Вялікае мыццё, або як перастаць капацца ў чужым брудзе

мыццёУжо два доўгія тыдні ў Варшаве ўсё кіпіць: польскі тыднёвік «Wprost» апублікаваў здымкі і гарачы тэкст пра “дарослыя цацачкі” аднаго з найбольш вядомых журналістаў – Каміля Дурчака. Маўляў, спачатку ён не хацеў адчыняць дзверы ўласніку кватэры, калі ж паліцыі ўдалося ўвайсці ў пакой, там яны знайшлі белы парашок, дыскі з парнаграфіяй і надуўную жанчыну.

Гэта скандал. Папулярная газета з высокай полкі паказала ўсёй Польшчы сродкі рэлаксацыі цяжка працуючага журналіста. Пасля гэтага газета абвінаваціла Дурчака ў сэксуальным дамаганні да сваіх працаўніц. На спецыялізацыі ўсе мае аднагрупнікі крычалі, што стыль і тэма напісання гэтага артыкула не маглі мець месца ў элітным выданні. А я сядзела і думала: “Езус напэўна б не заглядваў яму ў ложак”.

Езус б, напэўна, злаваўся, напэўна, быў бы расчараваны і, напэўна б, выказаў сваю незадаволенасць. Але Ён бы прабачыў, не разглядваючы брудную пасцельную бялізну. А мы, людзі, хочам зрабіць чужыя грахі агульнадаступнымі, каб высмеяць чалавечую слабасць. Колькі намаганняў каштуе прабачыць чалавеку яго неідэальнасць так, як робіць гэта для нас штодня Госпад.

Мне гэтага чалавека шкада. Так проста, па-людску. Аднак гэта сітуацыя стала добрым штуршком, прынамсі, для мяне, каб паглядзець на сябе з боку. Мы таксама не без граху, можа, не будзем кідаць у яго камень?

Гэтыя 40 дзён з’яўляюцца найлепшым часам для таго, каб паглядзець на сваё жыццё іншымі вачыма. Гэта нагода, каб зазірнуць у самыя цёмныя куты свайго жыцця і адказаць сабе шчыра на пытанне: “Ці ж не згубіўся я ў віры штодзённасці?” Алкаголь, можа сумнеўныя сувязі, можа звычайная людская пыха — гэта ўсё забівае ў нас Бога.

У гэтым Вялікім Посце я заклікаю вас быць сапраўднымі вучнямі Езуса. Заклікаю вас прабачаць тых, хто рве вашае сэрца на кавалкі ці проста не адпавядае вашым уяўленням добрага чалавека. Заклікаю вас выкінуць камяні, якія вы ўжо трымаеце ў руках для няверных і пакласці іх на сваю гару грахоў.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

ткачук

Паходжу з Ліды, але атрымоўваю веды з журналістыкі ў Варшаве. Пакуль што адношу сябе да пакалення 20-гадовых. Люблю коцікаў і задаваць дзіўныя пытанні. Пішу лепш, чым размаўляю.

02 сакавіка 2015 | Блогі |



Блогі