Святары, заводзьце сабе фэйсбук!

інтэрнэтТаму што ў ленце вас не хапае. Вы ж пра нешта думаеце, вам трапляюць у галаву новыя ідэі, вы сустракаецеся з цікавымі людзьмі, і вам сапраўды ёсць чым дзяліцца. Упэўнены, што вынік параўнання часу, які хрысціянін праводзіць у храме, і працягласць яго завісання ў нэце ўсім вядомы. Таму сёння некалькі прапановаў. Напрыклад.

Вы пробашч. Чаму б не напісаць пра падрыхтоўку да надыходзячых святаў, закінуць сэлфі з біскупам падчас сустрэчы, падзякаваць за прыбіранне святыні і паведаміць шмат яшчэ пра што? Магчыма, вы патрабуеце малітвы, ці хтосьці іншы прасіў вас пра яе. Альбо закрыстыянін Зютак распавёў вам смешны анекдот. Дык напішыце! Людзям будзе цікава. Ды і вы будзеце больш блізкім.

Вы просты вікарый. Падзяліцеся артыкулам, які вас уразіў, нагадайце пра біблійнае кола, закаменцьце здымак парафіянкі з адпачынку на Кіпры, ёй жа будзе прыемна! Ці проста павіншуйце ўсіх са святам. А можа, закіньце здымак з моладдзю з вечаровых пасядзелак на возеры? Мамы ж абавязкова зробяць перапост! У вас ёсць рэальная магчымасць дабавіць у ленту навінаў нешта вартае.

Вы будуеце касцёл? Дык пачніце яго будаўніцтва з сайта! Таму што звычайна па-за межамі вашай парафіі мала хто ведае пра вашу працу. Напішыце пра тое, што прывезлі блокі, ці паспелі купіць таннейшы цэмент, ці ў будаўніка Васі нарадзілася дачка. Дадайце некалькі здымкаў. Патэнцыйны спонсар ацэніць гэта. Людзям будзе цікава. Яны напэўна паразмаўляюць пра гэта на працы ці ўзгадаюць падчас сустрэчы з сябрамі. Папа Францішак нездарма сказаў, што «інтэрнэт сапраўды дае бязмежныя магчымасці для яднання людзей і праяўлення салідарнасці».

Жніво інтэрнэту вялікае, а працаўнікоў мала. Адкіньце стэрэатыпы. Падпішыцеся вашым сапраўдным імем, змяніце нейкі левы пейзаж на ваш класны здымак і пішыце. Таму што сацыяльныя сеткі можна называць па-рознаму, але для хрысціян гэта перш за ўсё магчымасць, якой варта карыстацца.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

18 ліпеня 2015 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі