З каталікамі не ўсё ў парадку

гроднаКрытык рыма-каталіцкага епіскапату ў Беларусі, я быў уражаны рэакцыяй каталікоў лацінскага абраду на заяву упаўнаважанага ў справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Леанід Гулякі. Нарэшце!

Нагадаю, што сказаў Л. Гуляка: некаторыя рыма-каталіцкія святары, запрошаныя з Польшчы, спрабуюць займацца палітыкай, не ведаюць на дастатковым узроўні нашу і расійскую мову, а тым часам кіраўніцтва Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі не зацікаўлена ў падрыхтоўцы сваіх кадраў, дый з намерам заснаваць ў Беларусі тэалагічную акадэмію не ўсё ў парадку.

Звычайны чыноўніцкі ляп. Я б на месцы Л. Гулякі пра тое самае сказаў бы інакш. У Рыма-Каталіцкай Царкве – праблема кадраў, бо каб стаць святаром, трэба прайсці поўны курс навучання на стацыянары (завочнага навучання ці кароткатэрміновых курсаў, як у праваслаўных, Каталіцкая Царква не прызнае), а тут яшчэ і прыдуманы рымскім біскупам Грыгорыем VII усеагульны цэлібат духавенства. Вось і набіраецца на першы курс семінарый жменька хлопцаў. І няма гарантыі, што ўсе яны скончаць курс навучання ды стануць святарамі. Каб запоўніць вакуум, епіскапат РКЦ у Беларусі запрашае (са згоды дзяржавы) святароў з-за мяжы, пераважна з Польшчы. Гэта тлумачыцца і традыцыйнымі сувязямі з Каталіцкай Царквой у Польшчы, і тым, што епіскапат у Беларусі да нядаўняга часу на 100 працэнтаў складаўся з этнічных і пашпартных палякаў (не ведаю, як самаіндэнтыфікуцца біскупы Алег Буткевіч ды Юры Касабуцкі). А ў Польшчы назіралася перавытворчасць святароў. Каго польскія біскупы адпраўляюць служыць у Беларусь? Паводле агульнага для бюракратыі правіла, біскуп рады пазбыцца перш за ўсё гультаёў, няздараў і мяцежнікаў, лаяльных жа працаголікаў і разумнікаў, якія карыстаюцца аўтарытэтам сярод вернікаў, уладыка пакідае ў сваёй дыяцэзіі. Вось і прыязджаюць у Беларусь людзі, якія не заўсёды ведаюць, хочуць ведаць і здольныя засвоіць нашу і расійскую мовы.

Што тычыцца блаславёнага Папам Францішкам заснавання тэалагічнай акадэміі, дык тут Л. Гуляка аж надта ляпнуў. Калі яшчэ будзе створана тая акадэмія? Хто з высокакваліфікаваных спецыялістаў (няхай сабе з любай тутэйшаму епіскапату Польшчы) згодзіцца стала працаваць у Менску? Хутчэй за ўсё вуснамі Л. Гулякі была агучана трывога епіскапату Маскоўскай Царквы, бо не сакрэт, што падрыхтоўка ў каталіцкіх навучальных установах на галаву вышэйшая, чым у праваслаўных.

Выказванні Л. Гулякі прывялі да разбурэння вонкава добрапрыстойнай карціны адносін паміж дзяржавай і каталікамі. Прайшла інфармацыя пра тое, што каталікі абураныя заявамі чыноўніка і збіраюць подпісы пад зваротам да кіраўніцтва краіны. Сабралася таксама Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў і прыняла заяву.

І збор подпісаў і бяззубая заява біскупаў (аніводнай прэтэнзіі да дзяржавы!) устрывожылі ўладныя структуры. Яно і зразумела: Ватыкан – бадай, адзіная еўрапейская дзяржава, з якой у афіцыйнага Менска добрыя адносіны. Да таго ж Менск ведае, што зрабіў і робіць Святы Пасад для нармалізацыі адносін паміж Злучанымі Штатамі і камуністычнай Кубай. Кіроўнай групоўцы Беларусі не хочацца губляць надзею на тое, што Ватыкан можа стаць пасярэднікам паміж ёю і краінамі Захаду. І вось міністр замежных спраў запрашае да сябе Апостальскага нунцыя і тлумачыць яму, што афіцыйны Менск цэніць “тую велізарную працу, якая праводзіцца Рыма-Каталіцкім Касцёлам у Беларусі ў цэлым і ў сферы падрыхтоўкі нацыянальных кадраў каталіцкіх святароў у прыватнасці”, што галоўны чыноўнік Беларусі даў адпаведным структурам даручэнне “па стварэнні ў Мінску каталіцкай духоўнай акадэміі”.

Міністр замежных спраў у добрым стаўленні ўладных структураў  да каталікоў пераконваў нунцыя, а яго начальнік даводзіў тое самае журналістам. У Беларусі няма праблем за каталікамі, заявіў ён.

Асмелюся сказаць, што праблемы з каталікамі, а праўдзівей праблемы ў каталікоў з дзяржавай меліся і маюцца. Я не кажу тут пра каталікоў лацінскага абраду, якія яшчэ не забылі арышт святара Уладзіслава Лазара, я – пра каталікоў абраду грэцкага, візантыйскага. Я мог бы доўга пералічваць крыўды, нанесеныя ўладнымі структурамі грэка-каталікам у Пінску, у Івацэвіцкім раёне, у Менску, у Баранавічах, у іншых мясцінах Беларусі. Маўчу пра антыўніяцкія публікаткі з Жыровічаў, якія распаўсюджваюцца ў дзяржаўных і паддзяржаўных установах і на прадпрыемствах.

Пра гэтыя крыўды не прынята, нават забаронена гаварыць публічна. Забаронена самой царкоўнай уладай. Нядаўна мне стала вядома, што апошнім часам уладныя структуры літаральна затэрарызавалі штрафамі грэка-каталіцкую парафію Маці Божай Фацімскай у Горадне. “Нас хочуць выжыць з памяшкання, якое займае наша парафія”, – сказаў мне адзін горадзенскі грэка-каталік. “Дык чаго ж вы маўчыце, не паведамляеце пра гэта ў газетах, у электронных СМІ?” – спытаўся я. “Нам забараняе царкоўная ўлада”, – быў адказ.

Я збіраўся паехаць у Горадзен сам, каб пра ўсё дазнацца больш падрабязна, але вось у газеце “Наша Ніва”, а потым і на яе сайце з’явілася гутарка з гісторыкам Генадзем Семенчуком. Апавядаючы пра пераследы беларускіх гісторыкаў у Горадне, Г. Семянчук дадае: “Ціск на грэка-­каталіцкую грамаду наймацнейшы таксама тут”.

Нарэшце, праўда, што называецца, вылезла навонкі. Значыць, той горадзенскі грэка-каталік нічога не прыдумаў. Значыць, не толькі міліцыя наводзіць “парадак” у парафіяльным памяшканні (успомнім эксцэс з прэзентацыяй кнігі Віктара Марціновіча), але і іншыя структуры рады старацца. І калі царкоўная ўлада пра ціск на грэка-каталіцкую парафію ў Горадне маўчыць сама і вернікам загадвае маўчаць, мне нічога не застаецца, як апублікаваць гэты артыкул і звярнуць увагу правабаронцаў з Беларускага Хельсінскага камітэта ды з “Вясны” на такі абуральны факт.

…Праблем у каталікоў абодвух абрадаў з уладнымі структурамі нямала. І добра, што Л. Гуляка ўчыніў “ляп”. Думаецца, што пасля арышту святара Уладзіслава Лазара і гэтага “ляпу” дзяржаўным і царкоўным чыноўнікам ўжо не ўдасца намаляваць вонкава добрапрыстойную карціну адносін паміж дзяржавай і каталікамі.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

сідарэвіч

Беларускі гісторык, палітолаг, філосаф. Адзін з ініцыятараў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі. Старшыня БСДП у 2010-2011 гадах.




Блогі