“Сямейная Рада”: Постабортны сіндром і рэальныя адказы на нялёгкія пытанні

00000136-d9d5-9abc-4aae-91dd925ec994

Тэма аборту ў наш час становіцца ўсё больш актуальнай і, калі можна так сказаць, усё больш балючай. Гучаць галасы як “за”, так і “супраць”, дэбаты становяцца ўсё больш вострымі.

Царква рашуча асуджае аборт, бо згодна з хрысціянскім вучэннем жыццё чалавека пачынаецца ад зачацця, таму аборт з’яўляецца забойствам, і забойствам тым больш жорсткім, што здзяйсняецца яно ў дачыненні да найбольш бездапаможнай істоты – ненароджанага дзіцяці.

Псіхалагічныя наступствы аборту выяўляюцца ў вельмі складаным наборы сімптомаў, які называецца “постабортны сіндром” (ПАС). Да яго звычайна адносяць пачуццё віны, якое з цягам часу можа перайсці ў агрэсію на сябе ці іншых (бацьку дзіцяці, лекара, родных), пачуццё крыўды, дэпрэсію, думкі аб самагубстве, парушэнні ў сэксуальнай і псіхаэмацыянальнай сферы і г.д.

Складанасць і разнастайнасць сімптомаў, якія звычайна адносяць да ПАС, тлумачыцца, па-першае, тым, што гэтая трагедыя закранае не толькі дзіця: яе ахвярамі становяцца таксама маці забітага дзіцяці, ягоны бацька, іх родныя, а таксама іх будучыя дзеці, якія народзяцца пазней, а па-другое – тым, што пералічаныя сімптомы могуць праяўляцца ў самых розных формах і працягвацца вельмі доўгі час. Насамрэч, без адпаведнай дапамогі (як псіхалагічнай, так і духоўнай) яны цалкам не праходзяць ніколі – іншая справа, што жанчына можа хаваць наяўнасць пералічаных пачуццяў і думак ад тых, хто навокал, і ад самой сябе.

Часта думка аб тым, што ўсе гэтыя людзі, акрамя дзіцяці, з’яўляюцца менавіта ахвярамі, а не забойцамі, выклікае неразуменне з боку іншых людзей. Падаецца, што такая віна не можа быць ні прабачана, ні забыта. Аднак сітуацыя значна больш складаная. Фізічна знішчаючы жыццё дзіцяці, аборт разбурае жыццё і іншых удзельнікаў гэтай трагедыі – жыццё як псіхічнае, так і духоўнае. З’яўляючыся, безумоўна, вельмі цяжкім грахом, ён разбурае сувязь чалавека з Богам, а пачуцці віны, сораму, агрэсіі, адзіноты, безвыходнасці вельмі ўскладняюць вяртанне чалавека да Бога, а таксама і да сябе самога, да сапраўднага супакою ў душы, да ўласнай чалавечнасці. Акрамя таго, аборт нясе, безумоўна, і фізічныя наступствы, разбураючы здароўе жанчыны, часта пазбаўляючы яе магчымасці пазней нараджаць дзяцей.

Значная частка пачуцця віны кладзецца таксама на партнёра жанчыны, які, стаўшы бацькам, не змог захаваць сваё дзіця. Неяк мне давялося каментаваць на адным форуме запыт адной дзяўчыны. Яна зацяжарыла ад хлопца, і, хаця той прапаноўваў ёй шлюб, пацвярджаў сваё бацькоўства і хацеў, каб дзіця нарадзілася, зрабіла аборт. А пазней звярталася да псіхолагаў з пытаннем: чаму адносіны з хлопцам разбураюцца, чаму ён больш не звяртае на яе ўвагі і наогул, як кажуць, ведаць яе не хоча? Аборт разбурае сувязі…

Мне б хацелася, аднак, звярнуць увагу на тое, якія пачуцці ляжаць у аснове аборту, вымушаючы жанчыну зрабіць яго.

Мне падаецца, што галоўным пачуццём тут з’яўляецца страх. Прычым не той страх, які перажывае дарослы чалавек у момант небяспекі, а вельмі глыбокі, дзіцячы страх перад жыццём. Малому дзіцяці жыццё і навакольны свет часта бачацца незразумелымі, яны палохаюць яго, таму што яно не можа ўплываць на іх, яшчэ не ведае законаў, па якіх свет “працуе”. Таму, трапіўшы ў цяжкае становішча, дзіця губляецца, не спрабуючы нават паспрабаваць знайсці выйсце з яго.

Паколькі “хваробай” нашага грамадства з’яўляецца вельмі шырока распаўсюджаны інфантылізм – калі людзі, сталеючы фізічна, не ўзрастаюць маральна, духоўна – гэты страх, страх невядомага, пранізвае іх, паралізуе.

Маладыя жанчыны, сутыкнуўшыся з нечаканай цяжарнасцю, часта трапляюць у палон такіх унутраных воклічаў: усё падаецца такім страшным, што нават немагчыма паставіць перад сабой канкрэтныя пытанні аб гэтай сітуацыі. Аднак менавіта канкрэтныя пытанні дапамагаюць нам знайсці выйсце і авалодаць жыццём. Напрыклад, вокліч “як жа я давучуся?!” можа стаць канкрэтным пытаннем: “Калі я хачу давучыцца, якія спосабы я маю ў маёй сітуацыі? Што я павінна зрабіць?” А ўжо на гэта можна шукаць канкрэтныя – часам нялёгкія, але рэальныя адказы. Тое самае можна сказаць аб іншых праблемах: пераўтварыўшы, напрыклад, вокліч “на якія грошы я буду жыць?!” у канкрэтнае пытанне, можна знайсці крыніцы дапамогі. Іншымі словамі, варта раздзяліць складаную сітуацыю на дробныя. Паўтаруся: гэта не значыць, што ад гэтага сітуацыя спросціцца і сама сабою ўладкуецца. Але яна перастане быць неабсяжнай, стане канкрэтнай і таму – вырашальнай.

Зразумела, канечне, што асноўнай апорай у складаных сітуацыях ёсць дапамога Госпада, які падтрымлівае і дае нам сілы, калі мы імкнёмся, нягледзячы на цяжкасці і страхі, ісці Божым шляхам.

Падрыхтавала Наталля Станкевіч

Наталля ў 2007 г. скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ і паступіла ў аспірантуру на факультэт філасофіі і сацыяльных навук. У 2012 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па сацыяльнай філасофіі. У 2011–2012 гг. прайшла прафесійную перападрыхтоўку ў маскоўскім Інстытуце псіхааналізу па праграме“Асновы псіхааналізу”. Працуе псіхолагам-кансультантам, распрацоўвае і праводзіць трэнінгі для сем’яў і моладзі. Замужам. Хрысціянка.

За асабістай кансультацыяй звяртайцеся праз пошту krynichka.info@gmail.com

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
13.10.2016 | Тэгі:




Блогі