Дзе знайсці арыгінал Бібліі?

Tanah

Хочаце верце, хочаце не, але ў нас няма арыгіналаў біблейскіх кніг. «Сапраўдны» тэкст Бібліі складзены дзякуючы руплівай даследчай працы над мноствам старажытных рукапісаў, якія захоўваюцца ў музеях і бібліятэках. Аднак, як ні дзіўна, сёння тэкст шматлікіх кніг Бібліі больш сапраўдны і верагодны, чым творы такіх антычных аўтараў, як Гамер, Эсхіл ці Платон, захаваныя толькі ў рукапісах і запісаныя наноў праз 1400-1700 гадоў пасля стварэння арыгінала. Рукапісы ж, якія ляглі ў падмурак Бібліі, паходзяць з больш ранніх часоў і ад сваіх першакрыніцаў адарваныя значна большай стагоддзевай адлегласцю. Усяго на сёння (па дадзеных на 1989 год) вядомыя наступныя каталагізаваныя крыніцы найстаражытнейшых рукапісаў (гаворка тут пра Новы Запавет):

 

1. Папірусы Новага Запавету — фрагменты грэцкіх спісаў Новага Запавету, напісаныя на папірусе, датуюцца II—VII стст. На сёння вядома 127 папірусаў Новага Запавету, сістэматызаваных інстытутам даследвання Новага Запавету (INTF) у Мюнстары. Папірусы адыгрываюць найзначнейшую ролю ў даследаванні новазапаветнага тэксту.

Кожны вядомы папірус цытуецца ў выданні Новага Запавету на грэцкай мове Nestle-Aland Novum Testamentum Graece.

2. Унцыяльныя рукапісы (Кодэксы і пергаментныя скруткі, на якіх тэкст прадстаўлены вялікімі (загалоўнымі) літарамі грэцкага алфавіту) – грэцкія рукапісы Новага Запавету, напісаныя унцыяльным пісьмом на пергаменце, якія датуюцца III—X стагоддзямі.

Даследнік Тышэндорф ведаў толькі 64 грэцкія унцыяльныя рукапісы Новага Запавету, а Айланд (Aland) у першым выданні Kurzgefasste Liste (1963) пералічыў 250 кодэксаў. На сёння вядома 322 унцыяльныя рукапісы Новага Запавету, сістэматызаваныя щ каталозе праз INTF у Мюнстары – Liste Handschriften. Munster: Institute for New Testament Textual Research.

3. Мінускульныя рукапісы– грэцкія рукапісы Новага Запавету, напісаныя мінускульным пісьмом на пергаменце ці паперы і датаваныя IX—XV стагоддзямі.

Даследнік Ветштэйн ведаў толькі 112 грэцкіх мінускульных рукапісаў Новага Запавету: 58 да Евангелля, 60 да Дзеяў, 28 да Пасланняў Паўла. Айланд у першым выданні Kurzgefasste Liste (1963) пералічыў 2768 кодэксаў. Насёння вядома 2907 мінускульных рукапісаў Новага Запавету, якія сістэматызаваныя ў каталогу праз INTF у Мюнстары.

4. Лекцыянары Новага Запавету гэта збор тэкстаў Новага Запавету, які ўжываецца для біблійных чытанняў Літургіі Слова. Лекцыянарныя грэцкія рукапісы Новага Запавету напісаныя ўнцыяльным ці мінускульным пісьмом на пергаменце ці паперы і датуюцца IV—XV стагоддзямі.

Ветштэйн ведаў толькі 77 лекцыянарыяў Новага Запавету. Gregory у 1909 ведаў 2768 лекцыянарных кодэксаў. Насёння вядомыя 2453 лекцыянарыі Новага Запавету, сістэматызаваныя ў каталогу праз INTF у Мюнстары.

5. Кодэксы

Найбольш старажытнымі рукапісамі Новага Запавету лічацца Александрыйскі, Ватыканскі і Сінайскі кодэксы. Усе яны датуюцца (палеаграфічна, гэта значыць, на падставе «стылю почырку») IV ст. н.э. Мова кодэксаў – грэцкая. У выніку аналізу гэтых кодэксаў і быў выпрацаваны асноўны тэкст Новага Запавету, даступны кожнаму.

 

Айцец Сяргей СУРЫНОВІЧ для КРЫНІЦА.INFO

 

Літаратура

Б. Мецгер Текстология Нового Завета. — М.: ББИ, 1999, стр. 44-46. — ISBN 5-87507-011-0

K. Aland B. Aland, Der Text des Neuen Testaments, Duetsche Bibelgesellschaft, Stuttgart 1989.

Christian–B. Amphoux, Codex Vaticanus B: Les points diacritiques des marges de Marc, Journal of Theological Studies vol. 58 (2007), pp. 440-466.

Frederic G. Kenyon, Our Bible and the Ancient Manuscripts (4th ed.), London 1939.

Bruce M. Metzger, Manuscripts of the Greek Bible: An Introduction to Palaeography, Oxford University Press, Oxford 1981.

Ph. B. Payne – P. Canart, The Originality of Text-Critical Symbols in Codex Vaticanus, Novum Testamentum, Vol. 42, Fasc. 2 (Apr., 2000), 105-113.

T.C. Skeat, The Codex Vaticanus in the 15th Century, JTS 35 (1984), 454-465.

Burnett H. Streeter, The Four Gospels. A Study of Origins, Oxford 1924.

C. Vercellonis, J. Cozza, Bibliorum Sacrorum Graecus Codex Vaticanus, Roma 1868.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі