Яшчэ раз пра Балта-Чарнаморскі саюз дзяржаў

саюзКалі Анджэй Дуда, заступаючы на пасаду прэзідэнта Польшчы, выказаўся за стварэнне Балта-Чарнаморска-Адрыятычнага блоку дзяржаў, я хацеў быў выступіць з рэплікай. У рэпліцы я хацеў ушпіліць аўтара кароценькага каментара, якім суправаджалася інфармацыя пра заяву польскага прэзідэнта на сайце “Нашай Нівы”. Іншыя справы і клопаты не далі мне гэта зрабіць на пачатку жніўня. І вось учора, са спазненнем на тыдзень, я прачытаў у “Народнай Волі” амаль на тую ж тэму  каментар  Аляксандра Фядуты.

Пішучы аб намеры польскага прэзідэнта, Аляксандр Фядута зазначае, што той “фактычна агучыў сваю прыхільнасць да старой ідэі Ежы Гедройца аб стварэнні балта-чарнаморскага саюза новых дзяржаў, куды ўвайшлі б Украіна, Беларусь, Літва і Польшча”.

Вядома, нельга не выказаць павагу да нашага земляка князя Ежы Гедройца, але мушу зазначыць, што ідэя балта-чарнаморскага саюза дзяржаў належыць не шаноўнаму выдаўцу і рэдактару знакамітага часопіса “Культура”.

Бліжэй да ісціны стаіць аўтар “Нашай Нівы”. Паведамляючы аб намеры прэзідэнта Анджэя Дуды стварыць партнёрскі блок дзяржаў ад Балтыйскага да Чорнага і Адрыятычнага мораў,  ён глыбакадумна зацеміў: “Нагадаем, з ідэяй стварэння блока дзяржаў паміж Балтыйскім і Чорным морам яшчэ ў пачатку 90-х гадоў выступалі беларускія нацыянал-дэмакраты”.

І аўтару “Нашай Нівы” скажу: беларускія нацыянал-дэмакраты таксама не былі арыгінальныя. Ідэю балта-чарнаморскага саюза яны запазычылі ў беларускага сацыял-дэмакрата Антона Луцкевіча.

Яшчэ ў 1990 г., у 2-м нумары газеты “Свабода”, я апублікаваў пісаны А. Луцкевічам у 1916 г. рэферат пад загалоўкам “Злучаныя Штаты ад Балтыйскага да Чорнага мора”. Рэферат гэты везлі ў Лазану на канферэнцыю народаў Расіі Іван Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. Рэферат гэты перадрукаваны ў кнізе А. Луцкевіча “Барацьба за вызваленьне” (2009).

У 1920 г. прэм’ер-міністр БНР Антон Луцкевіч пад псеўданімам Веслаў Каліноўскі выдаў у Варшаве брашуру “Усходняе пытанне і Беларусь”. Брашура гэтая маецца ў нашай Нацыянальнай бібліятэцы, а яе пераклад на беларускую змешчаны ў кнізе “Барацьба за вызваленьне”. У варшаўскай брашуры, развіваючы сваю ідэю, пісаў ужо не толькі пра саюз дзяржаў паміж Балтыкай і Чорным морам. У гэтым саюзе – “пры шчаслівых варунках” – ён бачыў Чэхаславакію, Югаславію і іншыя краіны на поўдзень ад Польшчы.

Нашто ж гэтак шчодра аддаваць набыткі беларускай палітычнай думкі суседзям? Князь Ежы Гедройц, хоць і нарадзіўся ў Менску, усё ж душою паляк. Радуе тое, што наш зямляк, мабыць, не чытаўшы Антона Луцкевіча, паўтарыў яго ідэю. Значыць, у ідэі ёсць рацыянальнае зерне.

 

***

Такія факты. Такая праўда.

Калі каму цікавая мая думка наконт выказанай (узноўленай) прэзідэнтам Анджэем Дудам ідэі аб блоку дзяржаў, выкажу і яе. Пры гэтым я буду спасылацца на Антона Луцкевіча, але перш хачу сказаць: я не веру ў тое, што нацыянальная псіхалогія (этнапсіхалогія) можа памяняцца за кароткі, па мерках гісторыі, час. А псіхалогія шмат у чым вызначае палітычныя паводзіны.

Амаль за год да таго, як ён напісаў сваю брашуру “Усходняе пытанне і Беларусь”, Антон Луцкевіч сустракаўся з прэзідэнтам Чэхаславакіі Томашам Масарыкам. У гутарцы з прэм’ер-міністрам БНР вялікі сябар нашага народа сказаў, што Польшча пасля краху Расійскай імперыі лёгка магла б заняць месца правадыра славянства, але пра гэтую ролю яна не паклапацілася.

Антон Луцкевіч, развіваючы гэтую думку чэхаславацкага прэзідэнта і сваю ідэю балта-чарнаморскага саюзу, у 1920-м пісаў, што Польшчы варта было б наладзіць добрыя адносіны перш-наперш з суседзямі – Беларуссю, Украінай, Чэхаславакіяй. І з Літвою таксама.

Як Польская Рэспубліка наладжвала гэтыя адносіны, мы добра ведаем.

У Польшчы любяць казаць пра свой народ як пра народ-мучанік, які зневажалі і Аўстрыя, і Прусія, і Расія. У Польшчы добра памятаюць валынскую трагедыю палякаў у час ІІ сусветнай вайны. На жаль, палітычны клас у Польшчы не любіць згадваць тыя шматлікія пакуты, якія ўчыніла Польшча беларусам, літоўцам ды ўкраінцам, пра антычэхаславацкі саюз Польшчы і Нямеччыны ў 1938-м.

Не буду тут пісаць за літоўцаў, украінцаў і чэхаў. Яны самі пра гэта пішуць. Я беларус, і мне перш за ўсё баляць беларускія болькі. Гэта інтэлігент, сусветна вядомы рэжысёр Кшыштаф Занусі можа сказаць беларускім дзяўчатам і хлопцам, што палякі вінаватыя перад беларусамі (гл. “Народную Волю” за 18 жніўня). Афіцыйная ж Польшча яшчэ не папрасіла ў Беларусі прабачэння за ўсе прыкрасці, якія ўчыніла беларусам Польская Рэспубліка ў 1918–1939 гг. А без гэтага давер беларусаў да Польшчы вельмі хісткі і сумнеўны.

Пішучы, чаму Польшчы варт было б наладзіць добрыя адносіны з суседзямі, Антон Луцкевіч у 1920 г. пісаў пра тое, што цярпець у сябе пад бокам моцную Польшчу, Польшчу, чыя эканоміка не з’яўляецца дадаткам да яе эканомікі, не будзе Нямеччына. У 1920 г. Луцкевіч папярэджваў, што раней ці пазней Польшча будзе расціснута Нямеччынай і Расіяй. Таму ёй патрэбныя саюзнікі. І пажадана, каб гэтымі саюзнікамі былі перш-наперш суседзі. Польскі палітычны клас да голасу Луцкевіча не прыслухаўся.

Цяпер іншы час, але я больш чым упэўнены, што Нямеччына прыкладзе максімум намаганняў, каб намер прэзідэнта Анджэя Дуды стварыць блок дзяржаў у Міжмор’і не здзейсніўся. Я ж бачу, як Нямеччына і Францыя адціснулі Польшчу ў вырашэнні ўкраінскага пытання. Дзе тая Ваймарская група (Нямеччына, Польшча, Францыя), пра якую было гэтак многа шуму? Няма яе. Нацыянальныя інтарэсы Нямеччыны, інтарэсы нямецкага капіталу вышэй за нейкую там групу з Польшчай.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

сідарэвіч

Беларускі гісторык, палітолаг, філосаф. Адзін з ініцыятараў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі. Старшыня БСДП у 2010-2011 гадах.

26 жніўня 2015 | Блогі | Тэгі:



Блогі