АББА, альбо шлях да Айца

get_imgАйцец – гэта той, хто спараджае дзяцей (Пс 2:7) і іх выхоўвае. Айцоўства – гэта Божая ласка, а дзеці з’яўляюцца Божым дарам (Пс 126:3), які атрымлівае не кожны (Лк 20:28-31). Паняцце “дзед” незразумелае для Бібліі, таму ўсе нашчадкі разглядаюцца тут як сыны і дочкі родапачынальніка (Мф 21:9). З айцоўскай хаты вядуць тры шляхі: сын пакідае айца, каб “прыляпіцца да жонкі” і самому стаць бацькам (Быц 2:24); сын можа памерці для айца, прычым не толькі ў выніку фізічнай смерці, але і з прычыны грахоўнай памылкі (Лк 15: 24); нарэшце, Божы наказ, як у выпадку з Абрагамам, і верная адданасць Хрысту ў Новым Запавеце, пераважае над прыхільнасцю і паслухмянасцю айцу, калі гэтыя адносіны з айцом супярэчаць Божай волі (Мф 4: 22; Лк 14: 26).

У Старым Запавеце адносіны паміж айцом і сынам будуюцца на запаведзях, значэнне якіх вытлумачваецца ў далучаных да іх прадпісаннях (Друг 21:18-21; Прып 30:17). Абавязак айца заключаецца ў тым, каб забяспечваць дзецям пражытак (Лк 11:11), кіраваць імі і іх выхоўваць (Прып 13:24; Гбр 12:8 і наступныя), але першым чынам – у тым, каб навучаць іх Божаму Закону (Друг 6:7; Эф. 6:4). Калі айцец не аддае глыбокай пашаны праўдзіваму Богу і пачынае ўшаноўваць ідалаў, то адказнасць за гэты грэх нясуць і яго дзеці (Вых 20:5), хоць суровасць іх пакарання Бог абмяжоўвае (Друг 24:16; Езк 18:17-20). Такім чынам, айцец не можа паступаць па ўласнай самаўпраўнасці; у прыватнасці, у Новым Запавеце яму раіцца не раздражняць сваіх дзяцей (Эф 6:4) і не даводзіць іх да засмучэння (Кал 3:21). Дзеці абавязаны паважаць айца (Вых 20:12; Прып 30:17) і быць паслухмянымі яму (Прып 23:22).

У Старым Запавеце айцец мае права вырашаць пытанне аб жыцці і смерці сваіх дзяцей (Быц 22:1-10). Дзеці абавязаныя ўтрымоўваць яго, калі ён становіцца непрацаздольным (Прып 19: 26; Мф 15: 5). Тая акалічнасць, што адносіны паміж айцом і дзецьмі, якія павінны рэгулявацца любоўю (Быц 22:2; 44:20), рэгулююцца Законам, з’яўляецца змушанай мерай і сведчыць пра парушэнне ўсталяванага Богам парадку. І ўсё ж у айца ёсць перавага – ён першым можа палюбіць сваё дзіця і абудзіць у яго сэрцы сустрэчнае пачуццё; у гэтым стаўленні чалавечае айцоўства з’яўляецца адлюстраваннем айцоўства Бога (Прып. 23:26; 1Ян 4:10,19).

Паняцце айцоўства пашыраецца і на тыя выпадкі, калі айцом называюць чалавека, які выконвае айцоўскі абавязак забеспячэння дзяцей у адсутнасць роднаснай сувязі, г.зн. дабрадзея (Ёб 29:16; 31:18), добрага гаспадара, ці кіраўніка (Быц 41:43; Вых 22:21). Так, айцом можа звацца святар ці прарок, калі чалавек (ці людзі) давярае сябе яго кіраўніцтву (Суд 17:10).

У Новым Запаве паняцце айца пераносіцца ў галіну духоўнага і выкарыстоўваецца ў адмысловым значэнні, калі гаворка ідзе пра духоўнае выхаванне, накіраванае на сталенне ў веры (1Кар 4:15; Флп 2:22; Флм 10). Павел выяўляе сапраўднае айцоўскае пачуццё ў адносінах да Цімафея (1Цім 1:2; 2Цім 1:2), а Пётр – да Марка (1П 5:13). Таксама па-айцоўску Павел ставіцца да тых чальцоў царквы, якія, дзякуючы яму, прыйшлі да веры (1Тэс 2:11). Айцамі ў цэрквах з’яўляюцца ўсе тыя, хто духоўна спарадзіў ці выхаваў дзяцей, г.зн. вернікаў (1Ян 2: 13,14).

Адмысловае айцоўства праглядаецца ў Божым Провідзе збаўлення адносна Абрагама. Ён – патрыярх, прабацька (Гбр 7:4). Менавіта з яго Бог пачаў новую эру ў адносінах з людзьмі. Калі Бог паклікаў Абрагама, той не толькі пакінуў радзіму і родных, але і адмовіўся ад багоў свайго айца Фарры (Нав 24:2). У хаўрус Бога з Абрагамам былі ўключаны і нашчадкі патрыярха (Быц 26:3). Якаў ведаў, што з ім быў Бог Абрагама (Быц. 31:42), і Бог размаўляў з ім, як Бог яго айца (Быц. 46:3). Але паколькі побач з Ісакам стаяў Ізмаіл, а побач з Якавам – Ісаў, якіх Бог выключыў са Свайго запавету, то наступныя запаветы сталі ўспадкоўвацца тымі, хто вызнаваў Бога Абрагама, Ісака і Якава (Вых 3:6). Так, Бог складае запавет з народам, айцом якога з’яўляецца Абрагам. Як наступства – будучыя пакаленні ўключаліся ў справу збаўлення, якую Бог здзейсніў у дачыненні да іх бацькоў (Вых 6:3; Ліч 11:12; Друг 4:31; 5:3); яшчэ да бабілонскага палону Ерамія наракаў на тое, што ізраільцяне парушылі той запавет, які Бог заключыў з іх айцамі (Ер 31:32). У Евангеллі згадваецца пра айцоў, якія парушалі запавет і забівалі прарокаў – гэта правобраз тых, хто пераследаваў Ісуса і Яго вучняў (Мф 5:12; 23:31). Пасля таго, як народ Ізраіля пакінуў Бога сваіх айцоў, Ян Хрысціцель спрабаваў звярнуць сэрцы айцоў да дзяцей, а сэрцы дзяцей да айцоў (Мал 4:6; Лк 1:16,17). Народ Ізраіля памятаў толькі пра сваё паходжанне па крыві, але забыўся на веру Абрагама і яго справы (Ян 8:33,37). У той жа час той, хто працягвае справу Абрагама, мае права звацца яго праўдзівым спадчыннікам (Гал 3:6 і наступныя.,29) і з’яўляецца паўнавартым чальцом народа Божага (Эф 2:19 і наст.). Габрэй, які прызнае Ісуса Сынам Божым, служыць Богу сваіх айцоў (Дз 24:14).

Прызнанне Ісуса Сынам Божым дазваляе па-новаму зірнуць на Божае айцоўства ў адносінах да людзей. Бог стварыў усіх людзей і падтрымлівае ў іх жыцці, Ён – Айцец для Свайго народа, Ізраіля (Іс 63:16; Ер 3:4; 31:9), і для кожнага асобнага (Пс 67:6). У выніку ахвяры Яго адзінароднага Сына Ісуса Хрыста людзі праз нараджэнне ад Бога словам праўды (Як 1:18; 1Ян 2:29; 3:9; 4:7) становяцца “дзецьмі Божымі” (1Ян 3:1). Ім, якія складаюць Народ Абраны па духу, Бог аказвае Сваю любоў і Свой клопат (1П 5:7). Ён выхоўвае іх (Гбр 12:6-8) і прызначае іх Сваімі спадкаемцамі (Рым 8:17). Ён таксама чакае, што на Яго любоў людзі адкажуць сваёю (1Ян 4:19), а таксама паслухамянасцю, што вынікае з гэтай любові (Рым 16:19; Гбр 5:9). Ён жадае, каб Яго дзеці любілі адзін аднаго (Ян 13:34), былі ўдзячныя Яму, (Кал 2:7; 1Тэс 5:18), і даверліва звярталіся да Яго – “АББА” (Рым 8:15).

Біблійныя імёны, што схавалі айца…

Для жыхароў новазапаветнай Палестыны не былі б дзіўнымі такія імёны, як Бараба, Барталамей, Барыешуа, Барыёна, Барнаба, Барсаба, Бартамей, Барахаз.

