Стомлены спячы Бог

36464694_1287186681384404_1888295922308218880_n35. Увечары таго самага дня сказаў ім: пераправімся на той бок. 36. І яны, адпусьціўшы людзей, узялі Яго з сабою, як Ён быў, у лодку; зь Ім былі і іншыя лодкі. 37. І паднялася вялікая бура; хвалі білі ў лодку, так што яна ўжо напаўнялася вадою. 38. А Ён спаў на карме на ўзгалоўі. Яго будзяць і кажуць Яму: Настаўнік! няўжо Табе ня рупіць, што мы гінем? 39. І ўстаўшы, Ён загразіў ветру і сказаў мору: суйміся, перастань. І вецер аціх, і зрабілася вялікая ціша. 40. І сказаў ім: чаго вы такія палахлівыя? чаму ў вас няма веры? 41. І ўбаяліся страхам вялікім і гаварылі і паміж сабою: хто ж гэта, што і вецер і мора слухаюцца Яго?

(Паводле Марка 4:35-41)

Хто ён? — пытанне якім задаюцца вучні Хрыста. Але адказ на гэтае пытанне мы знаходзім у Евангеллі Марка. Яно пачынаецца з гэтага адказу — Ён Сын Божы. Каму можа падпарадкоўвацца і вецер, і мора, як не свайму Творцу?

Мы можам разам з Хрыстом папракнуць іх: «няўжо ў вас да гэтага часу няма яшчэ веры?», бо нават дэманы у наступным раздзеле кажуць, што Ён Сын Усявышняга, яны вераць, а вучні — не.

Але ці так лёгка верыць у статут спячага Бога?

Гісторыя ж пачалася з таго, што Ісус стаміўся і вучні, забраўшы Яго ад натоўпаў народа, пасадзілі ў лодку, дзе Ён заснуў. Сонны спячы Бог — ці лёгка ў гэта паверыць? Біблія кажа, што Бог не стамляецца і не знемагае. Як можна паверыць у стомленага і спячага Бога?

«Настаўнік, мы тонем», — крычаць спалоханыя вучні. Для іх Ён настаўнік. Але ж Ён ацаліў паралізаваную руку чалавека ў сінагозе! — скажаце вы. І што? Прарок Елісей тварыў шмат цудаў сілай Божай, але ён не быў Богам. Вучні Ісуса, магчыма, успаміналі біблейскія гісторыі пра Елісея і яго вучняў, праводзілі гістарычныя паралелі, але бачылі ў Ім аднаго з прарокаў. Але Бог! Іх вера павінна яшчэ саспець. Павінен прыйсці час, калі яны ўсвядомяць гэта ва ўсёй паўнаце.

А што мы? Каго мы бачым у Ісусе? Настаўніка? Прарока? Ці ёсць у нас вера, што Бог побач з намі ў лодцы жыццёвых бур і нягод? Ці можам мы давяраць Яму наша жыццё, яго бяспеку, або Ён для нас толькі легенда, біблейскі тэкст і не больш за тое? Рэальна, падумайце, ці верыце вы, што Бог з вамі побач?

Тое, што адбываецца ў лодцы не выпадкова. Перш чым адправіць вучняў у свет на пропаведзь, Ісус павінен навучыць іх верыць, што Ён кантралюе сітуацыю, Ён можа ўціхамірваць самыя страшныя буры і, як бы не было страшна перад тварам небяспекі, трэба цвёрда верыць, Ён дапаможа.

Добра, — скажаце вы, — я гатовы давяраць Богу, які са мной у лодцы, які поўны сіл і энергіі. Ён не стамляецца і не знемагае, я веру, што ён абароніць. Але… стомлены спячы Бог?! Чаму можа навучыць мяне такая гісторыя?

У ёй вучэнне пра дзве прыроды Хрыста. Так, Ён Сын Божы, Ён Бог, які можа ўтаймаваць любую буру. Але Ён стамляўся і меў патрэбу ў сне як чалавек, бо дзеля нас стаў чалавекам. Ён стаў чалавекам, каб быць побач з намі ў лодцы, каб разумець нашы задавальненні і страхі, якія раздзіраюць нас.

Вера ў Бога, спячага і стомленага, — гэта вера ў Бога, які побач, і які можа ўтаймаваць любую буру.

Але… Ёсць адно «але»: каб «стомлены спячы» Бог утаймаваў для цябе буры, трэба быць у адной лодцы з Ісусам, ці хаця б у адным мора з Ім (там былі іншыя лодкі), плыць у адным кірунку. Каб Ісус быў Богам, які побач, Богам, які дапамагае табе, хай і не абавязкова быць апосталам, біскупам ці пастарам, але быць у ліку яго паслядоўнікаў вучняў трэба.

Да таго, як апынуцца тут у час буры ў моры, гэтыя людзі аддзяліліся ад сінагогі, ад тых раззлаваных грахом, але лічачых сябе народам Божым людзей. Яны пайшлі за Ісусам да мора, яны з смагай слухалі яго пропаведзь, і паплылі ўслед за ім на другі бок мора, каб і там (калі Ён выспіцца і адпачне ў дарозе), зноў слухаць Яго.

І так! Хто гэты, што і мора, і буры слухаюцца Яго? І ці магу я разлічваць на тое, што і мае буры будуць ўтаймаваныя Ім? Гэта Бог, які побач з табой, калі ты побач з Ім.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

удальёёў

Сяржук Удальёў. Пастар Эвангелічнай рэфармацкай царквы (Мінска-Магілёўская дыяцэзія), прэзбітэрыя святога Ансэльма, CREC. Магістр багаслоўя. Нарадзіўся 5 ліпеня 1976 года.

06 ліпеня 2018 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі