага ягняці. А мы ж праз хрост самі пазначаныя і намашчоныя, і пячатка на нас, што мы Хрыстовыя.

Як кажа апостал Павел (1 Кар 6,13-20), “целы нашыя – гэта святыня Духа” ды і мы “адны духам з Ім”.

Засталося толькі паўстаць і пайсці шляхам за Езусам, аж да месца Яго жылля, каб пасяліцца ў доме Госпада нашага так, як зрабілі ў свой час вучні Хрыста (Ян 1, 35-42).

Ізраіль у ХІ ст. да Н. Хр. не хадзіў “шляхамі Пана”. І тут паўстае пытанне: якімі шляхамі ходзім мы?
Аднак, падаецца, пакуль мы ходзім вуліцамі Савецкімі ці Камуністычнымі і пераходзім праз вуліцы Пралетарскія і Рэвалюцыйныя, каб спыніцца на плошчы Леніна на месцы знаходжання, меркамі біблійнымі, аднайменнага ідала, цяжка сказаць, што мы ідзём Божым шляхам.

Няхай жа скончыцца наш страшны сон, і Бог абудзіць нас, як некалі абудзіў Самуэля, і няхай Бог дазволіць сёння нам пачуць Яго слова, і няхай Ён сам Ачысціць нашае жыццё ад усяго, што робіць нас нешчаслівымі. Каб наступныя пакаленні маглі сказаць пра нас: яны верылі і Бог пачуў іх. Акурат такі сэнс мае з габрэйскай імя Самуэль – Бог пачуў.

Няхай Бог пачуе нас!

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

61819164_2295799904079742_659389346654191616_n

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах

15 студзеня 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі