Як падняцца і ісці далей: 5 стадый

боль

Перад тым, як прачытаць, заплюшце вочы, прыслухайцеся да свайго сэрца, праверыўшы ці застаўся ў якім-небудзь яго куточку хаця б адбітак болю?

Для мяне боль — гэта тая рэч, якая выбівае з жыцця. Я сустракала шмат людзей, якія ўмеюць хаваць боль, паступова яго назапашваючы.

Напэўна я таксама так рабіла, бо боль перыядычна вяртаўся. Праз тыдзень, месяц ці год. Аднойчы ў мяне скончылася моц яго заглушаць, таму адбыўся выбух.

Мой боль — гэта боль несправядлівасці. Самыя блізкія хлусяць. Самыя блізкія кідаюць, хоць абяцалі падтрымаць. Мой ідэальны свет, які заключаўся ў сяброўскай і братэрскай любові, зруйнаваўся. Мой боль — гэта боль расчаравання, які праходзіў, бадай, кожны. Пры тым, трэба неяк падняцца, вырасці, умацавацца і ісці далей, працягваючы давяраць людзям.

Я не магла падняцца. Малілася. Працавала. Служыла. Вучылася. Любіла. Сябравала. А падняцца не магла.

Гэтыя дзённікавыя ўрыўкі, якія я пісала напрацягу маёй школы болю, я падзяліла на пяць стадый, якія дапамаглі мне падняцца.

Перад тым, як іх прачытаць, заплюшце вочы, прыслухайцеся да свайго сэрца, праверыўшы ці застаўся ў якім-небудзь яго куточку хаця б адбітак болю? Выцягніце яго і дайце сабе абяццанне перамагчы боль. Калі не зараз, то гэта прыйдзецца зрабіць пазней. Бо боль любіць вяртацца і красці глебу з-пад вашых ног.


Стадыя першая: “За што і чаму?”

Рост мажлівы толькі праз боль, інакш ёсць рызыка застацца карлікамі

***Самы балючы боль — боль несправядлівасці. У цэрквах ды касцёлах нас вучаць заўжды радвацца і прымаць усё згодна Волі Божай. Але ўсе мы — людзі. І нам блюча, калі з намі абыходзяцца несправядліва. Маці Тэрэза данасіла да нас, што ў жыцці важны толькі тое, што адбываецца паміж табой і Богам. Але гэтая ўсталёўка, калі і спрацоўвае, то далёка не адразу.

***Мною пакарысталіся. Мяне прамянялі. Мяне кінулі. Раней на такія довады я б сказала, што мы самі даем сабой карыстацца. Але калі мая незалежнасць перад іншымі наўпрост здохла, то нічога больш не застаецца акрамя таго, як прызнаць відавочныя рэчы.

***Я зразумела, пакуль я буду капацца ў сваёй галаве, шукаючы адказы на пытанне “Чаму так?”, мне будзе толькі горш. Зрэшты, увесь гэты свет несправядлівы. Але наш рост мажлівы толькі праз боль, інакш ёсць рызыка застацца карлікамі.


Стадыя другая: “Прымаем рашэнне”

Прабачыць — азначае прыняць рашэнне ісці далей.

*** Перыяд “нявымытыя кубкі каля ложку і горы налушчаных мандарынаў” хутка пройдзе. Калі я знаходжуся ў гэтай стадыі, то мне хочацца проста не выходзіць у тое жыццё. Галоўнае — гэта не несці ніякай адказнасці. Хочацца так і сядзець пад цёплай коўдрай, глядзець чарговы бессэнсоўны фільм, бясконца запарваючы сабе гарбату, ад якой ужо ванітуе.

Але дзесьці ўнутры я адчуваю, што так не будзе заўжды. Я адчуваю, што Бог хоча, каб я прыняла рашэнне. Скажу больш, я нават здагадваюся, якога рашэння Ён чакае ад мяне. І гэтае рашэнне прыняць намнога складаней, чым бясконца запарваць сабе гарбату. Яно патрабуе адвагі і нейкай сілы волі. Зрэшты, я проста разумею, што жыць мне, на жаль, яшчэ прыйдзецца. І жыць трэба не мінулым, а сапраўдным. І, напэўна, у мяне ёсць яшчэ будучае, якое я не магу сабе ніяк намаляваць. А, можа быць, менавіта зараз я і не павінна бачыць гэты малюнак.

*** Узяць усю сябе ў кулак і прыняць рашэнне жыць. Не існаваць, як я рабіла апошні час, але жыць. І нарэше зразумець, што гэтыя тысячы варыянтаў у маёй галаве аля “а як магло б усё быць інакш”, або “як жа так можна паступаць з людзьмі? Я ж жывы чалавек” патрэбны толькі мне. І мае бессэнсоўны спробы “дагрукацца” да людзей праходзяць міма. Зрэшты, варта прыняць, што існуюць і сляпыя, і глухія. І іх трэба шкадаваць і любіць. Тыя, што турнулі мяне як котку за дзверы, даўно перакрочылі гэты перыяд і знайшлі сабе замяняльнікі. Атрымліваецца, я сама сябе руйную ў дадзены момант.

***Прабачыць — азначае больш не жыць крыўдамі і прычытаннямі. Прабачыць — азначае прыняць рашэнне ісці далей. Магчыма, камусьці Бог дае прабачэнне імгненна. Мне — не. Зрэшты, прабачэнне — гэта акт выбару. А мая “адчувалка” спрацуе, як заўжды, потым. Прынамсі, я сама сябе так суцяшаю.


Стадыя тры: “Варта проста быць”

Ён падымаецца ранкам і разумее, што трэба ісці на прабежку.

***Мандарынна-гарбатны перыяд быў лепшым. Я не люблю стадыю №3. У мяне дзіра ў сэрцы, а мне трэба штодня прачынацца а 8, прымаць душ, гатаваць сняданак, бегчы на інтэрв’ю, пасля адседжваць пары, а яшчэ дапамагаць, чым магу, іншым. Страшна. І зноўку балюча. І зноўку крыўдна.

***Узгадваю словы майго знаёмага: “Часам, варта проста быць. Будзь, як спартсмэн узімку… Ён падымаецца ранкам і разумее, што трэба ісці на прабежку. Халодна, колка, няўтульна, цёмна. Але ён закінуў у рот свой кактэль і пабег”. Я так і раблю, як гэты спартсмэн. Тыдзень, два, тры… Мала, што мяняецца. Я гэтак жа адчуваю ўнутры прорву, у якой раве нейкая страшэнная жывёла. Але ў дадатак да ўсяго, мне варта яшчэ стасавацца з людзьмі, дарыць ім усмешкі і зноўку несці адказнасць, бо на мяне спадзяюцца. І зрэшты, мае душэўна-духоўныя зрывы цікавыя толькі мне і Богу.


Стадыя чатыры: Даверыцца.

Гэты ўрок я павінна таксама засвоіць — перастаць планаваць і даверыцца.

***Падымацца –— гэта адчуваць, як праз пачырванелую ад болю скуру пачынае расці ружа. Самае прыкрае ў гэтым працэсе — чакаць, калі ўжо гэтая ружа вырасце. Я ведаю, што гэта будзе ружа. Але пакуль я бачу толькі сцябліны і шыпы, якія ўпіваюцца праз скуру ўсё глыбей — да самых костак.

***У такія моманты чакання думаю, што б я рабіла без Бога. Не, Ён не забірае ў мяне сітуацыю, якую я павінна перажыць. З кожным днём я ўсё больш разумею, што увесь боль і роспач ідзе мне толькі на карысць. Я адчуваю, як ламаюцца з трэскам мае сухія галінкі. Але ж “тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле: падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца” .

*** Дзіўна, але ў гэты жахлівы перыяд я нарэшце навучылася сябе дысцыплінаваць. Я стала ўсё паспяваць і нават стала падобнай на паспяховую ледзі. Ідэі, праекты, каманда… І мне гэта падабаецца. Але сяброўства з маім болем лішыла мяне самага галоўнага. Не, колатыя ад самых бізкіх я стала ўжо перажываць, разумеючы, што наўпрост трэба перастаць чакаць ад людзей ідэй справядлівасці і перастаць падганяць іх пад свае стандарты.

Мае вочы нібыта расплюшчваюцца шырэй, бо на болі жыццё не сканчваецца.

