Вялікая Пятніца

29597725_1837696499614474_2150920556335692067_n

Паміж трыумфальным уездам Езуса ў Ерусалім і Ягонай ганебнай смерцю на крыжы існуе велізарная прорва. Так дыяметральна супрацьлеглыя гэтыя падзеі. Слава і ганьба, трыумф і смерць – яны розныя, як дзень і ноч. Дзе ёсць адно, там няма месца другому.

Тым не менш, метамарфоза ад захаплення Езусам да нянавісці ў настроях жыхароў Ерусаліма мела месца, і тое, што лагічна, ніяк не злучаецца ў адзіны ланцужок прычынна-наступчых падзеяў, адбылося праз адмову чалавека быць сабою, быць чалавекам.

Сапраўды пераконваемся, што ад усенароднай любві да ўсеагульнай нянавісці ёсць адзін крок.

Народ ізраільскі пры ўваходзе Езуса ў Ерусалім крычаў: “Гасанна сыну Давіда”(Мц 21,8). Народ быў гатовы прызнаць у асобе Езуса свайго адзінага выратавальніка, быў гатовы таксама даручыць яму свой лёс і ўладу над сабой. Але ж не прайшло і тыдня, як той самы народ, калі пабачыў Езуса на судзе ў Пілата, закрычаў: “Укрыжуй Яго!” (Мк 15,12).

Натоўп не праявіў літасці да Таго, які пытаўся ў свой час юдэяў: “За які добры ўчынак хочаце мяне ўкаменаваць?” (Ян 10,32). Натоўп таксама не быў у стане адказаць на пытанне Пілата: “што дрэннага зрабіў Ён?” (Мц 27, 11-54 ), але, раз’юшаны, толькі мацней крычаў: “Укрыжуй Яго!”

Чаму? Таму што гэта быў ужо не народ, але натоўп, а ў натоўпе, як вядома, людзей няма. Бо Чалавек – гэта той, хто думае, ацэньвае, аналізуе, разважае і пры дапамозе крытычнага мыслення робіць высновы. Чалавек – гэта той, хто мае здольнасць выйсці з натоўпу, не баіцца быць іншым, не такім, як усе, і застаецца сабою, робячы тое, што загадвае яму сумленне.

Хто вінаваты ў смерці Хрыста?

Ці тыя, хто крычаў: “Гасанна”? – не, бо яны, можа, і не зразумелі місіі Месіі, але ж і не ўкрыжоўвалі.

Ці тыя, хто крычаў: “Укрыжуй”? – у нейкай ступені так, але ж не яны з’яўляліся тымі, хто адважыўся задаць пытанне-абвінавачванне Хрысту, і не яны спрабавалі асудзіць… Не яны былі аўтарамі і выканаўцамі сцэнарыя фальшывага судовага працэсу над Езусам.

Дык, хто ж тады вінаваты ў смерці Езуса?

Думаю, гэта той, хто стаяў збоку, разумеў усё, што дзеецца вакол, разумеў, што Езус не вінаваты, разумеў, што натоўп – не думаючы, таксама не вінаваты, бо што з яго можна ўзяць? Натоўп – гэта ж маса, якой можна кіраваць, і ў ім на сто чалавек ва ўнісон будзе гучаць сто пяць галасоў, згаджаючыся з маніпулятарамі-валадарамі.

Ва ўкрыжаванні вінаваты той, хто ведаў і разумеў, але застаўся збоку, жадаючы адсядзецца, адчакацца, заняўшы пасіўную пазіцыю, акурат тады, калі трэба было бараніць Любоў!

Гэта тыя, пра якіх кажа Дух Божы ў Апакаліпсісе: “Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы! Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з вуснаў Маіх” (Ап 3, 15-16).

Вінаваты той, хто не выхіляецца з шэрай штодзённасці і нават у асаблівыя моманты барацьбы паміж дабром і злом імкнецца захаваць нейтралітэт.

Дантэ пра такіх казаў: “Самыя гарачыя куткі ў пекле пакінутыя для тых, хто ў часы найвялікшых маральных пераменаў захоўваў нейтралітэт”.

Каб быць і заставацца чалавекам, недасткова не зрабіць зло, праявіць нейтралітэт, прамаўчаць, не ўмяшацца…

Каб быць чалавекам, трэба рабіць дабро, аж да той ступені, калі цябе за гэта захочуць укаменаваць, аддаць на крыж. “Вось Чалавек” (Ян 19,5) – дае сведчанне Святое Пісанне аб Езусе тады, калі Пілат выводзіць Збаўцу да натоўпу. І хоць Ён знявечаны і зняслаўлены, аднак непераможаны і няскораны. Езус застаецца сабою і з любоўю ў свабодзе выконвае волю Айца і праз крыж ідзе да Яго.

Прорва, якая ўтварылася ў настроях ізраільцянаў паміж трыумфальным прыняццем Езуса ў Ерусаліме і Яго несправядлівым асуджэннем, вымяраецца пустым нутром чалавека, у якім няма месца для сумлення. Чалавек, які жыве без сумлення, губляе сваю чалавечнасць. Ён становіцца нікчэмным рабом жыццёвай сітуацыі.

Крыж Хрыста – гэта шанец для слабога чалавека, які загубіўся ў сваім жыцці, адшукаць сябе наноў. Аднавіць сваю годнасць, сваю чалавечнасць.

У Крыжы паратунак. Хрыстос, які на крыжы памірае, не абвінавачвае ні мяне, ні цябе, але ж хоча сказаць кожнаму: “Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мной у раі” (Лк23, 43), так як сказаў злачынцы, які паміраў побач з Ім.

З метамарфозай ад любві да нянавісці бывае значна прасцей, чым з нашай метанояй, навяртаннем ад зла да любві…

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

61819164_2295799904079742_659389346654191616_n

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах

30 сакавіка 2018 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі