Забудзьцеся пра “праваслаўны” і “каталіцкі” Вялікдзень

уваскрасенне

Тое, што выраз “праваслаўны Вялікдзень” або “каталіцкі Вялікдзень” шырока выкарыстоўваецца ў прыватнай камунікацыі паміж людзьмі, можна зразумець. У штодзённым жыцці так сапраўды бывае прасцей. Але ж для сродкаў масавай інфармацыі, выступаў журналістаў і палітыкаў такія выразы недаравальныя, бо паказваюць на іх неадукаванасць  і некампетэнтнасць.

Тут мы не будзем спрачацца, якая дата святкавання правільная. Пра гэта шмат пісалася і на “Крыніцы”, і за яе межамі. Толькі запомнім, што існуе святкаванне Вялікадня (Раства і многіх іншых святаў) па грыгарыянскім ці юліянскім календары, і нават у межах адной канфесіі можа не быць аднастайнасці па гэтым пытанні.

Так, грыгарыянскім календаром традыцыйна карыстаюцца Каталіцкі Касцёл, абсалютная большасць пратэстанцкіх Цэркваў і дэнамінацый, Армянская Апостальская Царква і іншыя. Сярод іншых і – Фінляндская Праваслаўная Царква.

Між тым па юліянскім календары жыве большасць Праваслаўных Цэркваў, шэраг старажытнаўсходніх Цэркваў, а таксама некаторыя ўсходнекаталіцкія Цэрквы, як напрыклад Украінская Грэка-Каталіцкая Царква (Беларуская ГКЦ карыстаецца грыгарыянскім календаром). З 2013 года адзначае Вялікдзень па юліянскім календары і Лацінскі патрыярхат Ерусаліму (рыма-каталікі). У Беларусі ж частка вернікаў некаторых плыняў пратэстантызму, як напрыклад, баптысты часам таксама святкуе Вялікдзень па юліянскім календары.

Калі ж казаць пра святкаванне Раства, то тут сітуацыя яшчэ больш складаная і разнастайная. Справа ў тым, што многія Праваслаўныя Цэрквы перайшлі на новаюліянскі календар, у якім нерухомыя святы супадаюць з грыгарыянскім, а рухомыя – з юліянскім. Таму 25 снежня Раство адзначаюць праваслаўныя вернікі ў юрысдыкцыі Канстантынопальскай, Александрыйскай, Антыяхійскай, Грэцкай, Кіпрскай, Албанскай, Румынскай і Балгарскай Цэркваў, а таксама шэрагу прыходаў Рускай Праваслаўнай Царквы, тады як іх браты чакаюць 7 студзеня (25 снежня па юліянскім календары).

Таму казаць пра каталіцкія ці праваслаўныя Вялікдзень ды Раство сёння не даводзіцца. Тым больш, што святкуем мы ўсё-такі Раство і Уваскрасенне Ісуса Хрыста.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

maksim

Журналіст, галоўны рэдактар КРЫНІЦА.INFO

11 красавіка 2016 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі