Трагедыя ў Стоўбцах: крызіс настаўніка і адсутнасць бацькоўскай рукі на плячы падлетка

podrostok01_b

Нельга закрыць вочы падлетку на несправядлівасць у свеце, праявай чаго з’яўляецца любое зло нянавісці, гвалту, пазбаўленне жыцця чалавеку. Падобныя сцэны не толькі ў інтэрнэце, тэлевізары, друку, яны з’яўляюцца і на старонках Святога Пісання.

Пры сустрэчы з падобным неймаверна важна, адкуль скіраваны погляд дзіцяці – з адзіноты і пакінутасці, ці з прысутнай бацькоўскай любові.

Часам бацькі перакананыя, што іх любоў мае выключна свае праявы ў забеспячэнні дабрабыту і годных умоваў. Кампутар на стале і сучасныя гаджэты ў кішэні падлетка не навучаць яго адрозніваць сапраўдныя каштоўнасці, чым з’яўляецца як вартасць жыцця іншага чалавека, так і свайго ўласнага. Гэтаму вучаць нават не словы і адмысловыя ўрокі ў школе, гэтаму павучае рука на плячы дзіцяці, пакладзеная бацькамі, няздымная ў пазнанні дабра і сумным вопыце зла.

Вельмі сумна ўсведамляць, што пры добрых умовах жыцця і дабрабыце ў сям’і дзіця застаецца сіратою, а яго ўнутраны свет застаецца толькі віртуальным, што ў кампутары, што ў рэчаіснасці. Размежаваць як дабро і зло, так і ўяўнае ад сапраўднага ў падлетка здольная толькі любоў, прысутная праз бацькоў.

Бацькі, не бойцеся, калі вочы вашага дзіцяці бачаць зло, панепакойцеся, што пры гэтым досведзе адсутная ваша рука на плячы падлетка!

Другі бок праблемы – крызіс настаўніка. Функцыя настаўніка ў жыцці вучня незалежна ад ступені навучання (ці гэта першакласнік, ці студэнт) мае свае вымярэнні.

Цэнтрам гэтых вымярэнняў стаецца яго прафесійнасць, што выклікае не толькі ў вучня, але і ў іншых пасіўных удзельнікаў працэсу навучання (бацькоў, калегаў) дзіваванне і нават агаломшанне. Якаснае прафесійнае здзяйсненне сваіх абавязкаў расчыняе другое вымярэнне — захапленне пакліканнем настаўніка, зачараванне абраным ім шляхах. І калі для вучня і вонкавага назіральніка гэтае вымярэнне расчыняецца з прафесійнай дзейнасці настаўніка і з’яўляецца цэнтральным, то для настаўніка базавым і асноўным з’яўляецца яго пакліканне.

Без выдатнай прафесійнай дзейнасці настаўніка вучань не ацэніць шляхетнасць яго паклікання, не будзе шанаваць яго асобу. Настаўнік жа без паклікання не зможа здзейсніцца.

Калі мы кажам пра крызіс школы і настаўніка, то хутчэй за ўсё варта шукаць яго не ў першых двух вымярэннях, а ў трэцім, бо і такое існуе – практычная рэалізацыя ведаў вучня ў будучым, карысць пазнанага і вартасць у перспектыве арганізацыі яго жыцця і дзейнасці, самарэалізацыі.

Адсутнасць перспектывы для рэалізацыі нават самых якасных ведаў прымушае сумнявацца вучня ў іх патрэбнасці, крычыць аб тандэнтнасці ўсяго працэсу навучання, абясцэньвае паклікання і прафесіяналізм настаўніка, які і сам пры такіх абставінах губляе сэнс і патрэбу сваёй дзейнасці. Тут месца радовішча фармалізму, павярхоўнасці і ўзаемнай абыякавасці.

Кажучы пра крызіс настаўніка, варта ўсё ж прааналізаваць грамадства, што не патрабуе адукаваных спецыялістаў і людзей паклікання, зачыняе перад імі дзверы, абясцэньвае вартасць іх ведаў, адбірае перспектыву і магчымасць рэалізацыі. Дык ці толькі крызіс гэта настаўніка?

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

surynovic

Каталіцкі святар, пробаш парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі

02 сакавіка 2019 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі