Трагедыя тэрору – урок для нашчадкаў

нквд

Сёння, 29 кастрычніка, мы молімся за спачын людзей, якія зрабіліся ахвярамі вялікага тэрору, які быў развязаны нялюдскаю бальшавіцкаю ўладаю не толькі супраць беларускага народу, а і іншых народаў, што воляю лёсу апынуліся ў дзяржаве-канцлагеры пад назваю СССР.

Але гэты дзень – дзень смутку і малітвы, адначасна ёсць і днём вечнага ўроку для кожнага з нас. Гэты ўрок мусіць нас задумацца над спрадвечным пытаннем: Чаму? Дзе тая кропка гісторыі, якая зрабіла савецкі генацыд немінучым, у якую хвіліну на шляху лёсу народаў паўсталі Курапаты і Салаўкі, Сандармох і Бутаўскі палігон, ГУЛАГ і Галадамор…

Біблія вучыць нас, што ўсім вялікім трагедыям чалавецтва, народу, нацыі або асобнага чалавека заўсёды папярэднічала фатальная памылка (грэх). Менавіта яна рабілася той кропкай, якая падзяляла жыццё на “да” і “пасля”. І перад кожнай трагедыяй, якую апісвае Стары або Новы Запавет, людзі зневажалі знакі, якія ім даваў Бог… Тое ж самае адбывалася і адбываецца і ў навейшай гісторыі, калі людзі, зневажаючы хрысціянскую мараль, спрабуюць пабудаваць свой, “лепшы свет”.

У 1917–1918 гадах Гасподзь падараваў Беларусі ды яе народу ўнікальны шанс – зрабіцца гаспадарамі на сваёй, Богам дадзенай зямлі, што спраўдзілася ў акце 25 сакавіка 1918 гадах. Але, адначасна, нам ужо была паказаная жудасная сутнасць той бальшавіцкай навалы, якая насоўвалася на Беларусь з Усходу. І вось, замест таго, каб адгукнуцца за заклік праведнікаў, аб’яднацца ды стаць на абарону Бацькаўшчыны, большасць народу засталася абыякавай… Хтось пісаў кніжкі, хтось пагрузіўся ў асабістыя амбіцыі, хтось апрацоўваў атрыманую зямлю, хтось адкінуў Хрыста ды пагрузіўся ў нялюдскі сацыялістычны эксперымент, хтось… Нават папярэджанне Божае, калі наша Радзіма апынулася падзеленай паміж Польшчай ды СССР, не прымусіла нас задумацца. Ба, нават больш, ужо выдатна ведаючы сатанінскую сутнасць бальшавіцкага рэжыму, вырашылі, што з ім можна супрацоўнічаць, суіснаваць… зачыняючы вочы на руйнаванне храмаў, на знявагу спрадвечных маральных каштоўнасцяў народу, на гвалт над сялянамі. А галоўнае – усе раптам неяк забыліся, што д’ябал заўсёды спакушае салодкім, каб потым прывесці да страты… Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць – менш чым за дзесяць гадоў уласнаю працаю выгадавалі “Левіяфана”, які зжор не толькі іх, а і дзяцей ды ўнукаў.

Знявага Запаветаў Божых, абыякавасць да лёсу Радзімы, служэнне “князю свету гэтага”, асабістая талерантнасць да зла ды ўласныя амбіцыі – вось тыя трагічныя кропкі лёсу, з якіх паўсталі шматлікія Курапаты на нашай зямлі…

Сёння, калі адгучыць памінальная малітва, усім нам варта ўслухацца ў смертную цішыню Курапат… і Гасподзь прынясе нам голас плачу мільёнаў ахвяр: “Няхай наша доля не паўторыцца ў вас, нашы памылкі няхай навучаць вас”…

Наша памяць аб ахвярах савецкага тэрору – гэта не толькі малітвы, слёзы, крыжы і кветкі. Гэта яшчэ і вялікі ўрок для ўсіх нас, каб уласныя амбіцыі, падзеленасць, ганарлівасць, абыякавасць, пасіўнасць, талерантнасць да злога, не зрабіліся падставай для з’яўлення новых Курапат… Гасподзь зрабіў нас гаспадарамі цудоўнай зямлі, даў нам анёльска-мілагучную беларускую мову. Але быць гаспадаром – гэта не толькі задаволенне, а і вялікая адказнасць. Таму толькі ўсведамленне кожным уласнай адказнасці прад Богам за Ягоны дарунак, прывядзе да адказнасці нацыі ў яднанні, нішто іншае не можа прывесці нас да перамогі над цемрай сённяшняй ночы ды гарантыяй таго, што Курапаты назаўсёды засталіся ў мінулым.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

horbik

Протаіерэй Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату

29 кастрычніка 2017 | Блогі | Тэгі:



Блогі