Воля

У Волі залатыя валасы. Сонечныя прамяні скрозь успышкі жоўтага лісця кранаюць вейкі, і ты прымружваешся, нібы перад пацалункам. Свята грае проста ў цябе на твары агністай, мядовай, бурштынавай, настоенай на палым кляновым і таполевым лісці свежасцю.

Потым залацістыя струны будуць то тут, то там прабліскваць на тваім швэдры і расплятаць згадкі разам з галавакружным водарам.

У Волі шэрыя вочы. Глыбокія, родныя вочы агромністага шэрага неба, якое ўдыхаеш на поўныя грудзі. Беларусь, мілая, я з табой.

У Волі крынічна звонкі і меладычны голас. Удых з верхавінаў хвояў, чые адлюстраванні тонуць у безданях Нарачы, і выдых з шумам мінскіх вуліцаў.

Пазбаўленыя волі ведаюць — яе чакаеш так, як спаткання з каханай. Толькі заплюшчы вочы і ўяві. Перасыхае ў роце… Сэрца калоціцца, хоча вырвацца і мячыкам скакаць проста ў яе цёплыя, ласкавыя далоні.

Воля прыходзіць ці ў летняй лёгкай сукенцы, перахопленай пасам, і тады яе аблічча праменіць золатавалосым німбам, ці ў вышыванцы з белі і чырвані, жывым сцягам на цёплым вясновым ветры, ці ў пухнатай зімовай куртачцы ды высокіх боціках, так што вакол робіцца горача, ці ў шляхетным восеньскім паліто, якое акрэслівае зграбнай лініяй стан і так пасуе яе каралеўскім вачам колеру беларускага неба.

Яна моўчкі, пяшчотна абдымае цябе, ледзь кранае шчаку вуснамі, быццам запальвае зорку, і лёганькі дотык пальчыкаў на плячох дае табе адчуць адказнасць за свет вакол нас.

Воля як свабода ў беларускай мове азначае таксама і рашучасць у дзеянні. Каму, як ні беларусам, хрысціянскаму народу, ведаць, што моцная воля ўласцівая толькі свабодным.

Наша нацыянальная бязвольнасць пачынаецца тады, калі беларус адварочваецца ад Бога.

Вызваленне, Дзень Волі, вольная воля, валявы ўчынак… Воля прысутнічае ва ўсім тым, чаго нам так не хапае.

Вольная — адно з тлумачэнняў імя Беларусі. Вось чаму беларусы так часта называюць сваіх дачок Волямі.

Воля вытанчаная. Воля грацыёзная. Воля патрабавальная — здольная адным упартым шэравокім позіркам з­-пад узмаху тонкіх выгнутых бровак даць зразумець, што рабіць, і натхніць на тое, што не пад сілу іншым.

Воля ласкавая — ад цеплыні подыху, у які акунаешся па выхадзе з каменды, да наймалейшых, амаль незаўважных дотыкаў, кожны з якіх — знак.

Здаецца, яшчэ кропелька пяшчоты — і страціш прытомнасць ад шчасця.

Вялікая беларуская воля, здольная на самаадданасць, ахвярнасць і штодзённую святасць, — вобраз і падабенства тае Волі, што вяла на Галгофу Збаўцу.

Паэт нашага вольнага залатога веку Андрэй Волян (амаль што Волін) пісаў «Да палякаў і ліцвінаў»:

Дай жа, Божа, каб воля вас

упадабала,

Ды над ёй сваволя ўжо

не панавала…

Беларуская Воля — гэта свабода ў Хрысце. Адкрываеш сэрца для цэлага сусвету веры і любові, каб умясціць Неўмяшчальнага.

«А хто не любіць Волі — не нашага роду».

Купала, у кропку.

Куплін, бывай.

Вольна, як жа вольна… Узгоркі і лагчыны дыхаюць, уздымаюцца і апускаюцца з шумам ветру абапал дарогі. Неба праз сіняватую смугу пераліваецца ў зямлю на даляглядзе — асцярожна, павольна, быццам блакітнае малако з велізарнай даёнкі льецца, льецца ў кубак, блішча донцам сонца, дзесьці па-над Еўропай, апракідваецца глыбокім закатам… І трапеча лісце дрэваў прывітальнымі ўзмахамі, і ловіш іх позіркам на імгненне, і так хочацца паспець кіўнуць у адказ.

Вочы, цёплыя ўсмешкі, крышталёвыя слёзы матулі, поціскі рук, «Ооо!» з самай беларускай глыбіні, усе гэтыя светлыя чалавечыя вокны, быццам агні вялікага горада, праз якія на цябе глядзіць Госпад.

І радзімка ля яе вуснаў.

І прысутнасць чагосьці найвышэйшага.

І ты раптам разумееш, што аглушальны лямант званка на праверку а шостай раніцы, малатарня жалеза на складзе, цёмная, з выкручанымі лямпачкамі, задушлівая ад куродыму і мачы, вечна ліпкая агульная прыбіральня, і куплінскае неба, нарэзанае на празрыстыя лусты кратамі, — гэта ўсё было дадзена, каб адчуць пякуча, пранізліва, усім сэрцам яе чысціню, яе ласку, яе хараство.

Ясную. Любую. Найпрыгажэйшую.

Волю Божую.

З кнігі “Беларуская глыбіня”

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

sevjarynec

Павел Севярынец, нарадзіўся 30.12.1976. Беларускі пісьменнік, публіцыст, у 1997-2004 гг заснавальнік і лідэр “Маладога Фронту”, з 2004 г і дагэтуль – сустаршыня партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя. Больш як 5 гадоў адбыў у зняволенні паводле палітычных прысудаў. Аўтар кнігаў: “Ды-джэй Адраджэння”, ” Пакаленне Маладога Фронту”, ” Люблю Беларусь”, “Брату”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча (2006), прэміі імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”(2008). Жанаты. Праваслаўны хрысціянін.
Фраза, якую не можа чуць: ” Ай, няхай, і так сыдзе”.
Любімая цытата: ” Няхай не сумняваецца сэрца вашае; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце” – кажа Ісус. ( Евангелле паводле Яна, 14:1) – верш з Бібліі, пасля якога пакаяўся і прыняў Хрыста.

25 жніўня 2020 | Блогі |



Блогі