Як зрабіць цуд на Раство

10272600_204595779883343_2611960353035544875_o

Іду я неяк міма шматкватэрнага дома, а там дзве дзяўчыны стаяць на балконе першага паверха і паляць цыгарэты. Адна з іх кажа: «Вось чакаеш кожны год цуд, каб што-небудзь адбылося. А ён бярэ і не здараецца». Гучна сказала, цалкам сур’ёзна.

Што рабіць, калі цуд не здараецца?..

Я знайшла для сябе такі адказ. Можна стаць цудам для іншага чалавека. Мы, людзі з рукамі і нагамі, цалкам здольныя некаму зрабіць прыемна, нават ашчаслівіць. Тады і самому на душы робіцца лягчэй. Бо, калі аддаеш нешта, насамрэч набываеш нават больш — унутранае задавальненне ад разумення, што зрабіў штосьці добрае.

Да прыкладу, адна мая знаёмая жанчына на Раство збіраецца разам са сваім 13-гадовым сынам пайсці і павіншаваць сям’ю, у якой выхоўваюць дзіця з 4-й ступенню ДЦП. Акурат для гэтай сям’і, не спешчанай увагай у прынцыпе, іх прыход стане сапраўдным маленькім цудам.

Людзі, у сваіх адносінах да навагодніх святаў, дзеляцца на дзве катэгорыі. Тыя, хто іх вельмі чакае і радуецца. І тыя, у каго іх набліжэнне выклікае сум. А ёсць і такія, хто ўмудраецца спалучаць гэтыя супрацьлеглыя якасці: ўсё-такі спадзяюцца на наводняе чараўніцтва, але ў любую хвіліну гатовыя здацца ў палон настрою «нічога добрага не будзе».

Сёння да мяне прыйшла думка, што тое, як ты адзначаеш зімовыя святы — пэўны індэкатар таго, наколькі на працягу года ўкладваўся ў стасункі з людзьмі. Можна быць цікавым суразмоўцам і камунікабельным чалавекам, але, да прыкладу, вельмі занятым працай. Іншыя баяцца, саромеюцца, не хочуць праяўляць ініцыятыву ў адносінах. Ці апёкшыся мінулым досведам, не адказваюць на запрашэнні іншых. Як вынік, бліжэй да Новага году з’яўляецца няведанне, з кім адзначыць, і непаразуменне: «А дзе мае самыя блізкія людзі?..» Яны там, дзе ты быў увесь гэты год.

Але ж усё будзе добра і шчасця хопіць усім. Апошні тыдзень ці два ўсплываюць словы з цудоўнай песні. У перакладзе на беларускую мову яны гучаць так:
«Цуд прыйдзе, ты проста павер, і адчыні яму свае дзверы. Шчасце тваё так блізка цяпер, яно застанецца з табой. Прама з Нябёсаў сыходзіць любоў і змяняе ўсё навокал. Шчасце тваё хутка прыйдзе, яно застанецца з табой, на Раство…»

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

Nina

Журналіст, паэт.
Самая нелюбімая фраза: “А давай ты напішаш пра мяне артыкул”.
Самая шануемая цытата: “Вялікія воды не могуць патушыць любові, і рэкі не зальюць яе. Калі б хто даваў усе багацці дома свайго за любоў, ён быў бы адрынуты з пагардай” (Песні Песняў 8:7).

24 снежня 2015 | Блогі |



Блогі