Яшчэ не час казаць пра канец Еўропы

614804946-640x640

Пазітыўная навіна ў тым, што ўлады адной з краін Заходняй Еўропы рашуча ўзяліся за праблему мігранцкіх гета. Цяпер існуюць раёны, дзе па 50% насельніцтва — мігранты, дзе па 40% насельніцтва — беспрацоўныя, дзе складаная сітуацыя з крыміналам.

Дацкі ўрад — кіруюць краінай кансерватыўныя лібералы і нацыяналісты — прымае праграму, якая мае на мэце сацыялізацыю мігрантаў у еўрапейскае грамадства, навучанне мігранцкіх дзяцей заходнім каштоўнасцям.

Не буду абмяркоўваць дэталі гэтага рашэння — гэта справа саміх датчанаў. Важна тое, што пачаўся працэс вырашэння праблемы, якую многія разглядаюць як адну з пагрозаў сучаснай Еўропы. А гэта дае надзею на тое, што самыя горшыя карціны будучыні кантынента не спраўдзяцца — і еўрапейская культура, магчыма, здолее «паглынуць» і «пераплавіць» мігранцкія масы.

Важна і тое, што правыя, кансерватыўныя плыні не сышлі з палітычнай арэны Еўропы. Наадварот, у апошнія гады ў некаторых краінах яны набіраюць вагу і ўплыў — як у Польшчы, Венгрыі, Даніі. Захад не так лёгка капітулюе перад лявацкімі ідэалогіямі, як магло б падацца на першы погляд. Барацьба працягваецца, і магчыма, яшчэ не час казаць пра канец Еўропы і еўрапейскай культуры.

Мушу зрабіць дзве заўвагі. Па-першае, будучыня Еўропы (і Беларусі) немагчымая без захавання традыцыйных, хрысціянскіх каштоўнасцяў. Яны ёсць падмуркам Еўропы і заходняй цывілізацыі. Без іх Еўропа не будзе Еўропай. А захаваць хрысціянскія каштоўнасці немагчыма без Царквы, якая ёсць «соллю зямлі» і «святлом свету». Іначай зло, якое ёсць у чалавеку, раз’есць цывілізацыю.

Па-другое, еўрапейцы мусяць сур’ёзна паставіцца да нараджэння і выхавання сваіх нашчадкаў. Краіны то застануцца, нікуды не дзенуцца — але калі ў еўрапейцаў будзе па адным дзіцяці ў сям’і, а ў мігранта — па пяць, то еўрапейцы ў Еўропе стануць у меншасці. Тое ж самае можа чакаць і Беларусь, толькі патокі міграцыі да нас яшчэ прыйдуць і будуць, магчыма, з іншых накірункаў.

А моцныя і вялікія сем’і не могуць быць без хрысціянскай маралі ў сексуальным і сямейным жыцці. А хрысціянская мараль не можа быць без моцнай і праведнай Царквы.

Таму можна сказаць, што будучыня нашай цывілізацыі, нашага кантынента, нашай краіны — у вернасці Ісусу Хрысту.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

шыталь

журналіст, грамадскі актывіст

19 жніўня 2018 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі