Святы дзень Святла!

26942928_1780367441993604_505748986_nХрыстос Хрышчаецца!

Шчыра вітаю з Богаяўленнем ды Хрышчэннем Гасподнім!

Дарагія сябры! Царкоўныя пісьменнікі на Дзень Богаяўлення пакінулі для нас нямала настаўленняў, сваіх разважанняў. Яны ў асноўным пахвальнымі словамі апісвалі Дзень Святла, з’яўлення ў свет Збаўцы. Св. Якаў Саруга лічыў прыход Ісуса Хрыста на Ярдан своеасаблівай рысай Старога і Новага Запаветаў, бо пачынальнікам закона ёсць Маісей, а яго завяршальнікам св. Ян Прадвеснік. Хрысціцель Гасподні кожны дзень прапаведаваў пра Хрыста Збаўцу, і вось Ён прыйшоў на Ярдан. Папярэднік ўказаў на Яго такімі словамі “Вось Ягня Божае” і поўны здзіўленне, стрымліваючы Яго, сказаў: “Мне трэба хрысціцца ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне” (Мц. 3:14). Але Хрыстос сказаў яму: ”Пакінь цяпер, бо так належыць нам выканаць усякую праўду” (Мц. 3:15). Гэта значыць, не перашкаджае Мне хрысціцца ў Ярдане, бо Ты не перашкаджаў нарадзіцца ад Дзевы, бо Я захацеў і прыйшоў праз нараджэнне і гэтак жа не перашкаджай Мне увайсці ў Ярдан. Багародзіца ахутвала мяне ў Сваіх руках, а Ярдан агорне мяне сваёй вадой. З гэтага часу Я ўваходжу ў статак авечак, і так мне трэба будзе выканаць праўду. Я пачынаю служэнне святарскае. Я пачынаю вялікі шлях хросны, Свае добраахвотныя пакуты. Не кажы пра Маю веліч, бо Мне належыць сёння схавацца. Стваральнікі спеваў на ярданскія святы красамоўна і не раз падкрэсліваюць гэты дыялог, ужываюць дзіўныя і кранальныя да глыбіні душы і збянтэжанасці сэрца параўнання, як вось гэткае: «Учора ў яслях Цябе пакладзенага, а сёння ад рук Янавых ахрышчанага Цябе бачым…!».

Хрыстовым хрышчэннем на Ярдане асвяцілася водная прырода, і таму неад’емным старым звычаем у Павячэр’е Богаяўлення і ў сам Дзень Хрышчэння Гасподняга з’яўляецца асвячэнне вады на рэках, сажалках і азёрах. Асвячаецца вада і ля храмаў у спецыяльна прыгатаваных для гэтага сасудах, немалых ёмістасцях. У нашага народа захавалася багата трывалых традыцый і звычаяў на ярданскія святы і асабліва звязаных са святой вадой, святой агіязмаю, святыняй. Часам гэтыя звычаі нават супярэчылі царкоўнаму вучэння аб святой вадзе, таму кіраўнікі Кіеўскага Праваслаўя звярталіся да тлумачэння значэння самой агіязмы.

Так паступіў наш вялікі свяціцель Пётр Магіла, мітрапаліт Кіеўскі, на Саборы 1640 г., які парушыў надзвычай далікатнае для таго часу пытанне аб так званым «прычасці агіязмою». У прыватнасці, адзначалася «маленькі і непатрэбны прыдатак да Страцінскага Трэбніка (калісьці выдадзенага ў Страціні Львоўскім біскупам Гедэонам Балабанам у 1606 г.) недарэчную цырымонію “Прычасця Агіязмаю” або святой Вадой Богаяўлення, як забабон, пра які ў грэчаскіх трэбніках ніводнай паметкі няма, бо ў Святой Усходняй Царкве адзінае Прычасце Цела і Крыві Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, пад абодвума відамі Хлеба і Віна ведаем, а Прычасця Агіязмаю ёсць непатрэбны і стары забабон”. Парушаная на Кіеўскім Саборы 1640 г. праблема “прычасця агіязмаю” раней асуджалася папярэднікам Пятра Магілы мітрапалітам Кіеўскім Ісаяй Капінскім. Як бачым, яна знайшла свой працяг і была асуджаная Саборам айцоў Кіеўскага Праваслаўя. Аднак забабон гэты меў пад сабой гістарычную аснову, бо ў старажытнай Усяленскай Царкве існаваў такі звычай прычашчаць святой вадой тых, якія былі за якія цяжкія правіны пазбаўленні прычашчэння Святых Тайн. Затым гэты звычай паступова быў знішчаны, але памяць аб ім засталася і доўга існавала у Кіеўскай Мітраполіі, дзе “прычашчалі Святой Багаяўленскай вадой» цяжка хворых, парадзіх і інш. Такім чынам, як бачым, Кіеўскі Сабор 1640 гэты звычай адкінуў назаўжды. У Трэбніку Пятра Магілы 1646 маем слова, што прыпісваецца св. Пятру Магіле: “Наказаніє о Богоявлєнской священной Воді, яко єсть от Бога данноє общеє і явственноє істинния Церквє знаменіє”, у якім прыводзяцца мінімум чатыры прыкладу цудаў са святой Багаяўленскай вадой, якая пасля асвячэння доўга захоўваецца і нават з часам ператвараецца ў віно.

26940685_1780367411993607_316222778_n

Адносна захавання і набожнага стаўлення да святой Багаяўленскай вады даю вам сябры некалькі парад: Па-першае, ведайце, што вада асвячоная напярэдадні 18 студзеня ў Павячэр’е Богаяўлення і ў Дзень Хрышчэння Гасподняга 19 студзеня з’яўляецца аднолькавай па сваіх уласцівасцях, як аднолькавы, адзін і той жа чын яе асвячэння — чын вялікага асвячэння вады. Таму няма вады Багаяўленскай і вады на Вадохрышча, як гэта часта сустракаем і чуем ад іншых, не зусім асвечаных. Па-другое, ваду набіраюць не ў пластыкавыя бутэлькі (бо так у асноўным зручна), а ў керамічны або шкляны посуд, так як гэта рабілі нашы продкі. У вашых дамах павінен быць спецыяльна прыгатаваны для гэтага посуд, яго можна ўпрыгожваць, ці гэта можа быць спецыяльна ўпрыгожаная, размаляваная бутэлька або гліняны сасуд. Па-трэцяе, ваду лепш захоўваць там, дзе ёсць у вашых дамах святое месца, святы куток, каля абразоў. Спажываем ваду з прасфораю або без, у асаблівых выпадках, п’ямо з верай.

Хай вам усім свята іарданская вада будзе на душэўную і цялесную карысць!

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

18191047_1502646996432318_90157670_n

Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Дзімітрый (Рудзюк), мітрапаліт Львоўскі і Сокальскі

18 студзеня 2018 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі