Rodnaj «Krynicy» ŭ Jaje ŭhodki

244b3-clip-66kb (1)21 кастрычніка газеце “Крыніца”, да пераемнасці якой імкнецца сайт Krynica.info, спаўняецца 98 гадоў. Выдавалася яна ў 1917-1940 гадах спачатку ў Петраградзе, затым часова ў Менску і, нарэшце, у Вільні. Газета выдавалася кірыліцай і лацінкай. У святочны час прадстаўляем вашай увазе матэрыял ад 29 кастрычніка 1926 года. Публікуем матэрыял на мове арыгіналу.

Rodnaj «Krynicy» ŭ 10-ja Jaje ŭhodki

10 hod minuła, jak naša «Krynica» poić nas čystaju žywoju wadoj rodnaha slowa.

Wybiłasia z pad ziamli tam dzieś u čužym, dalokim nadniewanskim chałodnym krai žywoju stužkaju i struiłasia na soncy čystaje świetłaje myśli pa čužych abšarach až dabiehła da rodnych bierahoŭ Wilii čaroŭnaj…

Najbolšyja marozy chałodnakroŭnych synoŭ Jaje nie zamarozili, najharačejšyja rewalucyjnyja wichry Jaje nia wysušyli, bo wypłyła z haračych i čystych hrudziej…

Praŭda, na swaim dziesiaciletnim biahu pryšłosia Joj prapłyć nie adnu brudnuju łužu, abmyć nie adnu razhniŭšuju ranu, – adnak zaŭsiody z najbolšaje niečyści j chaosu wynosiła swaje strujki čystymi-zdarowymi.

Pačała wychodzić pad ściaham Biełaruskaje Chryścijanskaje Demokracyi, i choć była wydawana ŭ časach wialikaha biazładździa, u katorym jaje čytačy hraźli, choć kruhom bušawali wichry pierawarotaŭ, źmienawiechaŭstwa i zdrady jana nie raspłyvasia i nie ŭhrazła ŭ ahulnym chaosie świetahladaŭ – ale wyniasła swaju idealohiju čystaju, niaźmiennaju.

Niaznačnyja adchiły ŭ lewa, ci ŭ prawa rabiła časam “Krynica” nia dziela addaleńnia ad mety, a dziela taho, kab jak najbolej zachapić parožnienych rodnych duš…

Niama na świecie ani krynic, ani rečak absalutna prostych – chiba-b byli nienaturalnyja…

Dyk źwiartajusia da Was usich, što nia raz rabili “Krynicy” zakidy – pakińcie biazpłodnuju i niasłušnuju krytyku!
Bo lohka skazać, što “Krynica” siańnia ŭžo nie “Krynica”, a niejkaja zbalšawielaja “sažałka”, alie wielmi trudna, nialohka pracadzić napływajučyja ŭ redakcyju čystyja pahlady, dumki i žadańnia ad ahulnaje muci siahońniešniaha pierawiernutaha da hary nahami świetu!

I najčyściejšaja kryničnaja wada zamucicca ad pramywańnia razhojenych ranaŭ…

Ale nie baimosia! “Krynica” nie zatrymajecca, jana žywaja, dyk papływie dalej i nowymi, žywymi, čystymi strujami, usio brudnaje zmyje i papływie na zdarowy i čysty šlach… i ŭ lustranaj hładzi swajej zaŭsiody adbiwacimie čystuju, pieknuju i zdarowuju dušu Bielarusa…

Dyk bližej, braty, bližej da rodnaje “Krynicy”!.. Chto abmycca, chto napicca, a chto nalubawacca saboju, skarej śpiašyma k Joj na zary narodnaha žyćcia našaha paśla prabudžeńnia… a

“Ty “Krynička” – wadzicu
Z žywatwornym lekam
Razsylaj miž Narodu:
Chaj žywie wiek-wiekam!
I čaroŭnaje zielle daj na ŭsie padački…
A nia słuchaj, što brešuć
Na ciabie sabački”. (K. Swajak)

Wasilok z nad Krynički

(Роднай «Крыніцы» ў 10-я Яе ўгодкі

10 год мінула, як наша «Крыніца» поіць нас чыстаю жывою вадой роднага слова.

Выбілася з пад зямлі там дзесь у чужым, далёкім надневанскім халодным краі жывою стужкаю і струілася на сонцы чыстае сьветлае мысьлі па чужых абшарах аж дабегла да родных берагоў Віліі чароўнай…

Найбольшыя марозы халоднакроўных сыноў Яе не замарозілі, найгарачэйшыя рэвалюцыйныя віхры Яе ня высушылі, бо выплыла з гарачых і чыстых грудзей…

Праўда, на сваім дзесяцілетнім бягу прышлося Ёй праплыць не адну брудную лужу, абмыць не адну разгніўшую рану, – аднак заўсёды з найбольшае нечысьці й хаосу выносіла свае струйкі чыстымі-здаровымі.

Пачала выходзіць пад сьцягам Беларускае Хрысьціянскае Дэмокрацыі, і хоць была выдавана ў часах вялікага бязладзьдзя, у каторым яе чытачы гразьлі, хоць кругом бушавалі віхры пераваротаў, зьменавехаўства і здрады яна не расплылася і не ўгразла ў агульным хаосе сьветаглядаў – але вынясла сваю ідэалёгію чыстаю, нязьменнаю.

Нязначныя адхілы ў лева, ці ў права рабіла часам “Крыніца” ня дзеля аддаленьня ад мэты, а дзеля таго, каб як найболей захапіць парожненых родных душ…

Няма на сьвеце ані крыніц, ані рэчак абсалютна простых – хіба-б былі ненатуральныя…

Дык зьвяртаюся да Вас усіх, што ня раз рабілі “Крыніцы” закіды – пакіньце бязплодную і няслушную крытыку!

Бо лёгка сказаць, што “Крыніца” сяньня ўжо не “Крыніца”, а нейкая збальшавелая “сажалка”, але вельмі трудна, нялёгка працадзіць наплываючыя ў рэакцыю чыстыя пагляды, думкі і жаданьня ад агульнае муці сягоньнешняга перавернутага да гары нагамі сьвету!

І найчысьцейшая крынічная вада замуціцца ад прамываньня разгоеных ранаў…

Але не баімося! “Крыніца” не затрымаецца, яна жывая, дык паплыве далей і новымі, жывымі, чыстымі струямі, усё бруднае змые і паплыве на здаровы і чысты шлях… і ў люстранай гладзі сваей заўсёды адбіваціме чыстую, пекную і здаровую душу Беларуса…

Дык бліжэй, браты, бліжэй да роднае “Крыніцы”!.. Хто абмыцца, хто напіцца, а хто налюбавацца сабою, скарэй сьпяшыма к Ёй на зары народнага жыцьця нашага пасьля прабуджэньня… а

“Ты “Крынічка” – вадзіцу

З жыватворным лекам

Разсылай між Народу:

Хай жыве век-векам!

І чароўнае зельле дай на ўсе падачкі…

А ня слухай, што брэшуць

На цябе сабачкі”. (К. Сваяк)

Васілёк з над Крынічкі)

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
21.10.2015 |




Блогі