З пустога і Саламон не налье

hqdefault

Так кажа прыказка. Яна адлюстроўвае народную мудрасць.

Аднак, іншая ёсць Мудрасць Божая. Словы Пісання пераконваюць нас у гэтым. Размнажэнне хлябоў і пасля насычэнне імі пяці тысяч чалавек, гэты цуд апісвае Евангеліста Ян (Ян 6,1-6), звяртае ўвагу на тое, што Езус акурат з “пустога налівае». Гэта адпавядае агульнай тактыцы Бога, Які стварыў гэты свет з нічога.

Хрыстос не пакідае нам магчымасці засумнявацца ў тым, што Ён пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі насыціў натоўп людзей, бо як кажа Евангелле: “Сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся пасля тых, хто еў” (Ян 6,13). Гэта ёсць доказ, што насычэнне не было ілюзіяй, але рэчаіснасцю.

Касцёл прапаноўвае сёння, гэты ўрывак Евангелля слухаць разам з заахвочваннем Апостала Паўла, якое ён кіраваў да Эфесцаў і пісаў: “Малю вас я, вязень Пана, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, … церпячы адзін аднаго ў любові…” (Эф 4, 1-3).

Пакліканне нашае – гэта наследаванне Хрыста. Ісці за Ім і рабіць так, як Ён рабіў. Думаць так, як Ён думаў.

Адсюль напрошваецца такая выснова. Мудры Саламон можа і не налье з пустога, але не хрысціянін. Хрысціянін, пакліканы даваць больш, чым сам мае. Апосталы, купіўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, напэўна і самі пазасталіся б галоднымі, каб не раздалі іх людзям так, як прапанаваў ім Езус. А так насыціліся самі і накармілі людзей.

Безумоўна, мова ідзе не толькі пра хлеб. Хрысціянін у першую чаргу пакліканы любіць. Грэшнаму і недасканаламу чалавеку немагчыма любіць так, як любіць Бог. А таму Апостал Павел і заахвочвае, “паступаць годна паклікання, церпячы адзін аднаго ў любові». Людскія адносіны заўсёды будуць пазаставацца далёкія ад дасканалых, аднак, хрысціянін не можа знеахвоціцца сваімі слабасцямі і перастаць імкнуцца любіць.

Хрысціянін, калі і зразумее, што яго сэрца пустое, не можа перастаць або не пачаць любіць. Згодна з логікай Бога, дастаткова паверыць у сваё пакліканне любіць, то і з пустога сэрца будзеш здольны наліць любві аж столькі, што іншы насыціцца тваёй любоўю. Чалавек налівае і раздае, а насычае Бог і гэта не ілюзія. Гэта жыццё тых, хто паверыў у любоў Бога, які «насычае нас удосталь» (Пс 145,16).

Такі дзіўны парадокс гэтага свету. Налі з свайго пустога сэрца любві іншаму, і тваё сэрца насыціцца любоўю.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

61819164_2295799904079742_659389346654191616_n

Каталіцкі святар, пробашч у Расонах

31 ліпеня 2018 | Блогі | Тэгі:



Блогі