Септуагінта

biblijaПаданне

Грэцкае паданне, у падмурку якога ляжыць псеўдаэпіграфічнае «Пасланне Арыстэя да Філакрата» (час знаходкі аркуша – прыкладна I ст. да н. э., час жыцця Арыстэя – прыкладна III ст. да н.э.), апавядае пра тое, што цар Пталямей II Філадэльф (285-246 г.г. да н. э.) пажадаў набыць Святыя Пісанні юдэяў у грэцкім перакладзе для сваёй знакамітай бібліятэкі ў Александрыі праз дапамогу юдэйскага першасвятара Элеазара. У адказ першасвятар даслаў цару семдзесят двух рабінаў-навукоўцаў. Гэтыя семдзесят два чалавекі, — кожны самастойна, працуючы ў асобнай келлі, — і павінны былі перакласці пяць кніг Торы, якія складалі найважнейшую частку юдэйскай Торы (Пяцікніжжа). Паводле самага позняга паддання, змешчагаша і ў Талмудзе, яны скончылі пераклады ў адзін і той жа час — усе атрыманыя тэксты гучалі абсалютна аднолькава. Пасля чаго пераклад і атрымаў сваю назву — Септуагінта ці «Пераклад сямідзесяці (кнігаў)».

Гісторыя гэтага першага перакладу Торы на не-габрэйскую мову зафіксаваная ў Талмудзе. Прынцыповае адрозненне ад старажытнагрэцкага падання палягае ў тым, што падступны цар Пталямей (званы на іўрыце Талмай) захацеў не набыць за грошы пераклад Торы, а наўпрост займець тэкст, якім бы ганарыліся падуладныя яму габрэі: прымусіў габрэйскіх рабінаў-паліглотаў перакласці Тору. Засцерагаючыся змовы паміж 72 рабінамі, ён спачатку змясціў кожнага ў асобную келлю, і толькі пасля гэтага, вязням былі растлумачаныя ўмовы і патрабаванні.

 

Гістарычны фон

Лічыцца, што аповед Арыстэя пра выкананы па замове грэцкага ўладара пераклад Пяцікніжжа ў Александрыі напачатку III ст. да н. э. не з’яўляецца прыдумкай, паколькі факты пацвярджаюцца і іншымі крыніцамі. Аднак мяркуецца, што ініцыятыва перакладу зыходзіла ад грэцкамоўнай александрыйскай габрэйскай грамады, якая мела патрэбу ў сваёй версіі Пяцікніжжа для набажэнстваў і вывучэння. У апошнія стагоддзі перад пачаткам новай эры ў Егіпце, асабліва ў Александрыі, заснаванай Аляксандрам Вялікім у 332 г. да н. э., пражывала шмат юдэяў. Яны размаўлялі на грэцкай мове, бо старажытнагабрэйскай мовай значная іх частка ўжо не валодала.

Арыстэй нічога не паведамляе пра пераклад іншых кніг Старога Запавету. Верагодна, гэтыя пераклады былі выкананыя ў пазнейшы час і завершаныя да 130 г. да н. э. (аўтар прадмовы да біблійнай «Кнігі мудрасці Ісуса сына Сірахава», які пісаў прыкладна ў той жа час, згадвае грэцкія пераклады ўсіх трох частак Танах: Торы, Прарокаў і Пісанняў). Назва «Септуагінта» была пасля перанесеная на ўвесь корпус старазапаветных грэцкіх тэкстаў, – як перакладзеных са старажытнагабрэйскай мовы, так і арыгінальных.

П. Э. Кале прапанаваў гіпотэзу аб тым, што Септуагінта была складзеная і адрэдагавана з вольных перакладаў Пісання на грэцкую мову, якія, паводле яго меркавання, у сваю чаргу мелі крыніцай вольныя пераклады на арамейскую мову. За перакладам Пяцікніжжа і кніг Позніх прарокаў паследваў пераклад гістарычных кніг МалыхПрарокаў у II ст. да н. э. Кнігі Пісання былі перакладзеныя асобна ў I ст. да н. э. ці нават пазней. Некаторыя даследчыкі лічаць, аднак, што ўсе кнігі Прарокаў былі перакладзены да канца III ст.; прынамсі, пераклад некаторых частак Пісання быў зроблены ўжо напачатку II ст. да н. э., бо ў пралогу кнігі Бэн-Сіраха (132 г. да н. э.) на грэцкую мову згадваецца наяўная на той момант версія «Закона, прарокаў і іншых пісанняў». Такім чынам, адна з рэдакцый поўнага перакладу Бібліі з іўрыту на грэцкую мову існавала ўжо ў самым пачатку I стагоддзя н. э.

 

Адрозненні Септуагінты і масарэцкай Бібліі

Септуагінта ўтрымлівае пераклад усіх кніг габрэйскага канону. Назвы некаторых з іх, а часам і парадак частак (асабліва ў Кнігі Яраміі), адрозніваюцца ад габрэйскіх; некаторыя кнігі маюць дадатковыя часткі (Кнігі Эстэр, Яраміі, Даніэля). У Септуагінту ўвайшлі таксама некаторыя некананічныя творы (Кнігі Юдыты, Кнігі Табіта, I і II Кнігі Макабейскія, Кнігі мудрасці Саламона, Бэн-Сіраха, Кнігі Баруха, I Кнігі Эсдры, III і IV Кнігі Макабейскія, Оды, Кнігі Псальмаў Саламона). Яны размешчаныя ў наступным парадку: закон, гісторыя, паэзія, прароцтвы.

 

Тэтраграматон у Септуагінце

Скураны скрутак Септуагінты пад назвай «Малыя прарокі» утрымлівае ў сабе фрагменты Кніг Ёны, Міхея, Навума, Абакума, Сафоніі і Захарыі. У гэтым скрутку тэтраграматон (יהוה) не быў перакладзены словам κύριος (Бог), а захаваны ў габрэйскім напісанні.

У тэксце Септуагінты імя Бога יהוהЯгвэ ў Кнізе Зыходу 3:14 перадаецца на старажытнагрэцкай як ο ων — літаральна: «Існы». Даслоўна ж фраза εγο ειμι ο ων     перакладаецца «Я ёсць Існы».

Доўгі час лічылася, што імя Бога יהוהЯгвэ не з’яўлялася ў Септуагінце ў форме тетраграматона, а было замененае грэцкімі словамі κύριος (Бог) і θεός (Бог). Падставай для гэтага служылі поўныя тэксты Септуагінты, якія змяшчаюцца ў рукапісах IV-V ст. н. э.: Ватыканскі кодэкс, Сінайскі кодэкс і Александрыйскі кодэкс. Але знаходкі, зробленыя ў пячорах недалёка ад узбярэжжа Мёртвага мора, аспрэчылі агульнапрынятае меркаванне. У выяўленых фрагментах скуранога скрутка, датаваных 50 годам да н. э.-50 годам н. э., якія ўтрымліваюць у сабе тэксты 12 Малых Прарокаў, тэтраграматон (הוהЯгвэ) з габрэйскага тэкста захоўваецца і ў грэцкім тэксце.

У папірусе Фуада (LXXP. FouadInv. 266), датаваным I ст. да н. э., які быў знойдзены ў Егіпце і ўтрымлівае тэкст Другазаконня ў перакладзе Септуагінты, імя Бога з’яўляецца ў выглядзе тэтраграматона (הוה), – ва ўсіх выпадках, дзе яно замененае словамі κύριος (Бог) і θεός (Бог) у пазнейшых копіях.

Пераемнік Рудольфа Кіттэля, Паўль Кале, спецыяліст па старажытнагабрэйскай мове, які працаваў над выданнем «BibliaHebraicaStuttgartensia», піша: «Адметнай асаблівасцю гэтага папірусу з’яўляецца тое, што імя Бога перададзена тэтраграматонам, напісаным квадратным габрэйскім пісьмом. Даследаваўшы па маёй просьбе апублікаваныя фрагменты гэтага папірусу, айцец Вакары прыйшоў да высновы, што дадзены папірус, напісаны, хутчэй за ўсё, прыкладна за 400 гадоў да Ватыканскага Кодэкса, утрымлівае, мабыць, самы дакладны тэкст Другазаконня ў перакладзе Септуагінты». Гэта пацвярджаецца каментаром аднаго з Айцоў царквы, Арыгена (II-III стагоддзі н. э.), да Псальма 2:2 з Септуагінты, які знаходзіцца ў працы Гексапла, завершанай прыблізна ў 245 годзе н. э.

І ў самых дакладных рукапісах ІМЯ сустракаецца напісаным габрэйскімі літарамі, аднак не сённяшнімі габрэйскімі літарамі, але найстаражытнейшымі.

Як вынік, у «Новым міжнародным тэалагічным слоўніку Новага Запавету» гаворыцца: «Нядаўнія тэкстуальныя адкрыцці выклікалі сумневы адносна ідэі, што складальнікі LXX (Септуагінты) перавялі тэтраграматон ЙГВГ (יהוה) словам «кірыёс» (κύριος (Бог)). Найстаражытнейшыя копіі перакладу LXXMSS (фрагменты), даступныя нам цяпер, утрымоўваюць тэтраграматон, напісаны ў грэцкім тэксце габрэйскімі літарамі. Пазней, у першых стагоддзях нашай эры, гэтай традыцыі прытрымваліся габрэйскія перакладчыкі Старога запавету».

Адным з такіх перакладчыкаў быў юдэйскі празеліт Аківа (עקיבה), які пераклаў Стары Запавет на грэцкую мову ў II ст. н. э. У гэтым перакладзе ён захаваў імя Бога ў форме тэтраграматона (יהוה). І мяркуючы па ўсім, такія пераклады з імем Бога на старажытнагабрэйскай мове існавалі да V стагоддзя н. э., калі святар і сакратар Папы Рымскага Еранім, перакладчык лацінскай Вульгаты, у прадмове да кніг Валадарстваў сказаў: «І мы знаходзім імя Бога, тэтраграматон (יהוה), у некаторых грэцкіх скрутках нават дагэтуль, намаляванае старажытнымі літарамі».

 

Значэнне Септуагінты

Ўспрыманне Септуагінты сучаснікамі было неадназначным. Для адных юдэйскіх супольнасцяў гэты пераклад набывае такое ж сакральнае значэнне, што і старажытнагабрэйскі арыгінал (псеўда-Арыстэй, Філон Александрыйскі), у той час як іншыя прынцыпова адпрэчваюць любыя пераклады святых тэкстаў (рабіністычная традыцыя).

У сукупнасці з Новым Запаветам Септуагінта стала Бібліяй Хрысціянскай Царквы. Менавіта гэтым перакладам карыстаюцца аўтары Новага Запавету і мноства пісьменнікаў патрыстычнай эпохі. Напрыклад, у Радаводзе Ісуса ў Евангеллі ад Лукі згадваецца Каінан, сын Арфаксада, згадкі пра якога няма ў габрэйскім тэксце, але ёсць у Септуагінце.

Усходняй Царквой Септуагінта лічыцца адным з самых аўтарытэтных тэкстаў Старога Запавету, хоць і не зацверджаным ў якасці афіцыйнага «кананічнага» тэксту, і мае тое ж значэнне, што і Вульгата ў Рымска-Каталіцкай Царкве. Як вынік, існуе значная колькасць спісаў Септуагінты: больш за 30 рукапісаў IV-IX ст.ст. і 350 рукапісаў IX-XV стст. Нядаўна былі знойдзеныя ўрыўкі Септуагінты на папірусе (прыблізна II-IX ст.ст.).

 

айцец Сяргей Сурыновіч для КРЫНІЦА.INFO

 

Літаратура

  • Alfred Rahlfs, Verzeichnis der griechischen Handschriften des Alten Testaments, für das Septuaginta-Unternehmen, Göttingen 1914.
  • Würthwein E. Der Text des Alten Testaments, Deutsche Bibelgesellschaft, Stuttgart, 1989.
  • А. А. Алексеев. Септуагинта и ее литературное окружение. – Богословские труды, 41, 2007, 212-259.
  • Rajak, Tessa, Translation and survival: the Greek Bible of the ancient Jewish Diaspora. Oxford; New York: Oxford University Press, 2009.

 

 

 

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
12.10.2014 | Тэгі: ,




Блогі