«Спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! SOS!»

37937279_10156650531094669_3833838785099988992_n

Калі слухаць нядзельнае Евангелле (Мц. 14:22-33) у арыгінале, г.зн. па-грэцку, гэтай самай грэцкай не ведаючы, можна разабраць тры словы «Ісус», «Петрас» і «SOS!» Быццам бы гэты SOS як сігнал бедства абралі з-за яго прастаты ў азбуцы Морзэ — літары самыя запамінальныя «тры кропкі, тры працяжнікі, тры кропкі». Але ж прыдумалі ў часы, калі ўжо была радыёсувязь, адкуль жа гэты крык, гэты сігнал бедства — «SOS!» — з’яўляецца ў апавяданні двухтысячагадовай даўніны?

Як «сос» — «сосон!» гучыць па-грэцку слова «ратуй!» Яго прамаўляе той, які не баіцца ваду і звычайна ахвотна кідаецца туды, не баючыся патануць. Ён выдатна ўмее плаваць, але тут — хвалі бушуюць навокал — яго ахоплівае паніка. Паніка — гэта стан, які чалавек практычна не можа кантраляваць, але які поўнасцю кантралюе чалавека, пазбаўляючы яго нават тых здольнасцяў, якія запісаныя ў яго на падкорку.

У гэтым стане — не адчуваючы пад нагамі дна — Пятро імкнецца абаперціся на цвёрдую падставу, «якой ёсць Ісус Хрыстос» (1 Кар. 3:11). Ён крычыць не «ратуйце!», ён чакае дапамогі не ад тых, хто больш лагічна мог бы яму дапамагчы — сваіх калег-апосталаў, якія, у адрозненне ад Настаўніка, хоць бы ў чоўне сядзяць. Не іх просіць кінуць яму выратавальнае кола, што было б лагічна. Ён звяртаецца да Таго, Хто яго паклікаў у гэта падарожжа па вадзе, і Хто нясе цяпер за яго адказнасць. Пятро заклікае: «Госпадзе!»

Разумным прагматычным людзям наогул не павінна прыходзіць у галаву такая просьба «павялі мне прыйсці да Цябе па вадзе!» Ды і Пятру, уласна, ніякага практычнага сэнсу ў гэтым не было. Адзіны сэнс для Пятра быў усё той жа пытанне — пытанне асобы Хрыста, пытанне яго «Ты». Ён проста хоча ведаць, што «Ты ёсць Ты», і такое прадпрыемства нашага жыцця, пазнаванне Іншага — Бога або чалавека, якім Ён ёсць — яно і падобна на хаджэнне па вадзе. Кожны раз, выходзячы з свайго бяспечнага чоўна насустрач Іншаму, мы ідзем па вадзе. Збліжэнне з Іншым — гэта і цуд, і небяспека. І ў гэтым падарожжы так важна працягваць адно да аднаго рукі.

«Я не драматызую

Я трымаю цябе за руку…»

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

vasilevich

Праваслаўны публіцыст, тэолаг

02 жніўня 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі