Як я сустракала Пасху. Афлайн

Ніколі не балела маё сэрца так, як у сёлетнія Пасхальныя дні. Ніколі яшчэ яно не разрывалася ад думкі “як правільна?”. І нарэшце – атрымала адказ.

photo_2020-04-12_22-53-44

Вялікі Чацвер. Упершыню я малілася анлайн. На самой справе, “тайная вячэра анлайн” – гучыць больш, чым абсурдна. Але, як не дзіўна, мая асабістая малітва не стала менш гарачай. Тым больш, дванаццаць урыўкаў з Евангелля, дзе апісваюцца мукі Хрыста, якія звычайна чытаюцца на ютрані, атрымалася больш ўважліва прачытаць у самоце.

Вялікая пятніца. У царкве разам са святаром нас было чацвёра. У Вялікую пятніцу заўжды нешта падае і заціхае ў сэрцы. Тут заціхла яшчэ больш. Хаця я добра разумею: стаяць пад Крыжам можна і ў духу.

Вялікая Субота. Цэлы дзень я амаль ні з кім не размаўляла. Толькі рабіла прыборку ў кватэры, слухала казанні. Упершыню не хацелася ні фарбаваць яйкі, ні пекчы кулічы. Навошта? Усё тое, што было для душы, страціла свой прысмак.

photo_2020-04-12_22-54-04

Святая нядзеля. Раней апоўначы на Пасху ўсімі чатырма парафіямі мы сустракаліся каля Чырвонага касцёла, там і маліліся на літургіі. Так, адзін раз на год была магчымасць паглядзець: колькі ж нас, грэка-каталікоў у Мінску? Пасля начной службы ўнізе Чырвонага касцёла была супольная вячэра: біліся яйкамі, разам ужывалі ўжо няпосную ежу, спявалі. Днём адсыпаліся, а пасля – або збіраліся разам, або ішлі евангелізаваць. Гэта ўсё было адменена. Была толькі Пасхальная літургія зранку, на якой сабралася з дзясятак чалавек. На службе я стаяла і думала: “Госпадзе, чаму ўсё так?”.

photo_2020-04-12_22-53-53

photo_2020-04-12_22-53-52

Хрыстос Уваскрос! А мы не можам нават абняць адно аднаго. Стаім на адлегласці і пасылаем паветраныя пацалункі праз маскі. Цішыня пасля Пасхальнай літургіі – рэч зусім нязвыклая. Але разам з гэтым было і зусім іншае перажыванне: Пасха ўжо не ўспрымалася як народзіны.  Пасха – гэта аснова нашай веры.

photo_2020-04-12_22-53-49

Пасля службы не было агапы. Не было евангелізацыі. Быў разыход па дамах. І ў гэтым жа таксама нешта ёсць: вяртанне ў свой звычайны дом, дзе ты мусіш быць сведкам Пасхі. Зрэшты ў цябе было шмат часу, каб назапасіць алей. Цяпер – самы час дзяліцца.

Я доўга малілася перад тым, як прыняць рашэнне, бо не магу без царквы. Літургія давала мне паяднанне з Хрыстом. Малітвы з блізкімі давалі мне сілы. Казанні святара давалі мне мудрасць. Я доўга малілася таму, што хацела ведаць: як правільна трэба паступаць. Пасля праслухоўвання анлайн-казання ксяндза Вячаслава Барка яшчэ больш укаранілася ў тым, што няма правільнага адказу, і ў той жа час гэтыя два адказы – правільныя.  Калі я веру, што Ён бароніць мяне, значыць, па маёй веры мне і будзе дадзена. Ці не гэта напісана ў Евангеллі? У той жа час, маюць рацыю і тыя, хто прыняў рашэнне маліцца анлайн, бо той, “хто бачыць ліха – хаваецца”. У кожнага, у каго ёсць адносіны з Богам,  атрымлівае адказ ад Яго. А Бог, як ніхто, верны Свайму слову і абяцанню.

photo_2020-04-12_22-53-48

Менш за ўсё хочацца, каб хрысціян зараз у думках распіналі такія ж хрысціяне… Варта давяраць пастырам і святарам. Варта давяраць адно адному. Варта давяраць Богу, які прамаўляе да кожнага, а значыць, апрыёры няма адзінага рашэння для ўсіх на дадзены момант.

Натуральна, што чалавечы мозг хоча пралічыць і прадбачыць усё: дзе можна падчапіць заразу, пры якой умове і пры якім чыху… З галавы да ног ён пакрываецца страхам, калі думаем пра тое, каго з блізкіх можам заразіць. Але Госпаду можна давяраць і сябе, і блізкіх. Зрэшты “бяда не сустрэне цябе і пошасць не наблізіцца да жылля твайго, бо Ён загадае анёлам сваім пра цябе сцерагчы цябе на ўсіх шляхах тваіх”.

Пасха зноўку нагадала мне, што смерці не існуе. Смерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога? Самая важная задача зараз – гэта быць вернай Яму, быць блізкай да Яго, развіваць сваю любоў яшчэ больш. Бо мэта ў нас адна. І гэта – вечнасць.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

vika_11

грэка-каталічка, журналістка, старшыня Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў, магістар філалогіі

12 красавіка 2020 | Блогі |



Блогі