Грашовыя адзінкі ў Новым Запавеце

Езус манетыУ новазапаветныя часы ў Палестыне ў асноўным былі распаўсюджаныя грэцкія і рымскія манеты. У кнігах Новага Запавету згадваецца дзесяць відаў манет: адна манета юдэйскай чаканкі, пяць грэцкай і чатыры рымскай.

Юдэйскі шэкель, альбо срэбранік

Хадавой юдэйскай манетай служыў срэбны шэкель, або срэбранік. Першапачаткова шэкель быў мерай вагі (корань слова шэкель — שֶׁקֶל / ш-к-л / — мае значэнне «вага»). Згадка пра шэкель як меру вагі ўзыходзіць да другога тысячагоддзя да н. э.: шумеры выкарыстоўвалі за эталон масу аднаго зерня пшаніцы (0,046 г) — «шэ» або «шэвум» (літаральна — «зерне»), 180 шэ складалі шэкель (8,28 г). Шэкель як меру вагі выкарыстоўвалі габрэі, маавіцяне, эдаміцяне, фінікійцы і іншыя народы. Шэкель срэбра быў стандартнай грашовай адзінкай. Пунічныя манеты грунтаваліся на шэкелевай меры вагі, якая была запазычаная ад фінікійцаў.

У старажытных габрэяў шэкель быў таксама мерай золата і срэбра. Біблейскі шэкель дзяліўся на дзве бекі або 20 гераў, згадваюцца таксама чвэрць і траціна шэкеля. «Шэкель срэбрам» называўся кесеф, а «шэкель золатам» — захаў. Вядомы таксама «святы шэкель» — ха-кодэш, які прымяняўся ў культавай практыцы пры разліках у храме.

Старажытныя габрэі чаканілі як свае манеты, так і карысталіся тырскімі шэкелямі і іншай валютай. Менавіта за трыццаць такіх тырскіх срэбранікаў Юда выдаў Хрыста (Мц 26:15; 27:3-6,9). Па тагачасных коштах гэта была сума, дастатковая для таго, каб купіць невялікі надзел зямлі ў ваколіцах Ерусаліма. На гэтых манетах была выява Мелікерта (грэц. Μελικέρτης), вярхоўнага бога Тыра (грэц. Τύρος), сталіцы Фінікіі (грэц. Φοινίκη).

Шэкель быў нацыянальнай манетай юдэяў, раўняўся грэцкаму статэру (тэтрадрахме). Шэкель у негабрэйскіх і грэцкіх перакладах падаецца як «сікль» (грэц. Σίκλους / Δίδραχμον).

 

Грэцкія манеты

драхмаДрахма асноўная распаўсюджаная старажытнагрэцкая манетная адзінка (грэц. δραχμή; ад асірыйскага «дараг-мана» — шасцідзесятая міны; іншая версія этымалогіі — ад «схопленых рукой»), а таксама адзінка вымярэння масы, першапачаткова складалася са злітка срэбра вагой у 1/60 міны, раўнялася рымскаму дынарыю (Лк 15:8,9). У залежнасці ад месца чаканкі драхма мела розную вагу: атычная драхма — 4,37 грамаў срэбра, эгінская — 6,3 грамы. У розны час вага манеты і яе кошт вагаліся.

манеты2_nДыдрахма (грэц. δίδραχμον) — сярэбраная манета вартасцю ў дзве драхмы (Мц 17:24). Гэтая манета прыраўноўвалася да паловы шэкеля і прымалася замест апошняга ў выплату храмавых падаткаў.

монеты8_nСтатэр (грэц. στᾰτήρ) першапачаткова гэтая манета выкарыстоўвалася ў Афінах, была роўнай па каштоўнасці тэтрадрахме (чатыром драхмам, грэц. τετράδραχμον), потым у іншых месцах статэрам называлі і дыдрахму (манету ў дзве драхмы). Такі статэр быў знойдзены апосталам Пятром у злоўленай ім рыбе і аддадзены як выплата падатку за Ісуса Хрыста і за сябе (Мц 17:27). Статэр прыраўноўваўся да «святога шэкеля» ці срэбраніка і таксама мог выкарыстоўвацца ў разліках у храме.

монеты6_nМіна (грэц. Μνᾶ) манета роўная ста драхмам або 25 статэрам (Лк 19:13).

Талант (грэц. Τάλαντον) вышэйшая грашовая адзінка, залаты ці срэбны (Мц 18:24; 25:15; Ап 16:21). Залаты талант быў роўны дзесяці срэбным. Атычны талант быў роўны 60 мінам або 6000 драхмаў, а карынцкі талант — 100 мінам. Апошні больш падыходзіць да каштоўнасці уласна габрэйскага (старазапаветнага) срэбнага таланту, у першым стагоддзі пасля Р. Х. вага і кошт таланту панізіліся.

 

Рымскія манеты

монеты3_nДэнар (лац. Denarius, грэц. Δηνάριον) — срэбная манета, часта ўзгадваная ў Евангеллях (Мц 18:28; 20:2; Мк 6:37; 12:15; Лк 7:41; 22:24,; Ян 6:7; 12:5, таксама Ап 6:6). Па вазе і каштоўнасці дэнар прыраўноўваўся да грэцкай драхмы, падчас зямнога жыцця Збаўцы ён меў меншую каштоўнасць. На адным баку гэтай манеты была выява рымскага імператара (Мц 22:19-21). Дэнар складаў падзённую плату рымскаму воіну, як драхма — плату афінскім воінам. Ён жа складаў звычайную плату рабочым за дзень іх працы (Мц 20:2). Дэнар складаў подаць, якую юдэі абавязаны былі плаціць рымлянам (Мц 22:19).

манеты1_nАсарый (лац. As; гр. Ασσάριον, Мц 10:28—33) медная манета, раўнялася дзесяці (пазней шаснаццаці) дэнарам.

 

 

 

монеты4_nКадрант (лац. Quadrans, грэц. Κοδράντης, Мц 5:21—26; Мк 12:41—44; Лк 21:1—4) медная манета, раўнялася 1/4 аса, таксама вядомы пад агульнай назвай «халкос» (грэц. Χαλκός) – манеты з медзі (медзякі) — (Мц10: 9; Мк 6: 8; Мк 12: 41; Ап18: 12). На гэтых манетах таксама адлюстроўваўся імператар.

монеты5_nЛепта (грэц. λεπτόν ад λεπτός – малы, тонкі) — самая дробная медная манета. Дзве лепты (грэц. Δύο λεπτός, якія складалі адзін кадрант) паклала ў скарбніцу храма бедная ўдава (Мк 12:41-44).

а.Сяргей Сурыновіч

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
06.09.2014 | Тэгі: , ,




Блогі