Берэшыт, альбо што тоіць габрэйская мова…

beresitУ чалавека, які ўпершыню трымае ў руках тэкст на габрэйскай мове, напэўна, узнікне пытанне: як жа тут справіцца, як здолець звязаць усе гэтыя рысачккі, кропачкі ў адно цэлае? Калі пачаць вывучаць габрэйскія літары, то таксама ўзнікае шмат цяжкасцяў – як звязаць усе зычныя літары, якая ўзаемасувязь у самім слове і паміж словамі ў сказе ды ўвогуле ў тэксце? Вялізнае праблема паўстае і тады, калі чалавек, які звыкся з прынятымі нормамі, правіламі і ўзаемасувязямі ў сваёй роднай мове, пачынае разумець, што габрэйская мова з’яўляецца адрознай і ў сэнсе агульнапрынятых нормаў узаемадамоўленасці адносна значэння канкрэтнага слова, ці проста кажучы мовай неканвенцыйнай.

 

Як гэта разумець? Нам вядомыя існыя ўзаемасувязі паміж словамі. Напрыклад, “аднакарэнныя словы”. У габрэйскай мове таксама ёсць карані і аднакарэнныя словы, але тут існуе не толькі сувязь паміж аднакарэннымі словамі, але і сувязь паміж самімі каранямі розных тыпаў. Першы тып сувязі завецца “2-х зычная ячэйка”. Корань у нашым разуменні складаецца з трох зычных, але тутвысвятляецца, што, акрамя 3-х зычных каранёў, маецца сувязь 2-х зычных ячэек, у выніку ў габрэйскай мове існуе шмат узаемазвязаных каранёў, якія ўсе растуць з адной ячэйкі. Акрамя гэтага тыпу ўзаемасувязяў паміж словамі існуюць яшчэ іншыя, напрыклад, існуе  3-х зычны корань з заменай літараў – з’ява, калі адно слова атрымліваецца з іншага перастановай літар. Яшчэ адзін тып сувязі –  калі літара ў слове замяняецца на літару з таго ж “вымаўленчага шэрагу” (у габрэйскай мове 5 шэрагаў). Нарэшце, яшчэ адзін тып сувязі – гематрыя, калі лікавае значэнне слова супадае з лікавым значэннем іншага слова. (Усе літары ў габрэйскай мове маюць лікавыя значэнні, і лікавае значэнне слова роўнае суме лікавых значэнняў яго літар).

 

Сучасная лінгвістыка прызнае за легітымныя сувязі тыпу 2-х зычных ячэек, а адносна нядаўна яна прызнала законнымі таксама сувязі тыпу цыклічнай замены, і таксама яна прызнае наяўнасць сувязі праз замены ўсярэдзіне груп зычных. Лікавыя ж значэнні літар ці складанне з адных і тых жа літар за легітымны тып сувязяў яна не прызнае. (Адзначым, што не так даўно лінгвістыка не прызнавала нават 2-х зычных ячэек).

 

Такім чынам, з пункту гледжання ўсіх гэтых сувязяў атрымліваецца, што ўсе словы ў іўрыце злучаны ў нейкую вельмі складаную сетку, так, што слова злучанае не толькі са сваім коранем, але і са мноствам іншых словаў. Атрымліваецца нейкая прастора сувязяў і, калі мы будзем адвольна змяняць значэнні слоў у іўрыце, то ўся сетка сувязяў разбурыцца.

 

Сучасная лінгвістыка зайшла ў пэўны тупік у пытаннях гісторыі паходжання габрэйскай мовы. Чым была прасемітская мова і як паўсталі габрэйскія карані?

 

Ёсць дзве тэорыі, кожная з якіх з’яўляецца вельмі абгрунтаванай на ўзроўні лінгвістыкі. Адна тэорыя кажа так: спачатку былі 2-х зычныя ячэйкі з няпэўным (“агульным”) значэннем, а потым да іх далучылася трэцяя (“якая канкрэтызуе”) зычная, так што з’явіўся больш вызначаны корань.

 

Іншая тэорыя кажа інакш: спачатку былі невыразна вызначаныя групы зычных, у якіх парадак мог змяняцца ў гутарковай мове, а потым кожная з групаў набыла больш зафіксаванае значэнне. (Наогул, у семіцкіх мовах зычныя могуць змяняцца месцамі (метатэза); ёсць маса прыкладаў слоў у габрэйскай мове, калі ад перастаноўкі атрымліваюцца роднасныя словы). Напрыклад, літары Айн, 3айн і Рэш азначалі “дапамагаць, спрыяць”, а потым адна з групаў прыняла значэнне “цягліца” (зроа), а іншая “дапамога” (эзер). Гэта тэорыя таксама з’яўляецца вельмі абгрунтаванай з лінгвістычнага пункта гледжання.

 

Такім чынам, абедзве тэорыі з’яўляюцца цалкам абгрунтаванымі,абедзве тэорыі адна адной не супярэчаць: адна сувязь працуе, і іншая сувязь таксама не адстае па вартасці ад першай. Супярэчнасць узнікае тады, калі мы спрабуем падумаць, з якой жа з дзвюх тэорый паўстала габрэйская мова? Не можа ж быць, што яна паўстала адначасова з абедзвюх…

 

Але пяройдзем да самага цікавага, дзеля чаго і патрэбны быў гэты ўступ.

 

Першае слова ў Бібліі гучыць як “Бэрэшыт”. На габрэйскай мове гэтак жа называецца першая кніга Бібліі, вядомая нам як Быццё. Дык што ж крыецца ў гэтым слове – “Бэрэшыт”? З яго пачынаецца Біблія ды і ўся гісторыя зямлі і чалавецтва: “Бэрэшыт бара Элоhім…” – Спачатку стварыў Бог… Гэтае слова ўзаемазвязанае з такімі словмі як “рош” – галава, частка, вяршыня, “брыт”  – запавет, “эш”  – агонь, і “бара”  – стварыў. Таксама да яго адносяцца словы – “рышон” – першы, “лерышона” – у першы раз, спачатку, упершыню, “рышонут” – першынство, прыярытэт, “рышоні” – першасны, пачатковы, элементарны, “рышоніют” – першаснасць, арыгінальнасць, самабытнасць, “рашут” – вяршэнства, кіраўніцтва, “решыці” – прымітыўны. Можна заўважыць, што ва ўсіх гэтых слоў адзін і тойжа корань. З гэтага слова пачынаецца гісторыя ўсёй Зямлі і ўсяго чалавецтва!

 

Першы чалавек на зямлі быў сапраўды Адам. Слова “Адам”  у перакладзе з габрэйскай мовы азначае ўсяго толькі – чалавек. Але цяпер мы, усе астатнія людзі, якія паходзім ад яго, завёмся на габрэйскай мове “Бней-Адам” – даслоўна сыны ці сын Адама. “Бней-Адам” – людзі. Таксама слова зямля (не планета) на іўрыце гучыць як “адама”, з чаго бачна, што чалавек быў названы так з-за таго, што ён быў створаны з зямлі, “праху зямнога”.

 

Ева. Правільна яе імя гучыць як “Хава”,  тая, што дае жыццё, ад слова “хаім”  – жыццё (трэба заўважыць, што слова жыццё ўжываецца ў множным ліку, што значыць – Біблія праз імя Евы распавядае нам ад самага пачатку, што існуе не адно жыццё, а два – адно зямное, другое пасля фізічнай смерці).

 

Імя Каін паходзіць ад слова “Лікнот” – купляць, набываць, здабываць, бо Ева, калі нарадзіла яго, сказала: “здабыла я чалавека ад Бога”

 

Ной. Яго постаць займае ў Бібліі важнае значэнне. Як мы ведаем, ён быў абраным Богам праведнікам для працягвання роду людскога пасля патопу. У Быцці 5:28-29 апісанае нараджэнне Ноя: “І жыў Лямеш 182 гады і нарадзіў сына, і даў яму імя Ной, сказаўшы: гэты суцешыць (йінахамену) нас у працы нашай і ў працы рук нашых на зямлі, якую скляў Бог”. Такім чынам, Лямеш вырабіў імя Ной “Ноах” ад кораня “нахем”, якое тут перакладзена як “суцяшэнне”. І сутнасць Ноаха ў тым, каб “суцешыць нас ад працы нашай на зямлі, якую пракляў Бог”. Тут можа быць і іншы сэнс: ён быў зручны Богу. “Ноах” – перакладаецца як “зручны” (інфінітыў на іўрыце “Лянуах” – адпачываць; быць зручным. А таксама гэта можа азначаць тое, што, калі чалавек дасягае вызначанай мэты, ён можа адпачыць (гэта як раз падыходзіць да гісторыі Ноя).

 

Сыны Ноя – Сім, Хам і Яфет. “Шэм” азначае – “імя”, “Хам” – гарачы (а таксама ад слова “хум” – карычневы), Яфет (Яфат ці Іфат) ад слова “яфэ” – прыгожы, ці гэта імя можа таксама азначаць “распаўсюдзіцца” (будучы час). Вось ад іх і паходзім мы.

 

Авраму было змененае імя, што мае вельмі вялікае значэнне. Абрам  – “аб” – бацька, “рам” – узвышаецца, паднімаецца (інф. “Лярум”), высокі. Але затым яго імя было змененае Богам на АвраhАм – быццам бы адна літара, але яна памяняла ўвесь яго лёс. Атрымліваецца – “аб” – бацька, “h” – ад слова “hамон” (мноства) “ам” – народ: “бацька мноства народаў”. А таксама гэта яшчэ можа азначаць: сярэдняя літара “а” ці “hа” у габрэйскай мове дадаецца пры канкрэтызацыі якога-небудзь слова, г.зн. атрымліваецца – бацька пэўнага народа.

 

Ісус Месія. Яго імя правільна гучыць як “Ешуа”, што азначае – збаўца, збаўленне. “Ешуа hамашыах” – Ешуа Месія. Слова Месія – “Машыах” паходзіць ад слова “машыха” – памазанне, адпаведна, “машыах” азначае памазаны. Слова Хрыстос (Крыстос) відавочна прыйшло да нас з грэцкай мовы і нідзе не згадваецца ў габрэйскай мове. Таксама ў 23 вершы першай часткі Евангелля ад Матфея мы сустракаем яшчэ адно “імя”, а дакладней, тытул Ешуа – Эмануэль, якое правільна гучыць як Імануэль  – “ім” – з, “ану  (скарочанае ад “анахну”) – мы, намі, “Эль” – Бог. Атрымліваецца – з намі Бог.

 

Усім нам вядомы горад, дзе нарадзіўся наш Ешуа,– Бэтлеем, правільна гучыць як “Бэйт-Лэхэм”, што перакладаецца як “бэйт (баіт)” – дом, “лэхэм” – хлеб,  г.зн. “Дом хлеба”.

 

Горад Назарэт, якіправільна гучыць як Нацэрэт ці Нацрат, паходзіць ад слова “нэцэр”– што перакладаецца як атожылак (аб якім прарочыць Ісая), і ад дзеяслова Лінцор – захоўваць, пільнаваць.

 

Гэта толькі некалькі імёнаў уласных і геаграфічных назваў з габрэйскай мовы, якія сустракаем у Бібліі ваўзаемасувязі з іншымі словамі.

Што тоіць габрэйская мова, і што тоіць Біблія, чаго мы не можам ведаць і знайсці ў нават самым дакладным перакладзе?..

 

Кс. Сяргей Сурыновіч для КРЫНІЦА. INFO

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
30.11.2014 | Тэгі: ,




Блогі