Праз мой боль я перастала хадзіць у сваю Царкву. Я перастала хадзіць у тое месца, дзе ў мяне былі сябры, служэнне, цікавасці. І мне нібыта перарвалі дыханне. Ад мяне нібыта адарвалі частку майго сэрца, напалову перарэзаўшы адзін з клапанаў. Мозгам я разумею: Віка-Віка, як жа моцна ты абапіралася на людзей у гэтым свеце, калі праз людскія словы і ўчынку кінула служэнне. Але нічога не магу з гэтым зрабіць. Я прачынаюся і засынаю, ведаючы, што заўтрашні дзень будзе амаль такі ж як сённяшні. І праз гэта я ненавіджу ранкі — час, калі я сам на сам з сабой, час, калі разумееш, што сёння зноўку ты не адчуеш казытанне свайго сэрца.

***Я не ведаю, што будзе заўтра. Але гэты ўрок я павінна таксама засвоіць — перастаць планаваць і даверыцца. Бо калі ў цябе не засталося нічога ад цябе мінулай, акрамя ран ад адляпення блізкіх, то варта навучыцца крочыць навобмацак. Зрэшты, Бог ведае, куды мяне вядзе. Самае жахлівае тут — гэта тое, што трэба проста ісці, без аніякай мэты. Іду і толькі шапчу: “Мяне любіць Бог і гэтай Любові мне дастаткова”.

***Не варта забывацца на людзей. Колькі б мы не збочвалі з нашага шляху, заўжды ёсць тыя людзі, з якімі вы можаце не скантактоўвацца месяцамі, але якія любяць вас. Калі я доўга не магу падняцца, я дастаю з загашнікаў нумары маіх сяброў. І мне прасцей вяртацца да сябе, бо яны ведаюць мяне сапраўдную. Яны нагадваюць мне пра тыя каштоўнасці, якімі я жыла “да” пераломнага перыяду.

***Мае вочы нібыта расплюшчваюцца шырэй, бо на болі жыццё не сканчваецца. Тут варта не памыліцца і не заглушаць боль, але зрабіць яго сваім сябрам. Яго можна выліць яго ў геніяльны твор або малюнак, у мерапрыемства, служэнне або проста размову, якая пераверне нечае жыццё.

**Усё часцей я адчуваю ў сабе моц. Мне падаецца, што я нават здольная да палёту. Але гэта адчуванне падманлівае. Варта яшчэ пафукаць на ранку і правесці тысячы размоў са сваім болем, бо я хачу зрэшты ачысціцца нават ад кропель уласнага эгаізму, гонару і рэўнасці.


 

Стадыя №5: Вярнуцца да каранёў. Абноўленым.

 Я, такая неўраўнаважаная, патрэбна Яму.

***Зараз мне балюча кантактаваць з тымі, каго я любіла і працягваю любіць. Я не хачу больш анічога чакаць ад людзей. І мне трэба навучыцца гэтаму зараз, каб нарэшце падняцца і ісці далей.

*** Сёння ўпершыню дзяквала за маё дно. Калі ты лётаеш, усімі любіма і насіма на руках, тады ты не бачыш за гэтым Бога. А калі ты адзін, але працягваеш любіць, то разумееш, што значыць Крыж. І разумееш, што гэты Крыж значна каштоўнейшы за ўсё астатняе. Ён блізка як ніколі. Ён хавае мяне ў сваім сэрцы. Ён дае пацалаваць Яго раны. Бо Крыж — гэта знак Яго даверу. Гэта азначае, што я, такая неўраўнаважаная, патрэбна Яму.

***Можа быць, гэта была няўдалая спроба сыйсці і з дзерзнавеннем “памяняць усё”. Ды толькі Бог кажа Яго кароннае “Тваё месца тут”. Таму, я кажу Яму: “Окей, Бог. Ты змяніў мяне, удаліў крыўду, рэўнасць, эгаізм і прывязанасць. Я іншая. І я не ведаю, што і як будзе далей. Але… можаш па-ціху мяне вяртаць”.

Мне страшна. Сорамна. Плакаць хочацца. Упэўнена. Самотна. І цвёрда пад нагамі. Я адчуваю зямлю пад нагамі. Часам задыхаюся ад цяжару. Але я іду. Я наэршце іду. Іду…

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

vika_11

грэка-каталічка, журналістка, старшыня Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў, магістар філалогіі

11 сакавіка 2016 | Блогі |



Блогі