Інтэрв’ю з доўлай: “Культура пасляродавага аднаўлення жанчыны ў заняпадзе”
У апошні час у Беларусі адбываюцца пэўныя пазітыўныя зрухі ў сферы вядзення родаў і нараджэння дзяцей. Нядаўна адбыўся прыезд у Мінск сусветна вядомага даследчыка Мішэля Адэна, зараз праходзіць акцыя “Раддом спагадлівы да сям’і” – ўсе раддамы Мінска адчыняюць свае дзверы для наведвальнікаў. Таксама больш адкрыта вядзецца гаворка пра тое, што сістэма дапамогі жанчынам ў родах, якая ёсць у беларускіх раддамах, састарэла і патрабуе зменаў. У сувязі з гэтым Крынічка вырашыла пагутарыць з Настассяй Навіцкай, Старшынёй Таварыства падтрымкі сям’і “Нараджэнне”, доўлай, шматдзетнай матуляй.
Настасся, Вы па адукацыі юрыст, чаму пасля атрымання гэтай прафесіі Вы вырашылі стаць яшчэ і доўлай? Ці складана атрымаць гэтую прафесію ў Беларусі і ці кожны жадаючы можа ёю авалодаць?
Думкі і мары працаваць з жанчынамі падчас цяжарнасці, родаў і пасля іх наведвалі мяне яшчэ з часоў нараджэння старэйшай дачкі, 15 гадоў таму. Але я не бачыла сябе, напрыклад, акушэркай. Калі даведалася, што існуюць доўлы, адчула, што гэта мне блізка, пачала вучыцца і працягваю гэта рабіць да гэтага часу. Навучалася пасляродаваму аднаўленню, розным тэхнікам масажу, наведвала канферэнцыі для доўл і акушэрак, у тым ліку і семінары Мішэля Адэна ў Кіеве ў 2015 годзе, вучылася ў Санкт-Пецербуржскім Інстытуце усходніх метадаў рэабілітацыі па спецыяльнасці “Перынатальная ёга”, зараз сканчваю курс кансультантаў па лактацыі.
Доўла – не афіцыйная прафесія для Беларусі, у нашай краіне пакуль няма магчымасці навучацца на доўлу. Гэта можна зрабіць, напрыклад, на расійскім рэсурсе “Doula link”, курс доўжыцца 4 месяцы, для сертыфікацыі неабходна выканаць некалькі заданняў, напрыклад, суправадзіць адныя роды. Гэты сертыфікат адпавядае еўрапейскім стандартам. Калі валодаеш англійскай мовай, можна навучацца на он-лайн курсах падрыхтоўкі доўл “Childbirth International” ці “CAPPA”.
Як ацэньваеце падкаванасць беларускіх мамаў у тэме натуральных родаў – яны бяруць адказнасць за свае роды ці хутчэй пакладаюцца на досвед урача?
Я доўла і не маю звычкі ацэньваць. Мая задача увогуле не навязваць жанчыне, як ёй будзе лепей нарадзіць, а падтрымаць яе выбар ці падтрымаць яе эмацыйна ў сітуацыі, калі выбару не было. Жанчыны розныя, да мяне часцей звяртаюцца тыя, каму не абыякава, як пройдзе цяжарнасць і роды. Яны самі шукаюць інфармацыю, чытаюць, ведаюць, як гэта праходзіць у іншых краінах. Часта бывае так, што першы досвед быў няўдалы, жанчыне не ўдалося нарадзіць, як яна хацела, і зараз яна шукае магчымасць нарадзіць па-іншаму.
Зусім нядаўна Вы рыхтавалі прыезд Мішэля Адэна ў Мінск. Ці гэта важная для Беларусі падзея і ці складана было падрыхтаваць яго прыезд?
Сумесна з ініцыятывай “Радзіны” наша грамадскае аб’яднанне падтрымкі сям’і “Нараджэнне” было адным з арганізатараў прыезду Мішэля Адэна ў Беларусь. Гэта падзея вельмі значная для нашай краіны. Доктар Адэн ніколі раней не быў у Беларусі, хаця часта наведвае Украіну і Расію. За 3 дні ён паспеў выступіць з дакладам перад медыкамі на II Медыцынскім кангрэсе па рэпрадуктыўным здароўі, наведаць 5-ю радзільню, адказаць на пытанні журналістаў на прэс-канференцыі, даць інтэрв’ю на радыё, правесці адкрытую сустрэчу-прэзентацыю кніг і трэнінг, які доўжыўся з раніцы да вечара. Вялікая колькасць людзей пачулі і пабачылі гэтага чалавека-легенду. Прыязджалі спецыялісты з іншых краін, каб пачуць адказы на свае пытанні. Зараз няма спецыяліста ў перынатальнай сферы ці людзей, якія цікавяцца гэтай тэмай, якія бы не чулі аб тым, што Мішэль Адэн прыязджаў у Беларусь. Шмат СМІ напісала аб гэтай падзеі.
Ці магчыма змена ў бок практык Мішэля Адэна ў сістэме Аховы здароўя Беларусі і што для гэтага можна зрабіць?
У Мішэля Адэна няма прынцыпаў і практык. Ён даследчык. Усё, што ён робіць у сваіх кнігах і калі выступае, – задае пытанні аб будучыні чалавецтва. Нейкія вывады ён прапануе рабіць, грунтуючыся на навуковых даследаваннях. І разглядаць не толькі кароткачасовае ўздзеянне тых ці іншых практык дапамогі ў родах на фізічнае і псіхічнае здароўе маці і дзіця, а таксама глядзець наперад. Напрыклад, чаму павялічваецца колькасць людзей з дысфункцыямі аутыстычнага спектру, псіхічнымі захворваннямі, аутаімуннымі захворваннямі і г.д. З мэтай вывучэння гэтых пытанняў ён стварыў Навукова-даследчы цэнтр першаснага здароўя. У Базу дадзеных даследаванняў уключаюцца эпідэміялагічныя работы, дзе вывучаецца сувязь паміж тым, што адбываецца у першасны перыяд жыцця (ад цяжарнасці да моманту, калі дзіцяці споўніцца адзін год), і здароўем у далейшым жыцці. Зараз аб’ём базы дадзеных уключае больш за 1000 даследаванняў.
Каб падтрымаць жанчын у пасляродавы перыяд Вы з аднадумцамі пачалі праект “Мама нарадзілася”. Распавядзіце пра яго.
Культура пасляродавага аднаўлення сёння знаходзіцца ў заняпадзе. Мала жанчын ведае, як эфектыўна дапамагчы сабе пасля родаў. Фокус у першыя месяцы скіраваны на дзіця. Але стан маці аказвае вялікі уплыў на маляня і на сям’ю ў цэлым.
Ідэя праекту “Мама нарадзілася” належыць Марыі Такуновай – акушэру-гінеколагу, кіраўніку школы мацярынства “Ліра”. У нашай камандзе таксама псіхолаг, дызайнер і я, інструктар па пасляродавай гімнастыцы. Мы хочам стварыць унікальны пасляродавы пояс для падтрымкі мышцаў і органаў у першыя месяцы пасля родаў, які аб’ядноўвае у сабе плюсы бандажа і перавязі. У дадатак да пояса будзем прыкладаць кнігу-дзённік для нованароджанай маці, у ёй будуць парады на кожны дзень. Мяркую, гэта ўсё стане добрай маральнай падтрымкай для жанчын. Таксама будзем здымаць відэа-ўрокі ад кожнага члена нашай каманды аб тым, як жанчына можа дапамагчы сабе аднавіцца і быць у добрым стане пасля родаў. Яны будуць у бясплатным доступе.
А як наконт сацыялізацыі? Вы шматдзетная мама, а паспяваеце займацца яшчэ і грамадскай дзейнасцю. Падзяліцеся досведам, як жанчыне, жыццё якой пасля родаў кардынальна змяняецца, не згубіць саму сябе і знайсці сілы займацца не толькі дзіцяткам?
Вельмі дапамагае муж і старэйшыя дочкі, ім зараз 15 і 11 год. Таксама ёсць няня, якая прыходзіць 1-2 разы на тыдзень на некалькі гадзін і займаецца малодшым сынам, яму 1,5 гады. Праца і грамадская дзейнасць прыносяць мне задавальненне, што ў Беларусі адбываюцца пэўныя змены ў перынатальнай сферы, хоць яны паступовыя і амаль не заўважныя. Але яны ёсць.
Нядаўна ў мяне нарадзілася чацвёртае дзіцятка. Таму зараз я крыху прыпыніла актыўнасць і больш займаюся сямейнымі справамі. І атрымліваю ад гэтага асалоду. Бо гэта і ёсць жаночае прызначэнне. Магчыма, з восені буду паціху вяртацца да працы.
Гутарыла Вольга Севярынец
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)