“Нас – дваннацаць, і мы гэтым ганарымся”. Пра жыццё шматдзетнай сям’і

Дзеці – гэта дар нябёсаў. У Святым Пісанні гаворыцца, што ўзнагарода ад Госпада – дом, напоўнены сынамі. Атрымліваецца: чым больш дзяцей, тым добразычлівей Яго рука да сямейнага агмяня. Але не ўсе з гэтым пагаджаюцца. Сучасны свет дыктуе свае нормы жыцця. І яны, як правіла, разыходзяцца з меркаваннем Божага Слова. Пажыць для сябе. Дзеці – гэта цяжар. Нарадзіць – паставіць крыж на сабе. Як часта мы чуем гэтыя словы. Асабліва ад маладога пакалення. Заводзіць вялікія сем’і стала не тое што не модна, а абсурдна. Але яшчэ гадоў трыццаць таму, здавалася, тое пакаленне думала па-іншаму. Няўжо аб фінансавым планаванні тады не думалі, а на грамадскую думку не звярталі ўвагу? Было месца і гэтаму. Але дзяцей ад гэтага ў сем’ях менш не станавілася. Бацькі разоў дзесяць за суткі перасцірвалі пялёнкі, інфармацыю здабывалі з бібліятэчных кнігаў, цацкі майстравалі з падручных сродкаў, радаваліся шакаладцы, набытай раз у месяц на апошнія грошы. Вядома, не ўсе мамы і таты прайшлі праз гэта, але нямала сярод нас і такіх герояў і гераінь.

10Так у горадзе Брэсце жыве Надзея і Анатоль Калесніковіч. У іх дзесяць дзяцей. Шасцёра вясёлых хлопцаў-энтузіястаў і чатыры дачкі-прыгажуні. Старэйшаму 27 гадоў, а самаму малодшаму – 14. Бацькі ўсміхаюцца і кажуць, што гэта яшчэ нямнога. Хацелі больш. Марылі аб усынаўленым дзiцяцi, але не склалася. Старэйшыя дзеці пажаніліся. З’явіліся выдатныя ўнукі на радасць бабулі і дзядулі: тры хлопчыкі і адна дзяўчынка.

Служэнне Богу ў  доме Калесніковіч стаіць на першым месцы. Яны – хрысціяне. Надзея і Анатоль ў царкву прыйшлі праз некалькі год пасля вяселля. Тады для іх былі цяжкія часы. Малады бацька любіў выпіць, у выніку – чарговая сварка. Адносіны паміж мужам і жонкай напальваліся. У царкву Анатоль пайшоў з-за цікаўнасці, па запрашэнні даўняга сябра. Там ён і спазнаў асобу Ісуса Хрыста. За ім пацягнулася і жонка, але не адразу. Па словах Надзеі, муж за некалькі месяцаў стаў зусім іншым чалавекам. Толькі гэтыя перамены і змаглі растапіць яе сэрца. Зараз бацька і старэйшы сын Ігар з’яўляюцца пастарамі евангельскіх цэркваў, астатнія члены сям’і – ўзрастаюць у Госпадзе і мараць аб вялікім служэнні.

Шматдзетная сям’я жыве ў прыватным доме. Мае сваю гаспадарку. Але яшчэ гадоў дзесяць таму да “шостага” тулілася ў маленькай кватэрцы. Машыны не было. Перамяшчаліся на ровары. Матэрыяльных сродкаў не хапала.

“Гэта былі цяжкія часы і ў той жа час дабраславёныя. У кожным дне мы бачылі руку Божую. Гасподзь і дапамог нам выгадаваць дзяцей”, – распавядае Надзея.

3Калі ўся сям’я ў зборы, месца за сталом ледзь хапае. За такімі “пасядзелкамі” сумна не бывае – жартуюць тут усе, а не засмяяцца не атрымаецца. “Галоўны гумарыст ў нас тата, яму роўных сярод нас няма”, – распавядаюць дзеці.

Крысціна ў сям’і дзявятая па ліку. Нарадзілася яна разам з Радзівонам. Яны двайняткі. Менавіта з ёй мне давялося пазнаёміцца ​​бліжэй. Расказваць пра сваю сям’ю яна можа гадзінамі. Але больш за ўсё дзяўчыне падабаецца назіраць за рэакцыяй людзей.

– Колькі вас? Колькі? Пачакай, паўтары яшчэ раз!

Крысціна кажа, што хтосьці ўсхліпвае ад захаплення, а хтосьці проста адмоўчваецца з недаўменным выразам твару. Яна толькі ўсміхаецца. Але ўсе сыходзяцца на адным: вашы бацькі – героі!

З гэтым не могуць не пагадзіцца і самі дзеці. “У мяне крутая сям’я. Я вельмі шчаслівая, што маю столькі братоў і сясцёр. Да таго ж, я не ведаю, што такое адзінота. Нават калі захочаш пабыць адна – не атрымаецца. Дома пастаянна хтосьці ёсць”, – дзеліцца Крысціна.

5Самае папулярнае пытанне, якое задаюць дзяўчыне, дзе захоўваецца іх абутак. Калі прыкінуць, што ў кожнага па дзьве пары, у суме атрымаецца – дваццаць чатыры. Прыкладна такая колькасць пар акуратна складзена ў пярэднім пакоі – пад лесвіцай.

“Калі ты прывык пакідаць іх каля парога, то маці хутка адвучыць ад гэтага”.

У такім выпадку, Надзея абутак закідвае ў самы далёкі цёмны кут. Тады, каб знайсці чорныя чаравікі сярод яшчэ дзесяці падобных, трэба разбурыць усю гару і зноўку скласці. Крысціна, кожную раніцу пераконваецца, што маміны метады  дзейсныя.

Жыць у шматдзетнай сям’і весела. Тут праходзілі і сямейныя бітвы падушкамі і слёзныя прымірэння ў адным куце і пяцігадзінныя гульні ў хованкі і “даганялкі” на роліках. Звычайным у доме з’яўляецца і такое, як надзець не сваю рэч, узяць чужы тэлефон, выведаць таямніцу і ўзамен на маўчанне атрымліваць тры месяцы порцыі бясплатнага шакаладу. Або, звяртаючыся да брата, напрыклад, можна пералічыць імёны ўсіх сясцёр, а мужчынскае імя так і не назваць.

Бацькі з дзяцінства стараліся прывіць дзецям працавітасць і павагу адзін да аднаго. Плён гэтага насення выразна стаў бачны, калі дзеці падраслі. Без сварак і крыўдаў, вядома, не абыходзіцца, але і яны толькі ўмацоўваюць адносіны:

“Часта Бог праз братоў і сясцёр упакорваем мяне. Паказвае мае недахопы і заганы. Побач з імі я станаўлюся лепш”, – дзеліцца дзяўчына.6

У доме шматдзетнай сям’і пануе мір і любоў. Дарэчы, пра любоў. Тут яна моцны падмурак. І не толькі ў адносінах бацькоў і дзяцей. Сапраўднае пачуццё захавалася паміж татам і маці. На думку дзяцей, любоў толькі тады мае сэнс, калі яна ахвярная, дзейсная. Гэтаму іх навучылі бацькі. Так Анатоль імкнецца дагадзіць Надзеі, а яна ў сваю чаргу імкнецца зрабіць больш шчаслівым мужа. Толькі дзеля яго яна надзене кофтачку, якая ёй зусім не падабаецца. А ён замест рыбалоўнай прылады купіць яе любімыя цукеркі. Крысціна ўспамінае выпадак, калi жаданне мамы і дзяцей разышліся. Недагаворанасць вылілася ў зацяжную спрэчку. Калі пра канфлікт даведаўся бацька, ён час дарма не губляў. Сабраў усіх дзяцей у адзін пакой, замкнуў за сабой дзверы. І прамовіў тое, на што дзецям сказаць не было чаго:

“Можа мама і не зусім мае рацыю, але я моцна яе люблю. І не хачу, каб яна хвалявалася. Зрабіце дзеля мяне тое, што яна просіць”.

“Бывае, яны паводзяць сябе як галубкі, а мы толькі смяемся, – распавядае Крысціна. Таксама мару мець вялікую сям’ю. Можа не настолькі (усміхаецца), але не адно дзіця – гэта дакладна”.

Галоўны сакрэт сямейнага шчасця бацькі тлумачаць проста. Кажуць, што шмат гадоў таму зрабілі выбар, пра які зусім не шкадуюць да гэтага дня: ісці за Богам і выконваць Яго волю. І ўжо на працягу трыццаці год Надзея і Анатоль аддана служаць Госпаду, а Ён, у сваю чаргу, уладкоўвае іх сумеснае жыццё. Дае сілы, фінансы і пасылае патрэбных людзей у патрэбны час:

“Бог верны верным. Застаецца толькі даверыцца Яму. І не забываць, што Яго думкі – не нашы думкі. І як неба вышэй за зямлю, так дарогі і думкі Бога вышэй за дарогі і думкі чалавека”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі