Забіць могілкі, альбо вайна па ўсіх франтах

7BDB4DB7-5199-4259-A534-C35A53075F8C_cx0_cy8_cw0_w1023_r1_s

Вайна з памяццю, гісторыяй і літаральна з памерлымі ў Мінску гэтым летам набірае ўсё новыя абароты. І колькасць ба(л)явых кропак расце літаральна штодня.

Першымі палі на гэтым фронце Курапаты – месца пахавання ахвяр масавых сталінскіх рэпрэсій, якія былі выкрытыя ў канцы 1980-х гадоў. З таго часу народны мемарыял перажыў і афіцыйнае прызнанне напачатку 1990-х, і афіцыйнае ігнараванне, і будаўніцтва паўз пахаванні МКАД у 2001 годзе, і спробы будаўніцтва гандлёвага цэнтру ў 2017-м. Зараз у непасрэднай блізкасці ад мемарыялу народнага смутку і, як кажуць, з парушэннямі закону паўстае забаўляльны цэнтр, ён жа рэстарацыя “Поедем-поедим”.

Грамадскія і палітычныя актывісты блакуюць рэстарацыю з 31 траўня. Афіцыйнай рэакцыі з боку ўладаў, апроч няўцямных абяцанняў з Мінкульту паспрабаваць разабрацца і шматлікіх штрафаў абаронцам Курапатаў, няма. Нібыта і не адбываецца нічога. Праўда, і плыняў наведвальнікаў у рэстарацыю, апроч фрыкаватых сталіністаў і прыхільнікаў “адзінай і непадзельнай Расіі”, не вельмі і заўважна.

Не паспела вырашыцца справа з Курапатамі, як паўстала новая праблема – улады вырашылі засвоіць бюджэт і добраўпарадкаваць вайсковыя могілкі, дзе пахаваныя знакамітыя беларускія палітыкі, навукоўцы, дзеячы культуры, у тым ліку народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас, айцы-заснавальнікі БССР Аляксандр Чарвякоў і Усевалад Ігнатоўскі, фактычна аўтар сучаснага гімну Беларусі Міхась Клімковіч і многія іншыя. Добраўпарадкаваць іх хочуць так, што каменя на камені не застанецца ні ад іх аўтэнтычнасці, ні ад турыстычнай прывабнасці, ні ад гістарычнай каштоўнасці. Затое бюджэт будзе засвоены, агароджы пушчаныя на метал, а людзі занятыя. І зноў актывісты бароняць нацыянальную памяць і гісторыю, і зноў улады маўчаць і нічога не робяць.

А ў Трасцянцы, месцы былога нацысцкага канцлагера, напярэдадні адкрыцця там мемарыялу зніклі крыжы, усталяваныя актывістамі. Не месца крыжам на месцы масавых забойстваў, пэўна, вырашылі камунальныя эстэты. Не пасуе народная ініцыятыва афіцыйным уяўленням пра прыгожае.

І ахвяры камуністычнага ды нацысцкага рэжымаў, і славутыя землякі ды выбітныя дзеячы – усе яны сутыкаюцца з наплявацельскім стаўленнем нашчадкаў і ўладаў той краіны, якую яны лічылі сваёй Радзімай. Грошы і правінцыйнае ўяўленне пра прыгожае робяць сваё. Ладзіць танцы каля магіл ахвяраў масавых расстрэлаў? Калі ласка! Зачысціць надмагіллі? Няма праблемы! Павырываць і павыкідаць крыжы? Ды проста!

Нават эканамічны фактар не дапамагае. Колькі турыстаў наведваюць Катынь ці Асвенцім? А колькі накіроўваюцца на Пер-Лашэз ці Лычакаўскія могілкі? Нашай ІТ-краіне яны непатрэбныя?

І гэта не адзінкавыя выпадкі. Гэта сістэма. Нават 22 чэрвеня, якое ў Беларусі носіць афіцыйную назву Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, запомніўся сёлета не мемарыяльнымі мерапрыемствамі, а ўрачыстым адкрыццём стадыёна “Дынама”: з танцамі, спевамі, феерверкамі, футбольнымі і легкаатлетычнымі спаборніцтвамі. Нібыта не ў Беларусі падчас Другой сусветнай загінуў кожны трэці жыхар.

Якая памяць? Якая гісторыя? Адзін раз жа жывем! Так што, могілкі можна забіваць, як некалі былі забітыя і пахаваныя на іх.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

maksim

Журналіст, галоўны рэдактар КРЫНІЦА.INFO




Блогі