“Хлопчыкі і дзяўчынкі” ці як адказваць на складаныя дзіцячыя пытанні?
Першая хваля цікаўнасці да палавой сферы прыходзіцца на ўзрост 3-5 год. У гэты час цікавасць дзіцяці скіраваная ў асноўным на пытанне аб тым, чаму існуюць людзі двух палоў і чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго, а таксама – адкуль бяруцца дзеці. У гэты перыяд размова на гэтыя тэмы можа ініцыявацца як дарослымі (напрыклад, яны распавядаюць дзіцяці, што існуюць хлопчыкі і дзяўчынкі, тлумачаць, да якога полу адносіцца само дзіця і людзі з ягонага атачэння), так і дзецьмі – малы задае пытанні, бацькі адказваюць.
Што датычыцца пытання аб адрозненнях паміж паламі, то важна ведаць, што для малых да 3 год фізіялагічныя падрабязнасці насамрэч цікавыя менш, чым сацыяльныя ролі мужчын і жанчын, хлопчыкаў і дзяўчынак. Таму часам дастаткова патлумачыць, што з дзяўчынак вырастаюць мамы, а з хлопчыкаў – таты, што хлопчыкі больш граюць у машынкі, а дзяўчынкі – у лялькі і г.д. Гэтаксама закладаюцца асновы сацыяльных паводзінаў мужчыны і жанчыны: «Мужчыны саступаюць жанчынам месца ў транспарце», «Жанчыны клапоцяцца пра дзетак» і г.д. Зразумела, што ў сучасным свеце мужчынскія і жаночыя ролі змешаныя, але пытанні дзяцей носяць, як правіла, вельмі канкрэтны характар, яны грунтуюцца на тым, што малы бачыць вакол сябе, і таму адказаць на іх прасцей.
Пры гэтым, аднак, не варта абыходзіць і цялесныя праявы мужчынскасці і жаноцкасці, калі дзіця імі цікавіцца. Пры гэтым варта памятаць, што гэтыя адрозненні не зводзяцца выключна да палавых органаў: «У мужчынаў бываюць вусы ці бароды, а ў жанчын не», ці «Тата моцны, у яго такія вялікія плечы і рукі, таму што ён мужчына» і г.д.
Пытанне аб розніцы ў палавых органах можа ўзнікнуць у дзіцяці тады, калі яно бачыла гэтыя адрозненні. Найчасцей гэта здараецца ў дзіцячым садку, ці калі ў сям’і некалькі дзяцей і малодшых пераапраналі перад старэйшымі. Варта заўважыць, што з’яўленне дарослых без адзення перад дзецьмі з пункту гледжання псіхалогіі непрымальна.
Пры гэтым, калі для дзіцяці агучваліся іншыя адрозненні, то апошняе будзе ўспрымацца як адно з шэрагу іншых, не выклікаючы сораму, стрэсу ці павышанага нездаровага інтарэсу. Калі дзіцятка заўважае гэтыя адрозненні, можна проста спакойна падцвердзіць, што і ў гэтым хлопчыкі і дзяўчынкі адрозніваюцца.
Важна памятаць, што дзеці могуць даследваць свае палавыя органы, гэтаксама, як і іншыя часткі цела. Гэта норма, і калі не засяроджваць на гэтым увагу, а тым больш не пачынаць сарамаціць дзіця, то гэты інтарэс хутка пройдзе, і палавыя органы будуць для дзіцяці проста адной з частак ягонага цела.
Калі адказваем на пытанні, звязаныя з сэксам і з’яўленнем дзяцей. Кажам праўду – не пра бусла і капусту, падаём інфармацыю згодна з узростам дзіцяці. Можна прыводзіць прыклады знаёмых – памятаеш, цёця Таня хадзіла з вялікім жывоцікам, потым паехала ў спецыяльны дом, і там з жывоціка выйшаў Ванечка.
На пытанні, як дзіця трапляе ў жывоцік, у залежнасці ад узроста можна казаць, што «Калі тата і мама вельмі любяць адзін аднаго, у іх з’яўляюцца дзеткі», «Тата абдымае маму, і ў мамы з’яўляецца малыш», «Ёсць асаблівы від любові, які магчымы толькі паміж татам і мамай, ад гэтай любові нараджаюцца дзеці».
Фізіялагічныя падрабязнасці не патрэбныя малым дзецям, гэтаксама як і навуковыя назвы палавых органаў. Гэтыя словы не нясуць для дзіцяці ніякай інфармацыі. Зрэшты, і пра іншыя часткі цела мы не кажам «медыцынкай» мовай: кажам «вочы, вочкі», але не «вокавы яблык», «каленкі», але не «каленныя суставы» і г.д.
Ад 4-5 да 10-11 год у палавым сталенні дзіцяці пачынаецца перыяд «зацішша». У гэтым узросце яно вырашае іншыя задачы свайго развіцця, і інтарэс да «сэксуальных» пытанняў мінімальны. Магчымыя пытанні могуць быць звязаныя з тым, што дзіця нешта бачыла ці чула на гэтыя тэмы – у садку, школе, у двары і г.д. Адказваючы на гэтыя пытанні, важна даваць дзіцяці інфармацыю адпаведна ягонаму ўзросту, а таксама ўстрымлівацца ад асуджэння дзіцяці («Як ты можаш пра такое пытацца?!») і ад замоўчвання гэтых тэмаў («Ты занадта малы, каб пра гэта ведаць»).
Інтарэс да сексуальнасці вяртаецца ў перыяд палавога сталення.
Тэкст: Наталля Станкевіч-Жданоўская (catholic.by), прэзентацыя: Надзея Гарэцкая і Вольга Севярынец
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)