Стойкі святы з балгарскіх мажораў

георгі новыйГеоргі Новы, пяцісотгоддзе мучаніцкага скону якога памінаецца па юліянскім календары сёння, нарадзіўся ў знатнай балгарскай сям’і, якая жыла ў сталіцы балгараў горадзе Срэдцы (цяпер яна завецца Сафія). Пры жыцці пакалення бацькоў Георгія гэтыя землі захапіла Асманская Імперыя, а славуты Канстанцінопаль стаў асманскай сталіцай з назвай Істамбул.

Георгі нарадзіўся пасля дзесяцігоддзяў упартых малітваў яго доўга бяздзетных бацькоў, Івана і Марыі і атрымаў сваё імя ў гонар шанаванага вялікамучаніка Георгія Парамоганосца. Атрымаў добрую адукацыю, у тым ліку і біблейскую. Бацькі его сканалі, калі сыну споўнілася 25 гадоў.

Вакол ішла імклівая ісламізацыя. Многія, каб атрымаць даброты ад новай улады, пераходзілі ў мусульманства дабравольна, частку нованаверненых, і гэта перадусім тычылася маладой балгарскай знаці, туркі прыводзілі да сваёй веры шляхам упартай і нястомнай апрацоўкі, нават гвалтоўнай.

Дайшла чарга і да Георгія. Некалькі мусульманаў апранулі на галаву маладзёна круглую шапачку-таф’ю, у якой мусульманам належыць уваходзіць у мячэт. Георгі ў адказ сарваў таф’ю з шавялюры і кінуў на зямлю. Місіянеры ісламу абурыліся, пачалі біць і лаяць маладзёна, ды пацягнулі яго да асманскага намесніка балгарскай сталіцы. Той быў уражаны тым, як мужна і смела трымаецца Георгі. Але місіянерская задача – ёсць важная задача. Намеснік стал ласкава упэўніваць хлопца-мажора прыняць іслам, маўляў, і адкрыюцца табе шырокія жыццёвыя перспектывы ад султана Селіма (1512 – 20).

У адказ Георгі выклаў хрысціянскае спавяданне веры і выкрыў ды асудзіў памылкі веры ў Магамета. Святое для намесніка было абражана. Той абурыўся і загадаў добра адлупцавацць Георгія палкамі дзеля ўразумлення. Ды Георгі “не абразуміўся”, працягваў спавядаць Хрыста Богам. Намеснік загадаў узмацніць лупцаванні. Ісламскае місіянерства ў выпадку з апрацоўкай Георгія перайшло ў катаванні. А той працягваў славіць і клікаць на дапамогу Ісуса Хрыста.

Працяг гэтай гісторыі прадказальны і неэстэтычны. Георгія павялі па горадзе пад барабанны бой і крыкі: «Не лай Магамета і не прыніжай веру мусульманаў». Затым сярод балгарскай сталіцы распалілі вялікае вогнішча. Георгі, саслабелы ад няшчаднага лупцавання, проста ляжаў побач. А затым, яго, шчэ жывога, абураныя мусульмане ў тое вогнішча кінулі, а паверх пачалі кідаць забітых сабак – “сабаку – сабачая смерць!”

Раптам пачалася залева, вогнішча згасла. Згас і імпэт няўдалых місіянераў ісламу. Хрысціянскаму святару дазволілі ўзяць парэшткі Георгія для пахавання. Пачуўшы пра тое, што адбылося, на месца забойства Георгія прыбыў і балгарскі хрысціянскі мітрапаліт Ерамія з клірам. Парэшткі забітага выкрывальніка ерасі ісламу былі перанесеныя ў храм вялікамучаніка Георгія ў цэнтры балгарскай сталіцы.

Ці можна было Георгію не даводзіць канфлікт з мусульманамі да ўласнай смерці і застацца хрысціянінам? Напэўна, можна. Лупцаваны і забіты ён быў не за імя Хрыста, якога мусульмане шануюць, як прарока. Георгі быў лупцаваны напачатку за непавагу да мусульманскай рытуальнай шапачкі, затым – за крытыку і непавагу да Мухамада, які для мусульманаў – найшанаванейшы прарок…

Але Георгію было ўсяго дваццаць пяць гадоў. Але краіна яго была нядаўна акупавана. І менавіта акупантам-іншаверцам даводзілася адказваць хлопцу-хрысціяніну, які не мог спакойна трываць спробы абыходзіцца з ім як з ніжэйшым. Георгі абраў шчырасць і гонар замест стрымлівання сваіх рухаў і словаў, якія ўсё адно да Хрыста нікога з іншаземцаў не навярнулі. Характар і лёс у чымсьці падобныя на лёс беларуса-ліцвіна Кастуся Каліноўскага. Ці не так?

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

melnik

паэт-бард, журналіст, вернік, праваслаўны




Блогі