10 “шчаслівых” парадаў ад гішпанкі Розы Пік – маці 18 дзяцей

20160704_rosapich_02

Сям’я Пасціга-Пік – самая вялікая сям’я Еўропы з дзецьмі школьнага ўзросту. Акрамя сям’і і дома Роза Пік, матуля 18 дзяцей, працуе ў галіне моднай вопраткі, наведвае сямейныя канферэнцыі, падарожнічае з мужам у справах “Міжнароднай федэрацыі сям’і” і абавязкова раз на тыдзень займаецца тэнісам. Нядаўна гэта неверагодная жанчына напісала кнігу, у якой яна дзеліцца сваім досведам і распавядае “Як жыць шчасліва з 1, 2, 3… дзецьмі?”.

“Крынічка” публікуе сёння для вас 10 шчаслівых парадаў гарачай гішпанкі – жанчыны з моцным характарам і няпростым жыццём.

1. Пасілак – самая важная сямейная сустрэча на працягу дня

Кожная сям’я павінная вырашыць, які пасілак будзе ў яе галоўным – сняданне, абед ці вячэра. У нашай сям’і стравы простыя, але мы добра ўпрыгожваем іх і гатуем з вялікай любоўю. Мне падабаецца дадаваць нешта асабістае ў аздабленне стала: напрыклад, раскласці на ім зялёнае лісце, якое я збіраю па дарозе з працы дамоў.

Падчас пасілку кожны мае час распавесці пра свой дзень. Важна, каб за сталом з’яўлялася актуальная тэма для абмеркавання, каб выхоўваць дзяцей і знаёміць іх з правільнымі жыццёвымі прынцыпамі. Неабходна ведаць, што мяркуюць на той ці іншы конт самі дзеці і паказаць ім, што добрае, а што дрэннае, дапамагчы вырашыць праблему. Да таго ж пасілкі становяцца цікавейшымі, калі абмяркоўваць падчас іх самыя гарачыя навіны дня.

2. Змены да лепшага і самаўдасканаленне

У нашым доме ўсе – адна каманда, усе дапамагаюць адно аднаму. Мы добра ведаем нашыя недахопы і моцныя бакі, добра ўсведамляем уласныя магчымасці і небяспекі, якія нам пагражаюць. Таму мы збіраемся адзін раз улетку і адзін раз зімою, каб запісаць, якія змены да лепшага патрэбныя нашай сям’і і кожнаму асабіста. Мы супольна за адну хвіліну запаўняем  ліст паперы, які вешаем пасля ў сталовым пакоі, каб не забыцца. Напрыклад, мама павінна перастаць камандаваць татам, дзевяцігадовая Пэпа павінна пачаць больш усміхацца, чатырнаццацігадовая Разіта павінна перастаць пратэставаць з любой прычыны, пяцігадовая Лаліта павінна навучыцца добра засцілаць ложак… Калі мы не ставім перад дзецьмі аніякіх патрабаванняў, яны так і плывуць па цячэнні. “Ён жа яшчэ зусім малы!”, “Ён нічога не зразумее”… Не! Малыя маюць права, каб ад іх патрабавалі гэтак жа сур’ёзна, як і ад старэйшых, толькі ў адпаведнай узросту меры.

postigo_pich-aguilera

3. Цуд і прыгажосць прыроды

Мы стараемся навучыць дзяцей любавацца прыродай і тым, што вакол. Калі дзіця навучыцца спыняцца, сачыць, што адбываецца навокал, траціць вечар, назіраючы за слімаком, за вясёлкай, за зменамі пасля дажджу, тады гэтае дзіця пазней спыніцца, каб паразважаць над сітуацыяй або праблемай, каб разгледзіць абставіны, якія пагаршаюць праблему або ўскладняюць сітуацыю. Яно будзе ведаць, як шукаць альтэрнатыву, каб вырашаць іх. Дзіця, якое з малых гадоў вучаць назіраць за навакольным светам, думаць, цаніць рэчы, не вырасце імпульсіўным і крок за крокам навучыцца найперш думаць, а пасля рабіць.

4. Мы раздзяляем абавязкі

На пачатку навучальнага года мы збіраемся на сямейным сходзе і разам дзелім між сабою абавязкі, мы ж дэмакратычная сям’я. Зразумела, не ўсе абавязкі аднолькава нам падабаюцца, але ўсім вядома, што мы дапамагаем у хатняй працы, робячы свой маленькі ўнёсак у агульную справу, і гэта займае толькі пяць хвілінак на дзень. Дом належыць нам усім, а не толькі маме і тату, і мы ўсе разам дбаем аб парадку. Трохгадоваму дзіцяці добра падыходзіць абавязак выключаць святло ў хаце, а пяцігадовае можа падымаць трубку, калі звоніць тэлефон. Такім чынам, з маленства дзеці вучацца ўспрымаць дом як сваю ўласнасць. Калісьці дзеці падзякуюць за тое, што навучыліся хатняй працы і ўбачаць, як лёгка ім весці ўласную гаспадарку.

7078364850630c1c9b1b525b492998f2

5. Вучыце дзяцей клапаціцца пра іншых

Лідар – гэта чалавек, які клапоціцца пра іншых, стварае каманду, аб’ядноўвае людзей. Дзяцей трэба вучыць клапаціцца пра іншых. Напрыклад, калі аднакласніка не было ў школе, варта, вярнуўшыся са школы, патэлефанаваць яму і пацікавіцца, чаму яго не было і як ён сябе адчувае. І думаць трэба не толькі пра тых аднакласнікаў, з кім дзеці больш сябруюць, хто больш падабаецца, з кім ёсць больш агульнага. Варта памятаць і пра таго аднакласніка, які стаіць у куце на школьным двары, у адзіноце, бо таўсцейшы або менш кемлівы за іншых дзяцей…

6. Жыццё цяжкая рэч

 Ёсць гішпанская прымаўка: хто жадае табе больш дабра, прымусіць цябе плакаць. Менавіта так, мне здаецца, што мы павінныя быць больш патрабавальнымі да сваіх дзяцей і ўмець казаць ім “не”. Тое, ад чаго яны не паплачуць у дзяцінстве, прымусіць іх плакаць, як толькі яны вырастуць. Калі дзеці падаюць на падлогу і плачуць, я часта кажу ім: “Жыццё – цяжкая рэч”. І яны самі паўтараюць гэта адно аднаму.

7. Права на гістэрыку

Дзецям часам здаецца, што яны маюць права на істэрыку, на прыступы плачу, на ўспышкі гневу і раздражнёнасць… Калі дзеці просяць у нас ляндрынку, яны звычайна кажуць: “Я хачу цяпер, хачу, каб мне яе цяпер купілі, я не буду чакаць да заўтра!” Але, як усім вядома, у рэальным жыцці мы не атрымліваем адразу ўсё, што толькі захочам, трэба навучыцца чакаць і мець цярплівасць. Гэта правілы, якія трэба захоўваць. І чым раней дзеці іх запомняць, тым лепш.

15033727_1150836104999706_121351609_n

8. Для таты самы важны чалавек – мама, а для мамы – тата

Мне здаецца, што не паставіць свайго сужэнца на першае месца – гэта памылка. Для таты самы важны чалавек – мама, а для мамы – тата. Яны – самыя важныя людзі ў доме. Менавіта гэта трэба бачыць дзецям, ім неабходна бачыць моцных бацькоў, якія больш за ўсё кахаюць адно аднаго, нягледзячы на бадай якія жыццёвыя змены. Дзецям неабходна бачыць, як тата цалуе маму, калі вяртаецца дадому і кажа: “Пачакай сынок, пачакай, дачушка, спачатку я прывітаюся з мамай, а пасля паразмаўляю з вамі”. Калі час ад часу тата моцна абдымае маму на вачах у сваіх дзяцей, – гэта цудоўна, бо дае дзецям упэўненасць. Ім трэба бачыць, што бацькі кахаюць адно аднаго, і таму варта кожны дзень аказваць адно аднаму маленькія праявы пяшчоты. Любоў – гэта справы, а не словы.

9. Багацце ў дзецях

У ХХІ стагоддзі многія памылкова лічаць, што дзіця – гэта цяжкая ноша, якая перашкаджае табе рабіць, што хочацца, якая цябе знявольвае і апроч таго патрабуе вельмі вялікіх фінансавых укладанняў. Уся справа зводзіцца толькі да таго, колькі грошай у месяц утрыманне дзіцяці будзе каштаваць і гэта памнажаецца на лічбу дзяцей, якіх пара вырашыла мець. Але гэта зусім іншая арыфметыка.

Дзеці дапамагаюць нам быць шчаслівымі, вучаць выходзіць па-за межы сябе саміх і з радасцю дарыць сябе іншым. Як казаў Маленькі Прынц Экзюперы, “шчаслівейшы той, хто дае, а не той, хто атрымлівае”. У сям’і заўсёды ёсць магчымасць даваць, не чакаючы нічога ўзамен. Нельга нават уявіць як моцна кожнае дзіця павялічвае тваё сэрца.

10. Галоўная таямніца

Сяброўкі часта пытаюцца ў мяне: “Роза, у чым твая таямніца? Ты ненармальная, ты дакладна нешта сабе колеш. З усімі справамі, з якімі ты мусіш спраўляцца, з усім, што ты перажыла ў жыцці… гэта ненармальна – быць заўжды ў добрым гуморы”. Хочаце ведаць у чым мая таямніца? Мушу сказаць, што мая таямніца нічога не каштуе, яна дармовая, даступная для ўсіх кішэняў на планеце, у любой сямейнай эканоміцы. Гэта таямніца вельмі простая: кожны дзень прачынацца рана і маліцца. У малітве я бяру сілы, вось дзе я бачу магчымыя рашэнні праблемаў, вось дзе я па імёнах узгадваю ўсіх сваіх дзяцей і бачу, над якімі цнотамі я магу папрацаваць з кожным з іх, вось дзе я думаю пра свайго мужа. Бог дае мне сілы, я размаўляю з Ім пра свае праблемы, Ён суцяшае мяне і дае святло разумення, як пражыць новы дзень.

* * *

У Мінску сустрэча з гэтай цудоўнай жанчынай і прэзентацыя яе кнігі “Як жыць шчасліва з 1, 2, 3… дзецьмі?” па-беларуску адбудзецца 25 лістапада а 18.00 па адрасе: вул. Магілёўская, 2/2, 4 паверх, культурніцкая прастора “Тартак”. Уваход вольны.

afisha-pasciga-pikkanchatkovykanechnykanec-kopiya

Па матэрыялах кнігі Розы Пік-Агілеры Рока “Як жыць шчасліва з 1, 2, 3… дзецьмі?”

Падрыхтавала Вольга Севярынец

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі