За святы каталіцкі і апостальскі Касцёл

ксёндз-300x171Касцёл у Беларусі безгрэшны. Праглядаючы ленту навінаў пра каталікоў складваецца, такое ўражанне. Няма праблемаў, задачаў, розных меркаванняў. Толькі ўрачыстасці, лікаванне з нагоды “перажылі СССР”, арцыбіскуп Кандрусевіч на ровары і з мячыкам. Крытыкі Касцёла ў медыя фізічна няма. І кожнаму зразумела, што прычына – не надзвычайная святасць.

Свецкія СМІ ў Беларусі не займаюцца гэтым. Скандалы пра дамінуючую праваслаўную царкву – вялікая рэдкасць, а што казаць пра 15 працэнтаў каталікоў. Каментары тут.бай ясна паказваюць стэрэатыпны шэраг беларусаў наконт хрысціянскіх цэркваў РБ, чаму медыя да сёння не ўзялі гэты сродак на павышэнне наведвальнасці – невядома. Напэўна пакуль што хапае іншых. Але некаторыя “цёмныя” бакі раней ці пазней пачнуць усплываць, бо гэта “рэнтабельная паліца інфармацыйнага рынку”.

Каталіцкія СМІ, на жаль, застаюцца цалкам каталіцкімі. Гэтае акрэсленне ўжо зрабілася ўстойлівым. У Касцеле існуюць чорныя спісы тэм, якія фармальна нідзе не існуюць, але кожны рэдактар іх цудоўна ведае і ніколі ні на пядзю не парушыць. Напрыклад, у Еўропе святары могуць спакойна выпіць на людзях піва, прыемна пагаманіць з парафіянамі за барнай стойкай. У Беларусі святары хаваюцца па плябаніях і сваіх “точках”. Але ніколі на людзях і тым больш з алкаголем у медыя. Як быццам у гэтым штосьці ненармальнае, крымінальнае. І гэта дзіцячы прыклад які не выклікае больш, чым усмешку.

Беларускім іерархам бракуе сарказму. Застаюцца толькі вячэрнія званкі з настойлівымі просьбамі зняць матэрыял, пасля якіх каталіцкія журналісты фільтруюць тэксты падвойна. Сарказму мала, таму што праблемы былі і будуць, гэтаксама як боязь публічнага абмеркавання. Усе смяюцца з каментараў на тут.бай і паўтараюць не звяртаць на іх увагу. Але ніхто не хоча пачуць іх у свой бок, а таму выбірае тактыку прамаўчаць і ніхто нічога не заўважыць. Альбо не дазволіць сказаць гэта камусьці іншаму.

У ватыканскіх дакументах, датычных СМІ, шмат ужываецца адмысловы тэрмін – сацыяльная камунікацыя. Гэтакая адказная журналістыка, якая перш чым напісаць, задае пытанне “з якой мэтай я гэта пішу” і калі адказ – дабро чалавека, то значыць матэрыял можна публікаваць. З гэтага бярэцца пазітыўная каталіцкая журналістыка, якая можа быць толькі пазітыўнай. У выніку любая крытыка, любая нават блізкая да чорнага каталіцкага спісу тэма – не нясе дабра. Але Евангелле ясна кажа: “Калі ж не паслухаецца (брат твой – Т.А.), вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася кожнае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы Касцёлу”. (Мц 18, 16-17)

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

13 красавіка 2015 | Блогі | Тэгі: ,



Блогі