Віды і падвіды каталікоў

касцёл-сальватораКожны, хто мае пэўны касцёльны досвед, можа расказаць шмат цікавых гісторый і назіранняў за жыццём роднай парафіі. Я ж вырашыла падзяліцца з вамі топ-чартам каталікоў. Віды і падвіды ўсе не выдуманыя, яны пацверджаныя шматгадовай практыкай і знаёмствамі з рознымі людзьмі.

1. Той самы салідны від каталікоў – гэта веруючыя-практыкуючыя. Яны ходзяць у касцёл больш чым раз на тыдзень, у іх куртачцы ня проста так ляжыць ружанец, а ў заплечніку абавязкова знойдзецца які-небудзь абразік з нядаўніх рэкалекцый. Звычайныя людзі, якіх вылічыць у натоўпе складана. Яны таксама ходзяць на вечарыны, любяць пасядзець за півам і цыгарэткай у старой кампаніі.

2. Аказіянальшчыкі. Увага, анекдот.

— А ты чаму перастаў у касцёл хадзіць?

— Ды задзяўбалі! Як не прыйду – усё яйкі свенцяць!

Такія веруючыя адрозніваюцца пабожнасцю некалькі раз на год. Не, усе дзеткі ў іх пахрышчаныя, самі яны абавязкова ўзялі шлюб, але ў нядзелю ў іх проста няма часу. Аднак падчас вялікіх каталіцкіх святаў час знаходзіцца і такіх каталікоў можна заўважыць зазвычай у канцы касцёла. Іх выдае часты знак крыжа, незразумелы твар падчас камуніі і маўчанне падчас спеваў.

3. Выбаршчыкі. Такія каталікі стараюцца хадзіць у касцёл, стараюцца быць падобнымі да хрысціянаў і часам кажуць “я ўвесь час думаю пра Бога”. Аднак у сваім жыцці выбіраюць кампрамісы паміж хрысціянствам і штодзённасцю. Не есці мяса ў пятніцу не магу – я працую.

4. Духоўныя. Любімая фраза, па якой можна распазнаваць такіх каталікоў – гэта “я веру ў душы”. Гэты найбольш папулярны від быў выхаваны не ў надта веруючых умовах, але з павагай да Бога як да Таго, каго лепш не злаваць. Таму і цяпер, у дарослым жыцці, яны называюць сябе веруючымі, хоць у касцёле апошні раз былі гады 3 таму. Прагляд фільма ў Вялікую Пятніцу пра апошнія тры дні жыцця Езуса дадае ім веры.

5. Пашукавікі і навігатары. Вялікая задача гэтых людзей – знайсці сабе ў касцёле жонку ці мужа. Часцей сустракаюцца хлопцы, якія пасля аб’ядання дрэннымі дзяўчынкамі разумеюць, што найлепшыя ходзяць у касцёл. Падчас малітвы яны лёгенькімі рухамі вачэй накрэсліваюць сабе кандыдатак. Пасля гэтага альбо падыходзяць пасля службы, альбо проста глядзяць і ўлюбляюцца на кожнай малітве.

6. Кампанейскія. У касцёле ім падабаецца. Там весела, ёсць моладзь і цікавыя святары. У гэтым відзе часцей сустракаюцца дзяўчаты, бо хлопцаў у касцёльнай моладзі мала і іх трэба хапаць. Зазвычай сыходзяць, калі знаходзяць новую кампанію.

7. Выдатнікі. Ходзяць ва ўсе колы і прыкасцёльныя групы. Моляцца навэннамі, літаніямі, ружанцамі і каронкамі штодня. Часта выносяць прапановы аб стварэнні яшчэ адной малітоўнай групкі.

8. Пратэстанты. Так-так, ёсць у коле каталікоў і такі від. Гэтыя веруючыя страшна любяць пратэстанцкія меладычныя і прыгожыя песні, і просяць святароў арганізоўваць малітвы ў іх стылі. Але трэба прызнаць, што такое вытрымае не кожны, бо трэба рэальна адкрыцца і забыць пра ўсіх побач.

9. Пытаннечкі. Такія, зазвычай маладыя людзі, пасля кожнай службы прыходзяць да святара, каб задаць яму пытанне. Калі атрымаецца паставіць святара ў ступар хаця б на 5 секунд – лічы, ты ўжо выйграў і атрымаў залаты медаль за найлепшае пытанне года.

10. Алканафты. Пасля чарачкі-другой адчуваюць вострую патрэбу паразмаўляць пра сваё грэшнае жыццё і святога Бога. Могуць заваліцца ў касцёл падчас св. Імшы і гучна выказваць сваё жаданне размовы. Хутка выводзяцца з касцёла магутнымі міністрантамі.

11. Палякі. Каталіцызм – гэта рэлігія палякаў, а польская мова – святая мова. Любяць прыходзіць на Імшу па-беларуску і адказваць святару па-польску. Падчас малітвы верных цвёрдa адказваюць Wysłuchaj nas, Panie замест Выслухай нас, Пане.

12. Крытыкі. У нечым падобныя да п. 9, але адрозніваюцца крытыкай. Яны не хочуць ставіць святара ў ступар, яны хочуць змяніць усю сістэму, а разам і іерархію. Што ж, голас праўды ў іх ёсць, але максімум, што яны могуць здабыць – гэта або смех, або злосць святара.

13. Законнікі. Ніхто не ведае, адкуль яны бяруцца. Яны прыходзяць нечакана, знаёмяцца з усімі і падаюцца трошкі дзіўнымі. Праз пару спатканняў шчыра вызнаюць, што іх шлях – гэта кляштар ці семінарыя. Бамбяць духавенства пытаннямі і размовамі пра духоўнае жыццё, часам нават упэўніваюць у блізкім знаёмстве і пратэкцыі біскупаў. Потым проста знікаюць. У кляштары іх няма.

14. Блюсціцельніцы парадку. Гэты від адносіцца хутчэй да нашых каханых бабцяў. Ніводная такая бабулька не прайдзе міма дзяўчынкі ў спаднічцы вышэйшай чым далонь ад калена. Абавязкова насварыцца на іншую дзяўчынку ў сукенцы з аголенымі плячыма. Яна лічыць сваім жыццёвым прызначэннем сказаць моладзеваму хору, што іх песні – абы-што і яны не ўмеюць спяваць.

Мае віды і падвіды каталікоў  — гэта суб’ектыўнае адчуванне свету.  Калі вы можаце знайсці тут сваіх сяброў і знаёмых, а можа нават сябе – значыць, штосьці такое ўсё ж існуе. Галоўнае – памятайце: нішто і нічога не можа быць важней за тое, што мы любім Госпада.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

ткачук

Паходжу з Ліды, але атрымоўваю веды з журналістыкі ў Варшаве. Пакуль што адношу сябе да пакалення 20-гадовых. Люблю коцікаў і задаваць дзіўныя пытанні. Пішу лепш, чым размаўляю.

28 красавіка 2015 | Блогі | Тэгі:



Блогі