«Зімовая вішня»

3hhnXZPs1tk
Шчырыя спачуванні сем’ям загінулых у гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» у Кемерава. Трагедыя. Рукатворная. Недаравальная. Непадуладная розуму. Дзеці – ахвяры пажару ў цэнтры горада сярод белага дня ў мірны час – гэта гора родных і блізкхм. Смуткуем разам з імі. Малітва, малітва, малітва … Няхай для загінулых адкрыюцца вароты раю.

Час, каб для вінаватых адкрыліся вароты пекла. Пакуль на зямлі. Трэба знайсці сапраўдных вінаватых, а не стрэлачнікаў. Неабходна выкараніць прычыны зла, а не біць па вяршках, палохаючы крумкачоў.

Трагедыю ўжо пачалі выкарыстоўваць у сваіх мэтах прапагандысты, ідэолагі і адкрытыя крывадушнікі. Смерцямі дзяцей яны затуляюць злачынную сутнасць існай у Расіі сістэмы, прызначаючы вінаватым … капіталізм. Аказваецца! Нейкі Аляксей Байкоў прама піша, што галоўны вінаваты трагедыі ў Кемерава – капіталізм.

«І бессэнсоўна што-небудзь выпраўляць, няма сэнсу ўводзіць дадатковыя праверкі, таму што закон аптымізацыі выдаткаў і максімізацыі прыбытку заўсёды будзе важнейшы за любыя навязаныя дзяржавай правілы. Гэта называецца – «рынак павырашае».

Жахлівае невуцтва. Скандальная амаральнасць. Прафесіяналізм – ніжэй за плінтус. Ідэалагічныя прапагандысцкія скокі на трупах дзяцей. Гідка. Гідотна. Гнюсна.

Вось так узяць і ляпнуць: «Ва ўсім вінаваты капіталізм і рынак». Капіталізм – гэта палітычныя, грамадзянскія і эканамічныя свабоды. Расія ні дня, ні гадзіны не жыла блізу іх. Расія ні хвіліны не была капіталістычнай. Яна мяняла імператараў, алігархаў і гаспадароў. Яна тусавала прадажных судзьдзяў, мянтоў і пракурораў. Але яна ні на дзень, ні на хвіліну не дала людзям сапраўдную свабоду. Называць беззаконне, прадажнасць, амаральнасць распарадчыкаў чужога і чальцоў іх сем’яў з бізнэсу рыначнікамі – гэта тое ж самае, што назваць Гітлера/Сталіна вялікімі гуманістамі.

В. Пуцін дакладна апісаў практыку правапрымянення ў Расеі: «Без грошай даведку нельга атрымаць, а за грошы ўсё, што заўгодна падпішуць». Гэта тыповае карупцыйнае наменклатурна-сілавое царства VIP-распарадчыкаў чужога. Гэта ніяк не верхавенства права, якое з’яўляецца падмуркам капіталізму. Гэта ніяк не незалежнасць кантрольных і рэгуліруючых органаў, без якой капіталізму быць не можа.

Капіталізм – гэта сістэма дэцэнтралізаванага прыняцця эканамічных рашэнняў спажыўцамі, інвестарамі і прадпрымальнікамі ў межах іх прыватнай уласнасці ў сістэме адкрытай канкурэнцыі і міжнароднага падзелу працы. Калі журналісты, каментатары і прапагандысты перад тварам трагедыі думаюць не пра ахвяраў і іх сем’і, не пра спосабы раз і назаўсёды вынішчыць такога чыну абуральныя парушэнні закона, а пра тое, як зваліць віну на «капіталізм», «рынак» і прагных прадпрымальнікаў, яны становяцца на бок зла. Таго самага зла, якое стварыла сістэму пагарды да жыцця, здароўя і ўласнасці звычайных людзей.

Аляксей Байкоў у запале кляймення капіталізму не прамінуў лягнуть філосафа сапраўднага капіталізму, пісьменніцу Айн Рэнд. Маўляў, кандытарскі магнат Дзяніс Штэнгелаў –  сапраўдны ўладальнік «Зімовай вішні» – «тыповы «атлант» з любімых персанажаў Айн Рэнд”. Вось так адным мазком замазаны прадпрымальнікі, капіталізм і Айн Рэнд. Вось, глядзіце, да чаго прывялі заходнія каштоўнасці. Яшчэ трохі і такія вось «інтэлектуалы» абвінавацяць ва ўсім бессардэчных амерыканцаў, гей-ропу, сіянісцкую ці каталіцкую змову.

А. Байкоў і яго постпраўдзінскія клоны не ўмеюць чытаць. Затое ўмеюць скажаць. Яны вучаць не думаць – заклікаюць адчуваць. А ежу для палітычна і ідэалагічна правільных пачуццяў яны разам з расейскім ТБ пастаўляюць на раз-два. Яны жахліва перакручваюць Айн Рэнд, не знаходзячы час прачытаць, зразумець яе літаратурных герояў і нягоднікаў. Яна бачыць у сумленных творцах, вытворцах – атлантаў нашага свету, тых, хто цягне яго з бездані беднасці, голаду, няроўнасці і жудаснай эксплуатацыі ў свет высокіх сацыяльных, эканамічных, экалагічных і маральных стандартаў.

Расія сёння – гэта краіна, захопленая такімі тыпажамі з літаратурных герояў Рэнд, як Веслі Муч, Джэймс Таггарт, Роберт Стадлер, Флойд Фэрыс, Піцер Кіцінга або Эллсворт Тухі. Яны ў партнёрстве з сілавікамі выгналі з краіны Дагні Таггарт, Хэнка Реардэна, Францыска Д’Анконія і Джона Галта. Менавіта таму Расія перастала вырабляць цуды навукі і тэхнікі. Менавіта таму гараць гандлёвыя і забаўляльныя цэнтры, падаюць ракеты, дэградуе адукацыя і ахова здароўя. З Расіі больш за трыльён даляраў скрадзеныя і вывезеныя не атлантамі кшталту Джона Галта, а яго антыподамі. Расія сёння – гэта краіна, у якой усё больш творцаў, стваральнікаў і вытворцаў вырашаюць аб’явіць VIP-распарадчыкам чужога, захавальнікам небяспечнага агрэсіўнага саўка і бальшавізму страйк. Атланты гатовыя вырабляць, але не гатовыя быць дойнымі каровамі алігархаў і VIP-распарадчыкаў чужога. Таму перад тварам трагедыі ў Кемерава час назваць рэчы сваімі імёнамі.

Сістэма, у якой распарадчыкі чужога прадаюць рашэнні судоў, меркаванні пракурораў, сертыфікаты бяспекі, даведкі адпаведнасці, у якой захоп уласнасці адбываецца часцей, чым адкрыццё новых прадпрыемстваў, называецца бальшавізмам. Або намэнклатурна-сілавой формай агрэсіўнага інтервенцыянізму. Яе ідэолагі і місіянеры – Маркс, Ленін, Сталін і Пуцін. Гэта сістэма антыправа, антыўласнасці і антысвабоды. Трагедыя ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» – гэта чарговая ахвяра гэтай сістэмы. Не першая і не апошняя.

Меркаванні аўтараў блогаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Krynica.info

раманчук

Кіраўнік Навуковага даследчага цэнтра Мізэса. Аўтар/сааўтар васьмі кніг, звыш 1200 публікацый на эканамічную тэму. Лаўрэат прэмій Atlas Economic Research Foundation (2006, 2007), узнагароды Свабоды ISIL (2003 г.). Аўтар распрацаваных дэмсіламі Канцэпцыі інтэграцыі Беларусі ў ЕС, партнёрства Беларусі і Расіі, канцэпцыі бюджэтнай і падатковай палітыкі Беларусі, Антыкрызіснай праграмы для Беларусі, кіраўнік працоўных груп па распрацоўцы Нацыянальнай платформы бізнесу, Канцэпцыі моладзевай палітыкі. З красавіка 2000 года па верасень 2011-га – намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года.

28 сакавіка 2018 | Блогі | Тэгі: , ,



Блогі