Усміхніся. Хрысціянін не можа быць сумны

ФранцішакУ мінулым годзе мне часта на вока трапляліся звычайныя светлыя торбы з надрукам “Усміхніся. Хрысціянін не можа быць сумны. Папа Франчэска”. Некалькі разоў гэта выклікала на маім твары ціхую ўсмешку. І вось, праз год я даведалася, дзе такія цуды прадаюць і замовіла сабе таксама.

…Вечар, стаю на прыпынку. Нейкая старэйшая жанчына прыгожа мне ўсміхаецца. Думаю, што з’яўляецца прычынай, і толькі праз некалькі хвілін разумею – мая торба.

Універсітэт, шостая пара – выразная адсутнасць сілы і радасці. Раптам сяброўка кажа: “Яна, усміхніся! Хрысціянін не можа быць сумны”. Нацягнута ўсміхаюся і адказваю, што сілы пад канец цяжкога дня зусім ужо няма.

Зусім нядаўна еду ў трамваі. Нейкія маладыя мужчыны пераглядваюцца і некарэктна кіўком галавы паказваюць на маю торбу. Усміхаюцца, але той простай дабрыні зусім нябачна. Я нібы хаваю напіс далонямі, а выходзячы на сваім прыпынку, стараюся не паказаць такое “паведамленне” тым, хто гэтага і так не ацэніць.

Гэтыя тры сітуацыі маюць паказаць вам адну важную думку: дзякуючы гэтай торбе я адчула на сабе “цяжар” хрысціяніна. Гэты напіс як быццам мая публічная дэкларацыя веры ў жывога Бога, а з тым – пэўных праблем. Я паўсюдна з ёй хаджу, як быццам паўсюль нашу з сабой сваю дэкларацыю.

Торба прымушае мяне быць сумнай. Таму што часам я паводжу сябе зусім не па-хрысціянску, зусім не думаючы пра свой ўнутраны абавязак. Раптам я ўспамінаю пра торбу і раблю крок назад, сваруся на сябе за зробленае.

Торба прымушае мяне ганарыцца. Часам я спецыяльна ўсміхаюся, каб людзі побач зразумелі, як выглядае той хрысціянін у добрым настроі. Ідучы па вуліцы, усміхаюся да людзей, нібы праз сябе паказваючы, што восень, зіма, дождж і адсутнасць сонейка – не бяда, можна быць радасным цяпер і сёння.

Торба прымушае мяне саромецца. Прэсінг грамадства, вядома, вялікі. І я таксама часам паддаюся яго ўплывам. Я саромеюся, калі хтосьці насмешліва паказвае пальцам, нядобра ўхмыляецца ці жартуе. За каго мне больш сорамна я не ведаю: за сябе, што не магу абараніць свайго Бога ці за такіх людзей, для якіх мая дэкларацыя – повад для горкіх жартаў.

І ўрэшце, торба прымушае мяне “раскашэліцца”. Не, маркетынг хіба што не спрацаваў. Проста цяпер я хачу кожнаму свайму сябру купіць такую торбу, каб ён мог адчуць на сабе тое, што адчуваю я. Каб вера не была дзесьці ўнутры, каб яна была звонку.

Я ведаю, што веруючыя павінны евангелізаваць, павінны выходзіць да людзей і несці Хрыста туды, дзе пра Яго забылі ці нават ніколі не ведалі. Я ведаю, што вера не павінна скончыцца на гарачых малітвах і “абароне” касцёла перад нападамі. Але, дзякуючы гэтай торбе, я зразумела, на колькі я яшчэ малая і на колькі я слабая ў веры з усімі сваімі боязямі.

Жадаю сабе і вам, каб гэты прыгожы заклік Папы Франчэска стаў паўсядзённым адзеннем, без якога б ні адзін хрысціянін не мог распачаць свой дзень.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

ткачук

Паходжу з Ліды, але атрымоўваю веды з журналістыкі ў Варшаве. Пакуль што адношу сябе да пакалення 20-гадовых. Люблю коцікаў і задаваць дзіўныя пытанні. Пішу лепш, чым размаўляю.

10 снежня 2014 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі