Як Бог набыў маё сэрца на аукцыёне

herc Усё часцей пераконваюся ў тым, што, калі знаходзішся ў духоўных “непаразумелках”, Бог нейкім чынам дае падказкі, куды трэба далей рухацца. Аднойчы, разважаўшы над тым, чаму я патрапіла ў дрыгву сардэчных залежнасцяў, раптам натыкнулася на выказванне Хосэ-Марыя Эскрыва: “Мне падаецца, што ты трымаеш сэрца сваё на далоні, быццам тавар, – хто возьме? Калі ўжj нікому не прыйдзецца па гусце – тады ты аддасі яго Богу” .

У роспачы магу заявіць, што я трымала сэрца на руцэ як на своеасаблівым аукцыёне. Яно паспела паваляцца і ў пяску, і ў брудзе. Яго паспелі сціснуць грубыя і халодныя пальцы. Я аддавала сваё сэрца асабліва не ўсведамляючы, што яго аддаю. Думаю, кожнаму знаёма эйфарычнае ўнутранае памкненне, ідэя, думка, якая пульсуе ў скронях: “Гэта проста трэба зрабіць”. І прыпыняешся толькі тады, калі бачыш перад сабой краты і адчуваеш недахоп паветра. А пасля ўсведамляеш: “Я без гэтага ўжо не магу”.

Залежнасці нараджаюцца з таго моманту, як мы аддаем сваё сэрца ў нікуды. Хлапцы яго аддаюць найчасцей любімай працы, камп’ютару, служэнню Радзіме або звышідэі, радзей – дзяўчынам, часцей – жаданню быць з дзяўчынай або часу на пошукі той адзінай, якая будзе побач напрацягу ўсяго жыцця. Дзяўчаты аддаюць сваё сэрца на патрэбу быць патрэбнай, абуджэнне “страчаных” хлапцоў і жаданне цеплыні або наўпрост на геніяльную творчую задуму. Да мяне адразу прыходзіць пытанне: навошта аддаваць самае дарагое, што ў цябе ёсць, калі яно рана ці позна ўсё адно зруйнуецца? Ці не прасцей аддаць сэрца Госпаду, які сам усё ўладкуе? У тым то і справа, што гэта зрабіць значна складаней, чым выстаўляць сваё сэрца на аукцыён.

Дзе толькі не пабывала маё сэрца! Здаровае, прыгожае, яно весела білася, калі трапляла на рукі да чарговай залежнасці. І, натуральна, што ніводныя рукі не вярнулі мне сэрца ў тым выглядзе, у якім аддавала яго я. Маім лекарам быў Госпад. Калі я вяртала сабе пакалечанае сэрца, то прыходзілася прасіць Бога, каб Той яго вылекаваў. Госпад вылечваў. А я зноўку праз альтруізм і даверлівасць аддавала яго на справы і служэнні людзям. Нават не ведаю, колькі колаў абыйшла нашая тройца – Бог, я і маё сэрца.

Але аднойчы адному з нашай кампаніі ўсё ж такі гэта ўсё надаела. Напэўна, Богу надакучыла кожны раз лекаваць адну і тую ж хваробу. І Ён, як строгі Бацька, наказаў даглядаць сябе самой.

Але я наўпрост не разумела, у чым справа. Хаця Бог стукаўся да мяне як мог. Памятаю, аднойчы святар на казанні прамовіў:“Аддайце Госпаду самае дарагое, што маеце, – аддайце Яму свае сэрца. Калі мы аддаем сэрца чалавеку ці справе, гэта ўсё зруйнуецца. Калі мы аддаем сэрца Богу, гэта будзе стаяць вечна”. Пасля такіх слоў, як упарты дзяцел, я прастаяла на каленях некалькі гадзін, разрываючы Нябёсы мальбой прыняць маё сэрца. Толькі я не ўлічыла тады, што, каб Бог прыняў сэрца, варта хаця б Яму яго працягнуць, а не казаць “ну вазьмі ж маё сэрца, Бог, вазьмі”.

Я не магу сказаць, што нейкі чалавек ці справа маглі мяне асляпляць так, каб я пераставала бачыць Хрыста. Але мае адносіны з Богам часта залежылі ад некага ці нечага. Напрыклад, прычынай разладу маіх стасункаў з Госпадам магло быць нейкае неакуратнае слова, сказанае кімсьці ў мой бок. І наадварот, калі Бог выканаў нейкую маю просьбу, то з маіх вуснаў праслаўленне лілося літаральна ракой. Калі я ўжо дакладна адчувала, што патрапіла ў залежнасць ад нейкіх абставінаў, то пачынала разбіваць шкло паміж мной і Хрыстом. Яно разбівалася, але не надоўга. Атрымліваецца, што Хрыстос выконваў функцыю залеплівальніка дзірак ў маім доме, або трубачыста, які мусіць заходзіць унутр праз трубу, калі трэба пачысціць праходы ў маім сэрцы. Толькі такая эпізадычная роля не пасуе Богу. Яго роля – галоўная. І яе месца ў фундаменце дома нашага сэрца.

Я не ведаю, можа ў кагосьці не існуе праблем з пабудовай фундамента. Можа, у кагосьці ён цвёрды і моцны. На жаль, у мяне ён не такі. І я пераканалася ў тым, што моцным ён можа стаць толькі тады, калі ты сапраўды гэтага будзеш жадаць усім сваім нутром. Варта, каб Хрыстос перастаў быць абязбольваючым, але стаў імунітэтам для цябе. І колькі б ты не прасіў, каб ён ўзяў тваё сэрца, ён не возьме яго, калі ты сам не працягнеш свой скарб Хрысту, напапярэдадні расцерушыўшы яго і дастаўшы адтуль усё тое, што цябе аддаляла ад Бога і прыносіла боль. Гэта цяжка. Лепш было б так: прачынаешся ранкам і разумееш, што ты поўнасцю злучыўся з Богам, стаўшы свабодным ад залежнасцяў, бо тваё сэрца – ў Яго руках. Але хоць наш Бог і цудатворца, такое Ён рабіць наўрадці будзе. Адзін святар неяк сказаў мне: “Не чакай цуд у сваім жыцці. Ты здолееш усё зрабіць сама”. І, шчыра кажучы, я доўга не магла згадзіцца з гэтым довадам. Але цяпер разумею, што ён меў рацыю. Мы можам прасіць у Бога моцы, жадання, вытрываласці. Але Ён не будзе рабіць за нас тое, што мы мусім зрабіць самі.

Таму калі раптам вы адчулі, што вам зноўку баліць праз абставіны гэтага свету, варта задумацца: “А ў чыіх руках знаходзіцца маё сэрца?”. Калі яно знаходзіцца не ў руках Божых, то варта памятаць, што ў такім выпадку яно будзе пашкоджана яшчэ не раз. Як жа адмовіцца ад таго, што так спакушае нас аддаць душу нейкаму чалавеку ці справе? Я магу даць універсальны рэцэпт пад назвай Хрыстос. Нельга проста адсекчы сваю прывязанасць і тым самым зрабіць з сябе зверхчалавека. Мы ўсе слабыя. Варта проста ўпусціць Хрыста ў сябе. Але не трэба чакаць чагосьці звышнатуральнага, як чакала я, калі прасіла злучэння з Богам. Хрыстос ужо побач, варта толькі Яго пабачыць, а пасля — запрасіць ў фундамент дома сэрца. І Ён аберне нашыя слабасці ў нашую моц, недахопы – у годнасць, а нядаўнія залежнасці – ва ўрок для іншых. А самае галоўнае, ты пазбавішся ад болю гэтага свету, бо сэрца тваё будзе ўжо не ў ім.

Як жа разгледзець Бога, які, напэўна, стаіць дзесьці побач? На гэта я бы адказала словамі Хрыста: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога”. Варта наўпрост зрабіць прыборку ў сваім сэрцы, выконваючы запаветы Хрыста. Чыстае сэрца заўжды здолее пабачыць Госпада. А пасля гэтае празрыстае сэрца можна працягваць Богу на сваіх руках, каб быць у еднасці з Ім.

Можа быць, на мой маналог, ёсць спакуса адказаць нешта накшталт таго, што “хораша кажаш, але можна ў адзін дзень гэтага дасягнуць, а ў другі – зноўку вярнуць сэрца сабе і сваім залежнасцям”. Можна. І такая спакуса да мяне прыходзіць штодзённа. Але навошта піць з брудных ручаёў свету, калі можна ўталіць смагу прахалоднай вадой з Крыніцы Вечнасці?

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

vika_11

грэка-каталічка, журналістка, старшыня Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў, магістар філалогіі




Блогі