Які ты хрысціянін

саваДавайце паўдзельнічаем у тэсце «Які ты хрысціянін». Цяпер жа модна тэсты ўсялякія праходзіць:

1. Што павінен зрабіць хрысціянін, калі ў яго доме прарвала каналізацыю?

А. Выклікаць сантэхніка, а калі той не прыходзіць, чыніць самому.

В. Памаліцца.

 

2. Што павінен зрабіць хрысціянін, калі ён бачыць як хуліганы крыўдзяць слабога?

А. Заступіцца за слабога, словам і справай.

В. Памаліцца.

 

3. Што павінен зрабіць хрысціянін, калі ён зламаў руку?

А. Аказаць першую дапамогу і звярнуцца да ўрача.

В. Памаліцца.

 

Вынікі:

Пераважаюць адказы «А» – ты здаровы хрысціянін. Ты ведаеш, што Бог паслаў цябе ў гэты свет здзяйсняць справу, дзейнічаць і набліжаць Яго Валадарства. Ты памятаеш, што большасць спраў Божых ў Бібліі было здзейснена праз людзей і заўсёды рады быць інструментам у Божых руках. Таму сядзець склаўшы рукі не ў тваёй звычцы. А калі ты бачыш несправядлівасць, ты дзейнічаеш паводле запаведзі апостала Паўла ў пасланні да Эфесцаў: «не бярыце ўдзел у бясплённых справах цемры, а лепш выкрывайце іх».

На ўсе пытанні ты адказаў «і А, і В» – ты разумны хрысціянін. Ты зразумеў, што ў тэсце, як і ў жыцці, няма супярэчнасці паміж двума пунктамі. Ты ведаеш, што для Бога важныя як твае малітвы, так і дзеянні. І ты цалкам маеш рацыю – Божы чалавек павінен дзейнічаць, але не сам па сабе, а шукаючы Божай волі, рухаючыся ў Божай прысутнасці. Таму малітва – такая важная частка жыцця верніка. Гэта духоўная ежа і без яе хрысціянін слабее і сохне. Аднак ты таксама чытаў словы Якуба: «вера мёртвая без учынкаў” і памятаеш прытчу пра добрага самарыцяніна.

Пераважаюць адказы «В» – ты хрысціянін-пустышка. Усё, чаго ты хочаш ад жыцця – камфорту і ўладкавання. І Бог для цябе, мабыць, з’яўляецца чароўным джынам, які служыць табе, а не ты служыш Яму. Унутрана ты разумееш, што калі б Бог хацеў, каб адзінай рэакцыяй на любую падзею была толькі малітва, ён бы стварыў не людзей, а гучнагаварыцелі з функцыяй бесперапыннай малітвы. Але прыняць гэта адкрыта ты не можаш, таму што тады жыццё стане значна складаней, а гэтага табе не хочацца.

Таму ты прыняў рашэнне не лезці туды, дзе складана, незразумела, або «брудна». Твае адказы:

«Няхай прорваная каналізацыя смярдзіць, але гэта ж не справа хрысціяніна лезці ў бруд!»

«Няхай хуліганы крыўдзяць слабога, яны за гэта пойдуць у пекла, а я буду маліцца за тое, каб Бог умяшаўся ў сітуацыю, але сам буду ў баку – бо Бог не прымае гвалту і канфліктаў!»

«Рука, вядома, апухла, але рабіць нічога не буду, гэта ж так складана, лекар будзе рабіць балючыя ўколы. Хай зрастаецца як-небудзь сама – бо на ўсё воля Божая ».

Вось табе парада – прачытай яшчэ раз Біблію, але не як кнігу пра далёкія падзеі, а як кнігу напісаную адмыслова для цябе. І тады ты ўбачыш у ёй у першую чаргу кіраўніцтва да дзеяння, а не страхавы поліс.

P.S. Кожны раз, калі ў вас будзе ўзнікаць пытанне “навошта хрысціяніну лезці ў палітыку», ўспамінайце гэты маленькі тэст. Тое, што дзесьці брудна і складана, не прычына хрысціяніну адхіліцца, а наадварот – заклік умяшацца і выправіць сітуацыю. Дабраславенняў!

Андрэй Кім

Артыкулы з пазнакай “Меркаванне” могуць не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі Крыніца.INFO. Даслаць сваё меркаванне можна на slovaby@gmail.com.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

30 ліпеня 2014 | Блогі |



Блогі