А ў нас, сустракаючы адно з гэты імён, узнікаюць асацыяцыі з далёкай цёплай краінай, магчыма, мы сцвердзім ці падумаем, што гэтыя імёны, напэўна, габрэйскія. Уявім пасяленні сярод гарачых пяскоў пустыні, аднапавярховыя халупы з плоскімі дахамі, якія габрэі называлі словам “баіт” ці “бэт”, якое паходзіць ад “банах” – “будаваць, майстраваць, уладкоўваць”. Гэтыя халупы ў Палестыне будаваліся з абпаленай у вагні ці на сонцы гліны. Іх лёгка было праламаць, таксама яны маглі расплысціся ад праліўных дажджоў. Зразумела, што дамы багацеяў будаваліся з абцясаных камянёў, палацы ж з каменных плітаў і нават з мармуру. Напэўна, людзі, якія насілі вышэйпералічаныя імёны жылі ў крохкіх халупах. Мы чулі, што і Ісус, які жыў у Назарэцэ, не належыў да заможных жыхароў Палестыны – жыў у звычайным, дастаткова дэлікатным габрэйскім баіце, які трэба было рэгулярна рамантаваць і кожны раз клапаціцца аб яго стане. У гэтых халупах цякло жыццё: гадаваліся дзеці, вырасталі, жаніліся і перадавалі апеку над жытлом наступным пакаленням – сваім сынам. Сын на габрэйскай мове гучыць як “бэн”, паходзіць яно з арамейскай мовы, дзе гучыць як “бар”. Цікава, што імёны, якія мы пералічылі вышэй, усе пачынаюцца з гэтага слова. Хто ж гэтыя персанажы з такімі імёнамі?

БАРАБА

Дакладная этымалогія імя Бараба застаецца прадметам спрэчак, большасць перакладчыкаў схільныя лічыць імя Бараба грэцкім варыянтам арамейскага імя בר אבא- сын аббы (ἀββα літ. тата, ойча) альбо сын Аббы, калі арамейскае אבא успрымаць як імя асабістае. Іншыя мяркуюць, што Бараба быў сынам вядомага рабіна, паколькі слова “абба” часта выкарыстоўвалася пры звароце да паважаных настаўнікаў і рабінаў. У некаторых лацінскіх рукапісах сустракаецца напісанне імя Бараба з падвоеным “р”, гэта дае падставу для здагадкі, што гэта імя паходзіць ад Бар Рабба(н) – сын настаўніка. Існуюць і вельмі рэвалюцыйныя тэорыі. Даследчык Hyam Maccoby лічыць, што самаго Ісуса Хрыста габрэі часта называлі бар-аббам з-за спосабу Яго малітвы і пропаведзі Бога. Benjamin Urrutia, аўтар працы „The Logia of Yeshua: The Sayings of Jesus“ лічыць таксама, што Ісус Бараба быў ідэнтычны Ісусу з Назарэта, узгадвае аб паўстанні, якое апісаў Іосіф Флавій, і не ўзгадвае лідэра бунту, якім, па яго меркаванню, з’яўляецца Ісус.

У некаторых пазнейшх грэцкіх рукапісах Евангелля ад Матфея Бараба названы “Ісус Бараба”. Арыген адзначае, што ў яго часы большасць рукапісаў утрымоўвалі менавіта такую форму гэтага імя. Шматлікія сучасныя даследнікі таксама прызнаюць, што першаснай з’яўляецца менавіта гэтая поўная форма імя “Бараба”, пазней яна была заменена на больш кароткую перапісчыкамі, каб не прыкладаць асабістага імя Ісуса Хрыста да Барабы. У Евангеллі ад Матфея супрацьпастаўляюцца дзве асобы, якія насілі адно і тое ж імя “Ісус”: Пілат прапануе натоўпу зрабіць выбар паміж Ісусам, сынам Аббы, і Ісусам, названым Месіяй.

Бараба быў злачынцам, аднак дакладная сфера яго злачыннай дзейнасці дагэтуль выклікае палеміку. Евангелле не кажа прама, каго і навошта ён забіў і якога характару сеяў смуту. У Евангеллі ад Марка згадваецца, што ён быў схоплены разам з супольнікамі, але прамога доказу, што гэта была арганізаваная група, няма. У Евангеллі ад Лукі ўказваецца прычына яго зняволення – узнятае ім паўстанне і забойства, аповед аб гэтай падзеі запазычаны Маркам. У Евангеллі ад Мацвея Бараба акрэслены як “вядомы (слынны) вязень”. У Евангеллі Яна Бараба выступае як разбойнік.

На дадзены момант у даследчыкаў існуюць дзве версіі, адна з якіх схіляецца да таго, што ён быў бунтаром супраць Рымскага кіравання і займаўся тым, што ў нашыя дні назвалі б тэрарызмам, ці ж “барацьбой за незалежнасць”. Другая версія схіляецца ўсё ж да таго, што ён быў забойцам і яго дзеянні не пераследвалі ніякіх палітычных мэтаў. Існуюць і іншыя тэорыі. Французскі багаслоў Alfred Loisy мяркуе, што Бараба выдуманы персанаж, праводзячы аналогію з юродзевым Карабасам у Александрыі, якога апранулі як цэзара і насміхаліся з яго ў час візіту Ірада Арыпы І.

Так ці інакш, але ў выніку Бараба быў схоплены рымскімі ўладамі, прысуджаны да смерці, адданы пад варту і чакаў свайго прысуду, але, на шчасце для яго, пярэдадне пакарання смерцю супала з агульнанародным святкаваннем Пасхі. Адсутнасць пазабіблійных сведчанняў пра традыцыю велікоднай амністыі дала падставу некаторым даследнікам сцвярджаць, што аповед пра вызваленне вязня не мае пад сабой гістарычнай падставы і створаны самімі евангелістамі ў апалагетычных мэтах. Аднак крыніцы ўтрымоўваюць досыць шмат прыкладаў таго, што на падставе народнага рашэння, і менавіта ва ўсходняй частцы імперыі, арыштаваныя маглі быць вызваленыя падчас святаў, так што такое вызваленне і ў свята Пасхі з’яўляецца цалкам магчымым. Дакладна невядомыя прычыны такой папулярнасці Барабы сярод габрэйскай грамадскасці. Прадстае вельмі нелагічнай тая здагадка, што просты народ у мностве сваім мог прасіць вызваленні звычайнага крымінальніка, таму версія пра Барабу, як барацьбіта за волю і незалежнасць Старажытней Юдэі, мае права на існаванне. Папа Бенедыкт XVI у энцыкліцы Spe Salvi піша: «Ісус не быў Спартаком, ён не быў уцянуты ў барацьбу за палітычнае вызваленне, як Бараба ці Бар-Кохба».

Далейшае жыццё Барабы не апісанае ў Евангеллі, таму дакладна невядома, чым ён займаўся пасля вызвалення; вярнуўся да ранейшай злачыннай дзейнасці або стаў на шлях выпраўлення – застаецца загадкай.

Айцец Сяргей Сурыновіч для КРЫНІЦА.INFO

Бібліяграфія

1. Abrahams I. Barabbas // Studies in Pharisaism and the Gospels. Ser. 2. N. Y., 1924, 1967r. P. 201-202;

2. Willkins M. J. Barabbas // ABD.

3. Hyam Maccoby: Revolution in Judaea: Jesus and the Jewish Resistance. Taplinger Publishing, 1980, ISBN 0-8008-6784-X.

5. f1, таксама So P. Winter: On the Trial of Jesus.

6. каля 240 г. пасля Р.Х.

7. Metzger B. Textual Comment. to the Greek New Testament. Stuttg., 1975.

8. Albright, Mann. Matthew. P. 343-344

10. Die Mehrheit der Textzeugen bietet die Lesung metà tôn stasiastôn, „nach/mit den Aufrührern“. Die von einigen Handschriften überlieferte Variante … systasiastôn könnte aber nahe legen, das Barabbas einer von den „Aufrührern“ war. Vgl.: Nestle-Aland: Novum Testamentum Graece zu Mk 16,7; P. Winter: On the Trial of Jesus.

13. Die meisten Bibelübersetzungen haben das Wort epísemos mit „berüchtigt“ wiedergegeben. Etymologisch hat das Wort die Bedeutung „mit einem Zeichen versehen“, „gekennzeichnet“.

16. A. Loisy: L’évangile selon Marc. Paris 1912, S. 454f (zit. nach P. Winter: On the Trial of Jesus. S. 94f).

17. H. Rigg; H. Maccoby; S. Davies.

18. Merkel. S. 309. Anm. 1-4; Merrit. P. 53-68; Colin J. Les villes libres de l’Orient gréco-romain et l’envoi au supplice par acclamations populaires. Brux., 1965.

19. Spe Salvi, 4.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі